Ці могуць беларускія салдаты ваяваць за мяжой?. 21.by

Ці могуць беларускія салдаты ваяваць за мяжой?

23.04.2010 12:06 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларускае заканадаўства не замінае Беларусі ўдзельнічаць у вайсковых аперацыях, якія вядуцца з дазволу Рады Бяспекі ААН. І ўдзел у такіх місіях быў бы карысны. Піша Дзяніс Мельянцоў.

За апошні год некалькі разоў падымалася пытанне ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у аперацыях па‑за межамі Беларусі. За час дыскусіяў з нагоды ўдзелу ці няўдзелу Беларусі ў Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання АДКБ (КСАР АДКБ) грамадскасць нібыта прызвычаілася да таго меркавання, што ў адпаведнасці з заканадаўствам беларускія вайскоўцы не могуць удзельнічаць у баявых дзеяннях. Гэтак, адказваючы на пытанні журналістаў, прэсавага сакратара МЗС Андрэй Папоў адзначыў: «Што датычыць удзелу беларускіх вайскоўцаў у нейкіх «гарачых зонах», то, натуральна, гэта забаронена беларускім заканадаўствам. Гэтага не было і не будзе». Ці насамрэч гэта так?

На сёння ў беларускім заканадаўстве адсутнічае наўпростая забарона ўдзелу беларускіх узброеных сілаў у баявых дзеяннях за межамі Беларусі.

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, беларуская Канстытуцыя не ўтрымлівае такой забароны; ўзброеныя сілы згадваюцца ў ёй усяго два разы зусім у іншых кантэкстах, а пра вайскоўцаў гаворыцца толькі адзін раз у кантэксце забароны іх удзелу ў палітычных партыях.

Такога палажэння няма і ў Законе «Пра Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь», у ім толькі адзначана, што «Накіраванне вайскоўцаў за межы Рэспублікі Беларусь для выканання міжнародных абавязацельстваў дзяржавы, ўдзелу ў баявых дзеяннях і міратворчых аперацыях здзяйсняецца ў парадку, ўсталяваным заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь».

Што датычыць пагадненняў у межах АДКБ, то непасрэднай забароны на ўдзел беларускіх вайскоўцаў у аперацыях на тэрыторыі адказнасці АДКБ таксама не існуе. Аднак да Пагаднення пра статус фармаванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі ад 11 кастрычніка 2000 існуе агаворка беларускага боку, якая падкрэслівае, што «Накіраванне Ўзброеных Сіл і іншых войскаў Рэспублікі Беларусь на тэрыторыю іншых дзяржаў — удзельнікаў Дамовы пра калектыўную бяспеку, гэтаксама як і размяшчэнне і прымяненне ўзброеных сіл іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі, дапускаецца толькі паводле рашэння нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь». Пад гэтай агаворкай стаяць подпісы намесніка прэм’ер‑міністра У. Латыпава, дзяржсакратара Рады бяспекі В. Шэймана і тагачаснага міністра абароны А. Чумакова.

У лістападзе 2003 года быў прыняты закон «Пра парадак накіравання ваеннаслужачых,

асобаў кіроўнага і радавога складу органаў унутраных спраў, органаў фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў, а таксама грамадзянскага персаналу па‑за межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі (№ 254‑3)». Артыкул 2 гэтага закону ўтрымлівае вызначэнне дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі: «аперацыі па падтрыманні міра і іншыя меры, якія прадпрымаюцца Радай Бяспекі ААН у адпаведнасці са Статутам ААН, рэгіянальнымі міжнароднымі арганізацыямі, або ў межах рэгіянальных міжнародных арганізацыяў або пагадненняў Рэспублікі Беларусь, або на падставе двухбаковых і шматбаковых міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь, і якія не з’яўляюцца згодна Статуту ААН прымусовымі дзеяннямі», а таксама «міжнародныя прымусовыя дзеянні з выкарыстаннем узброеных сілаў, што здзяйсняюцца паводле рашэння Рады Бяспекі ААН, прынятаму ў адпаведнасці са Статутам ААН, для ліквідацыі пагрозы міру, парушэнняў міру або акта агрэсіі». Іншымі словамі, ў адпаведнасці з гэтым законам беларускія вайскоўцы маюць права ўдзельнічаць у любых аперацыях па падтрыманні міру і ў прымусовых дзеяннях (баявых аперацыях), якія прадпрымаюцца згодна з рашэннем Рады Бяспекі ААН.

Цікава адзначыць, што закон спасылаецца ў вызначэнні прымусовых дзеянняў на Статут ААН, аднак у самім Статуце адсутнічае дакладнае вызначэнне тэрміну «прымусовае дзеянне». Таксама падкрэслім, што ў адрозненні ад агаворкі да Пагаднення пра статус фармаванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі, якая згадвалася вышэй, закон «Пра парадак накіравання вайскоўцаў…» надзяляе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (а не нацыянальны сход) правам прымаць рашэнне пра накіраванне вайскоўцаў за межы краіны(Артыкул 5).

Аднак, Статут ААН, на які спасылаецца закон, не закранае права на індывідуальную і калектыўную самаабарону. Такім чынам, Беларусь у адпаведнасцю з артыкулам 4 Дамовы пра калектыўную абарону (ДКБ) павінна прадаставіць аб’екту замежнай агрэсіі «неабходную дапамогу, уключаючы вайсковую». Але той жа закон № 254‑3 у артыкуле 10 адмяняе прыняты ў 1996 годзе закон «Пра накіраванне вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і пракурорскіх работнікаў за межы Рэспублікі Беларусь для выканання міжнародных абавязацельстваў дзяржавы, удзеле ў баявых дзеяннях і міратворчых аперацыях». Адпаведна, з новага закону знікаюць паняцці «баявыя дзеянні» і «міжнародныя абавязацельствы». Асобнага закона, які б рэгуляваў удзел у баявых дзеянняў на чужой тэрыторыі, так і не з’явілася.

Такім чынам, атрымліваецца наступная сітуацыя: наўпроставай заканадаўчай забароны на ўдзел беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях па‑за межамі Беларусі не існуе (гаворка вядзецца не пра дзеянні ў адказ на ўзброены напад на Рэспубліку Беларусь — у гэтым выпадку дзейнічаюць іншыя нормы), аднак няма і заканадаўства, якое б вычарпальна рэгулявала ўдзел беларускіх вайскоўцаў у баявых аперацыях і выкананне міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў межах абарончых саюзаў.

Як бачым, недапрацаваная заканадаўчая база дае вялікую свабоду палітычнага манеўру. Пры наяўнасці дастатковай палітычнай волі, прэзідэнт Беларусі мае паўнамоцтвы паслаць вайскоўцаў для ўдзелу ў аперацыях па «падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі». Пры гэтым паняцце «падтрыманне міру» можа разумець вельмі шырока. Тым больш, што ў сучасных міжнародных адносінах існуе процьма прэцэдэнтаў вольнай трактоўкі тэрмінаў «міратворчасць» і «падтрыманне міжнароднай бяспекі» (да прыкладу, аперацыя Расіі ў Паўднёвай Асеціі або вайна кааліцыі на чале з ЗША супраць Іраку). А пры адсутнасці палітычнай волі або недастатковай падтрымцы з боку электарату заўсёды можна спаслацца на адсутнасць заканадаўчай базы, як тое мы назіралі пад час мінулагодняга крызісу з уваходам Беларусі ў КСАР АДКБ.

Хацелася б падкрэсліць, што такі стан рэчаў адбіваецца перадусім на расійска‑беларускіх адносінах, бо патэнцыйна блакуе ўдзел беларускіх узброеных сілаў у прымусовых аперацыях у межах АДКБ. Разам з тым, заканадаўства не замінае Беларусі ўдзельнічаць у вайсковых аперацыях, якія вядуцца з дазволу Рады Бяспекі ААН, такіх, напрыклад, як аперацыя ў Афганістане, або аперацыі ЕС у Афрыцы. Удзел беларускіх вайскоўцаў у такіх місіях варта прызнаць карысным як для падвышэння агульнай падрыхтаванасці і баяздольнасці Ўзброеных Сілаў Беларусі, гэтак і для падвышэння міжнароднага прэстыжу краіны і паляпшэння адносінаў з ЗША і ЕС.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускае заканадаўства не замінае Беларусі ўдзельнічаць у вайсковых аперацыях, якія вядуцца з дазволу Рады Бяспекі ААН. І ўдзел у такіх місіях быў бы карысны....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика