Кім Ён Нам. 21.by

Кім Ён Нам

17.06.2010 13:49 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вайна на Карэйскай паўвыспе, якая пачалася 60 гадоў таму — 25 чэрвеня 1950 г. — фармальна дагэтуль яшчэ не скончылася. Піша Віталь Тарас.

Куля Dum‑dum і мяч Jabulani

Раз на 110 гадоў здараюцца якія‑небудзь выдатныя навукова‑тэхнічныя дасягненні. У 1900 г. англічане ўпершыню выкарысталі ў вайне з бурамі ў Паўднёвай Афрыцы разрыўныя кулі дум‑дум з надрэзам у выглядзе крыжа або полыя ўнутры. Гэтыя кулі выклікалі цяжкія раненні. Праўда, нямецкія вінтоўкі сістэмы «Маўзер», якімі карысталіся буры, былі больш дасканалымі…

Праз сто гадоў непрыемныя сюрпрызы ў Афрыцы — не на полі бітвы, але на футбольных палях — прыносіць мяч маркі Jabulani (па‑зулуску гэта значыць «святкаваць»). Японскі інжынер Такешы Асаі зрабіў з яго ідэальна роўную сферу, а гэта надае мячу, як ні парадаксальна, нестабільнасць у палёце. (Можна ўспомніць гол, прапушчаны англійскім варатаром Грынам ад амерыканцаў; і ў гэтым таксама ёсць нейкая таемная гістарычная справядлівасць). Радуе адно: перавага футбола па‑ранейшаму заключаецца ў тым, што вынік матча можа спрагназаваць меншасць. На гэтым трымаецца букмекерскі бізнес.

Праўда, ёсць варыянты з разраду неверагодных. Напрыклад: дзве карэйскія каманды наўрад ці перасякуцца ў рамках цяперашняга чэмпіяната ў ПАР — хіба што ў фінале першынства.

Але толькі адзін варыянт здольны нанесці максімальную шкоду і футбалістам, і менеджэрам, і гледачам ва ўсім свеце.

Гэта калі паміж дзвюма Карэямі пачнецца сапраўдная вайна.

З другога боку, варта памятаць, што вайна на Карэйскай паўвыспе, якая пачалася 60 гадоў таму — 25 чэрвеня 1950 г. — фармальна дагэтуль яшчэ не скончылася. А да тэмы сусветнага чэмпіянату па футболе мы яшчэ вернемся.

Сталіну было няёмка

У 1945 г. паўвыспа Карэя, анексаваная падчас Другой сусветнай вайны Японіяй, была падзелена на дзве часткі ўздоўж 38‑й паралелі — паміж СССР і ЗША. Дарэчы, як былыя ўдзельнікі антыгітлераўскай кааліцыі, за выняткам СССР, гэтак і краіны былой «восі» удзельнічаюць у гэтым чэмпіянаце свету.

СССР акупаваў паўночную тэрыторыю Карэі, ЗША — паўднёвую. У 1948 г. улада ў Паўночнай Карэі перайшла ў рукі Працоўнай партыі на чале з таварышам Кім Ір Сенам. Таварыш Кім папрасіў таварыша Сталіна дапамагчы яму авалодаць паўднёвай часткай роднай краіны. Але Сталін адказаў «не», бо не хацеў адкрытай канфрантацыі з ЗША. Аднак, у Мао Цзэдуна былі свае планы на будучыню: ён вырашыў, што з дапамогай вайны выб’е для Кітая неабходную яму савецкую ваенную тэхніку.

У студзені 1950 г. Сталін тэлеграфаваў праз свайго пасла Штыхава ў Пекіне, што ён (Сталін) «гатовы дапамагчы ў гэтай справе». Калі Кім прыехаў у Маскву з візітам, Сталін даў яму ясна зразумець — трэба «прымаць больш актыўныя захады для аб’яднання Карэі». Ёсць толькі адна ўмова:

Кім павінен цалкам пакласціся на Мао, «які цудоўна разбіраецца ў азіяцкіх справах».

Сталін патлумачыў, што паколькі СССР і ЗША звязаныя дэмаркацыйным пагадненнем у Карэі, яму «было б няёмка браць удзел у баявых дзеяннях», а вось Кітай такімі забавязаннямі не звязаны.

Зразумела, Мао і Кім пагадзіліся дзейнічаць супольна ў імя сусветнага камунізму.

За уз’яднанне карэйскага народа!

25 чэрвеня 1950 г. паўночнакарэйскія войскі перайшлі 38‑ю паралель. Рада бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю ў абарону Паўднёвай Карэі. Але прадстаўнік СССР у ААН Малік у той час байкатаваў пасяджэнні — нібыта таму, што месца Кітая ў ААН займаў Тайвань. Усе чакалі, што Малік вернецца і накладзе вета на рэзалюцыю. Але гэтага не адбылося. Сталін хацеў, каб Захад уцягнуўся ў вайну, а Савецкі Саюз заставаўся, нібыта, у баку.

Праз два дні прэзідэнт ЗША Трумэн заявіў, што пасылае войскі ў Карэю і адмаўляецца ад палітыкі неўмяшання адносна Тайваня. У сярэдзіне жніўня 1950 г. карэйскія камуністы захапілі 90% Паўднёвай Карэі. Але ўжо ў верасні амерыканскія войскі пад камандаваннем генерала Макартура высадзіліся ў Інчхоне ў раёне 38‑й паралелі і фактычна адрэзалі кімірсэнаўцаў ад поўначы. У адказ на адчайны заклік Кіма прыслаць дапамогу, Сталін напісаў Мао, што ён у адпачынку (хоць заставаўся ў Маскве) і прапанаваў свайму партнёру самастойна атакаваць амерыканцаў.

8 кастрычніка Мао пераназваў свае войскі ў «кітайскіх народных добраахвотнікаў», а сваіх бліжэйшых паплечнікаў Лінь Бяо і Чжоу Эньлая накіраваў да Сталіна дамаўляцца пра пастаўкі зброі. Сталін абяцаў самалёты. Мао вырашыў больш не чакаць і ўступіць у вайну — без Савецкага Саюза альбо з ім.

«Добраахвотнікі» Мао ў Карэі налічвалі 450 тысяч чалавек (у Кіма было ўсяго 75 тысяч), і ў снежні 1950 г. ім удалося адбіць у амерыканцаў Пхеньян. А ў студзені 1951 г. кітайцы занялі Сеул. Перад гэтым прэзідэнт Трумэн абвясціў па радыё надзвычайнае становішча ў ЗША (чаго не было з Другой сусветнай вайны).

Але кітайскі наступ хутка захлынуўся — страты былі проста нечуваныя.

За ўсю карэйскую вайну Кітай страціў каля 400 тысяч чалавек. Многія з іх проста змерзлі альбо памерлі з голаду. Акрамя таго, Мао і Кім дамагаліся ўсеагульнай прымусовай рэпатрыяцыі палонных. (Дзве траціны з амаль 22 тысяч кітайскіх палонных не хацелі вяртацца ў Кітай і выехалі на Тайвань).

У той самы час некалькі амерыканскіх афіцэраў «добраахвотна» перайшлі на бок «чырвоных», а потым доўга не маглі вярнуцца дамоў, дзе іх абвінавачвалі ў здрадзе. Дагэтуль невядомы лёс 60 тысяч палонных з Паўднёвай Карэі. Магчыма, некаторых з іх (калі нехта яшчэ жывы) дагэтуль трымаюць у сакрэтных лагерах у КНДР.

Паралельным курсам

Улетку 1952 г. Кім Ір Сен ужо быў гатовы здацца

— усе чыгункі і склады Паўночнай Карэі былі цалкам разбураныя амерыканскай авіяцыяй (Аперацыя мела кодавую назву «Мёртвая хватка»). Але Мао забараніў свайму сябру нават думаць пра гэта і паскардзіўся Сталіну.

Вось фрагмент пратакола афіцыйнай сустрэчы: (цыт. паводле кнігі Юн Чжана і Джона Халідэя «Невядомы Мао») «Сталін кажа пра амерыканскую тактыку — напалохаць. Але яны кітайцаў не запалохалі. Ці можна сказаць, што яны не запалохалі таксама і карэйцаў?

Чжоу Эньлай пацвярджае, што гэта ў асноўным выглядае так.

Сталін (з яўным скепсісам): «Калі гэта праўда, яно няблага».

Чжоу Эньлай дадае, што карэйцы крышку вагаюцца…У некаторай часткі карэйскіх кіраўнікоў назіраюцца нават панічныя настроі.

Сталін узгадвае, што яму аб гэтых настроях вядома і з тэлеграмы, якую паслаў Кім Ір Сен Мао Цзэдуну».

Тут цікава нават не столькі тое, што Кім панічна баяўся «старэйшых братоў» Мао і Сталіна, але тое, што многія карэйскія кіраўнікі ў самы гераічны, паводле афіцыйнай гісторыі КНДР, перыяд «вагаліся». Нават пад кіраўніцтвам любімага правадыра Кіма.

2 лютага 1953 года новаабраны прэзідэнт ЗША Эйзенхаўэр ўпершыню загаварыў пра магчымасць выкарыстання ядзернай зброі супраць Кітая. Мао гэтага толькі і чакаў, бо ён марыў завалодаць атамнай бомбай (з дапамогай Масквы, зразумела). Але Сталіна, які не хацеў дзяліцца з небяспечным спаборнікам ядзернай бомбай, такі варыянт не задавальняў.

28 лютага ён заявіў сваім памочнікам, што мае намер скончыць вайну ў Карэі. У тую ж ноч у яго здарыўся інсульт, і 5 сакавіка ён памёр. Цікава, што апошні дакумент, які ён чытаў — паведамленне пра няўдалы замах на югаслаўскага лідэра Ціта. (Магчыма, гэта магло навесці Сталіна і на пэўныя нехарошыя думкі пра Мао).

Ні міру, ні вайны альбо ўсеагульны эпілог

Цікава і тое, што 8 ліпеня 1994 г. Кім Ір Сен быў знойдзены ў сябе ў кабінеце мёртвым — з кампраметуючымі дакументамі, датычнымі ягонай ролі ў карэйскай вайне, якія тагачасны расійскі ўрад намерваўся апублікаваць.

Перамір’е на Карэйскай паўвыспе было падпісана 27 ліпеня 1953 года. Але не мір! Паводле нядаўніх падзей на Карэйскай паўвыспе — патапленні ваеннага паўднёва‑карэйскага карабля «Чханан», істэрыцы афіцыйнага Пхеньяна і яго абяцаннях у любы момант усчаць ядзерную вайну, а таксама звышасцярожных паводзінах Масквы і Пекіна, за мінулыя 60 гадоў у свеце не так шмат і змянілася.

Няма Сталіна, Мао, Кім Ір Сена. Але іх нашчадкі — не фізичныя, дык ідэйна‑палітычныя, жывуць і працвітаюць.

На пачатку 2010 года суадносіны сіл у Карэе паводле firepower.com выглядалі так:

Паўд.Карэя (каля 4500 км2) Паўн. Карэя (каля 4700 км2)

687 тыс. жаўнераў / 1170 тыс. жаўнераў

1060 танкаў / 3500 танкаў

1040 самалётаў / 2390 самалётаў

ядзерныя баягалоўкі 0 / ядзерныя баягалоўкі 10

Агульныя выдаткі на ўзброеныя сілы: Паўд. Карэя — $25,5 млрд; КНДР — $5,5 млрд;

І яшчэ некалькі лічбаў. Гульцы зборнай КНДР, паводле Newsweek, каштуюць 67,3 мільёна даляраў. Самы дарагі гулец Чен Тхэ Со з японскага клуба «Кавасакі» — 62,5 млн., астатнія — з клубаў «25 красавіка», «Растоў» (Расія) прыкладна аднолькава — па 60 —60,5 млн. (Варта ўлічыць, што сярэдняя зарплата рабочага ў КНДР — 3‑4 тысячы вон, гэта крыху больш за 1,5 еўра; кілаграм рыса там каштуе 200 вон, свініны — 2000;)

Для параўнання: зборная Іспаніі (стартавы склад) каштуе 405 мільёнаў даляраў. Newsweek не прыводзіць лічбы, колькі каштуюць гульцы зборнай Паўднёвай Карэі. Трэба думаць, што яны атрымліваюць больш за сваіх паўночнакарэйскіх братоў. Але мы ведаем, што гэта нічога можна не значыць. Здолела ж зборная Іспаніі прайграць зборнай Швейцарыі.

Мы ведаем, мяч маркі Jabulani можа вырвацца з рук.

А куля з нарэзкай ці пустая ўнутры, патрапіўшы ў цела, пачынае ў ім куляцца…

Віталь Тарас

Кім Ён Нам - старшыня прэзідыюма Вярхоўнай народнай рады КНДР, намінальны кіраўнік дзяржавы, 1928 г. нар.; Супадзенне імя і выразу выпадковае.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вайна на Карэйскай паўвыспе, якая пачалася 60 гадоў таму — 25 чэрвеня 1950 г. — фармальна дагэтуль яшчэ не скончылася. Піша Віталь Тарас.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика