Віншуйце па‑беларуску!
28.04.2010 13:35
—
Разное
|
Мінскі дызайнер Раман Шык прапанаваў хіт сезону — беларускамоўныя паштоўкі.
Цікава, што на момант з’яўлення ідэі сам аўтар быў чалавекам рускамоўным. Аднак новы праект так захапіў Рамана, што ён пачаў вывучаць родную мову. І з журналістам гаварыў па‑беларуску. — Акрамя сваёй асноўнай працы дызайнерам па рэкламе, у свабодны час я люблю маляваць што‑небудзь вясёлае: коміксы альбо карыкатуры, — распавядае Раман. — Аднойчы мая знаёмая Аксана Бразевіч, майстар па манікюру, разглядала гумарыстычны часопіс з маімі малюнкамі. І раптам кажа: «Чаму б табе не паспрабаваць рабіць свае паштоўкі?» На гэта я адказваю, што таксама пра гэта думаў, але паштовак прадаецца вялікая колькасць на любы густ і будзе вельмі складана канкурыраваць з расійскімі выдавецтвамі, якія даўно захапілі беларускі рынак і так проста нікога туды не пусцяць. «А давай рабіць паштоўкі на беларускай мове. Іх нідзе няма», — прапанавала Аксана.Я задумаўся ўсяго на дзве‑тры секунды, а потым выгукнуў: «Ідэя — супер!» Нават за такі кароткі час паспеў уявіць аддзел паштовак у кнігарні і пакупнікоў, якія, перабіраючы дзесяткі розных рускамоўных паштовак, трапляюць на беларускую і адразу вырашаюць купіць менавіта яе. Ідэя настолькі захапіла мяне, што ўжо праз некалькі дзён я выйшаў з гарвыканкама, трымаючы ў руках пасведчанне індывідуальнага прадпрымальніка. Наступныя два месяцы быў заняты распрацоўкай і маляваннем паштовак. Нарэшце яны былі гатовыя. 16 розных відаў — увесь пачатковы асартымент. — Ты друкаваў іх на ўласныя грошы? — Так. Праз месяц забраў невялікі тыраж з друкарні і пайшоў па крамах прапаноўваць сваю прадукцыю на рэалізацыю. Большасць адразу згадзіліся. Бывала, пакуль паказваю дырэктару магазіна «тавар», усе астатнія супрацоўнікі збягаюцца: ім таксама вельмі цікава паглядзець на новыя беларускія паштоўкі, як на нешта неверагоднае.Усе настолькі прызвычаіліся да таго, што паштоўкі бываюць толькі на рускай мове, за выключэннем некалькіх з банальнымі «Віншую!» і «Са святам!» з фотаздымкамі кветак. Так паступова назбіраліся 23 гандлёвыя кропкі, у якіх мае паштоўкі прадаюцца.— І што, ніхто не адмаўляўся ад тваіх паштовак? — На жаль, ёсць некалькі прадаўцоў, якія ўпарта не хочуць супрацоўнічаць. Кажуць, у іх дастаткова пастаўшчыкоў. «Усе мае паштоўкі толькі на беларускай мове. Такіх яшчэ не было», — спрабую іх пераканаць. У адказ чую: «А нам все равно.» Але я не збіраюся здавацца — буду перыядычна рабіць ім прапановы зноў і зноў, пакуль не згадзяцца. А тым часам рыхтую новую партыю паштовак, якую вось‑вось аддам у друкарню. Планую паступова павялічваць асартымент, каб кожны чалавек мог знайсці патрэбную яму паштоўку па‑беларуску.Яўген Барсукоў, Салідарнасць Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінскі дызайнер Раман Шык прапанаваў хіт сезону — беларускамоўныя паштоўкі. |
|