Катынь: Замірэнне без даравання. 21.by

Катынь: Замірэнне без даравання

09.04.2010 01:47 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Польшча чакала шмат чаго ад катыньскіх урачыстасцяў. Аднак «прарыву» не адбылося, і справа тут не толькі ў адсутнасці «беларускага спісу». Піша Франц Чарнушэвіч.

Упершыню польскі ўрад выкарыстаў тыповы расейскі прыём — працягванне рукі дзеля замірэння двух народаў. Польшча гэтым разам сама запрапанавала Расіі «люльку міру», таксама, як калісьці гэта рабіла расейскае кіраўніцтва ў падобных выпадках. Вынік, аднак, аказаўся мізэрным — Расія прызнала злачынствы сталінскага рэжыму, а вось рыторыка расейскіх уладаў прымусіла задумацца пра характар таго прызнання.

Выступленне Пуціна здзівіла шмат каго з польскіх журналістаў, перад усім, тым, што катыньская справа паўстала як «прыватны выпадак» сталінскіх злачынстваў. Для паспалітага расіяніна гэткая логіка выглядае цалкам нармальна. Гісторыя СССР 30‑50‑х гадоў — гэта суцэльны крывавы клубок, у якім зліліся ахвяры Салаўкоў, Беламорканала, ГУЛАГа ды «лекары‑атрутнікі». Для жыхара Расіі фрагментарнае ўспрыманне ўласнай гісторыі XX стагоддзя немагчымае. А вось для Польшчы такі падыход зусім нармальны, бо ў яе гісторыі такіх падзеяў адбылося значна менш. Тое, што для аднаго пэрліна, для іншых — частка вялізных караляў. Аднак Польшча чакала ад расійскага прэм’ера не развагаў пра сталінскі рэжым, а простых словаў, якія шмат хто з нас прамаўляў у сваім жыцці — словаў прабачэння. Словы не прагучалі, але заява Пуціна пра тое, што нехта спрабуе «перакласці адказнасць на ўсю расейскую нацыю» прымушае паглядзець на мінулую акцыю з пункту гледжання еўрапейскай этыкі.

Можна сабе ўявіць, як бы гэта ўсё адбывалася, калі б тая Катынь знаходзілася у Нямеччыне. І можна не сумнявацца, што на мітынгу прагучалі бы словы пра агульную адказнасць немцаў за жахлівыя злачынствы фашысцкага рэжыму.

А як іначай упісаць агульнанацыянальны псіхоз немцаў у адносінах да Гітлера ў сучасны кантэкст? У кожным выпадку, незалежна ад таго, сталінскі рэжым альбо гітлераўскі, салазараўскі альбо піначэтаўскі, рэжым Пол Пота альбо Маа Цзэ Дуна, народ наканаваны дзяліць адказнасць з уладай. Народ адказны хаця б, таму што пакорліва маўчаў, пагаджаўся і не выказваў супраціву, дазваляючы, такім чынам, кожнаму рэжыму беспакарана забіваць і катаваць сваіх суродзічаў. Словаў пра агульную адказнасць патрабуе маральны кодэкс еўрапейца.

Мяркую, што ў прышласці не варта чакаць ад Пуціна словаў пра адказнасць усіх расіянаў за сталінскія злачынствы. Таксама як ад кожнага іншага прэм’ера альбо прэзідэнта Расеі. Каб пачуць словы пра супольную віну трэба змяніць расейскі светапогляд, згодна з якім дзяржава, як увасабленне ўлады — гэта рэч цалкам незалежная ад паспалітага жыхара, трансцэдэнтальная сіла, якая падпарадкоўваецца як не Богу, дык Космасу. Улада ў Расіі стагоддзямі дэманізуецца і абагаўляецца адначасова. Тым часам як у Еўропе яшчэ з часоў Русо дзяржава ёсць вынікам грамадскай дамовы і з’яўляецца своеасаблівым «абслугоўваючым персаналам», якога выбірае грамадства. Таму калі лідэры Расіі кажуць пра «злачынныя ўлады ды нявінны народ», яны кажуць пра гэта шчыра, бо для іх не існуе іншага тлумачэння. Калі ўлада не з’яўляецца прадуктам грамадства, дык чаму кожны новы кіраўнік мае несці адказнасць за папярэдніка. Словы «даруйце» да гэтай мадэлі не пасуюць. Вось тут і крыецца тая прорва, якая аддзяляе Еўропу ад Расеі. Яна дзеліць цывілізацыі і народы, аднак чамусьці тыя, каго дзеляць не заўсёды ў стане гэта зразумець.


Аўтар: Франц Чарнушэвіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Польшча чакала шмат чаго ад катыньскіх урачыстасцяў. Аднак «прарыву» не адбылося, і справа тут не толькі ў адсутнасці «беларускага спісу». Піша Франц Чарнушэвіч.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика