Пралог, не эпілог. 21.by

Пралог, не эпілог

15.08.2010 20:10 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Існуе ўстойлівае ўяўленне, што Украіны дзве. Добрая — усходняя і злая — заходняя. Або наадварот: тая злая, а тая добрая. Што ёсць такая Галіцыя, дзе нарадзілася і адкуль пайшло гэтае «зло» ці гэтае «дабро» — украінскі нацыяналізм, украінства. Стварылі яго ці то палякі, ці то немцы-аўстрыякі, каб расчляніць адзіны рускі народ. На самой жа справе (і беларусам гэта карысна ведаць таксама) калыска ўкраінскага адраджэння — Расія, Санкт-Пецярбург.

Менавіта там Іван Катлярэўскі выдаў у 1798 годзе сваю «Энеіду, на маларасійскі лад пераробленую», якая была ўзорам для нашай «Энеіды навыварат». Украінскую «Энеіду» пераклаў на беларускую мову Аркадзь Куляшоў, за што яму надалі званне заслужанага дзеяча культуры УССР. Творчасць Катлярэўскага паклала пачатак украінскай літаратурнай мове, у аснову якой была пакладзеная палтаўская гаворка.

Такім чынам, сучасная ўкраінская мова — з’ява ўсходняя, а не заходняя.

У 1846 годзе Мікалаем Кастамаравым была складзеная «Кніга Быцця ўкраінскага народа», дзе пракламавалася адрознасць гістарычнага лёсу Украіны ад Польшчы і Расіі і прапаноўвалася стварэнне федэрацыі славянаў са сталіцай у Кіеве.

Тое, што ўкраінскі нацыяналізм з’явіўся на Усходзе, у падрасійскай Украіне, натуральна. Менавіта шчыльны кантакт са старэйшым братам, знаёмства з яго дэспатычнымі метадамі спараджала пачуццё адрознасці і адчужанасці.

На захадзе складаней. Галіцка-Валынскае княства некалі было адным з самых моцных усходнеславянскіх утварэнняў. Яно супернічала з ВКЛ і падтрымлівала сувязі з Еўропай. Князь Даніла Галіцкі атрымаў ад Папы тытул караля і каранаваўся ў Драгічыне-над-Бугам. Аднак у ХIV стагоддзі Галіччына адышла да Кароны Польскай.

Калі гэтая тэрыторыя пасля падзелаў Рэчы Паспалітай была далучаная да Аўстрыі, яе найвышэйшае саслоўе было ўжо спаланізаванае. Сяляне знаходзіліся ў становішчы прыгонных. Мясцовую, русінскую свядомасць захоўвалі толькі ўніяцкія святары і частка драбнейшай шляхты. Свядомасць тая, аднак, была досыць неакрэсленай і супярэчлівай.

Русінскія інтэлігенты друкавалі свае творы на так званым «язычыі», сумесі ўкраінскіх, царкоўнаславянскіх і расійскіх словаў, а ў побыце гаварылі па-польску.

У 1836 годзе пад уплывам творчасці Тараса Шаўчэнкі Маркіян Шашкевіч, уніяцкі семінарыст, выступіў з заклікам звярнуцца да мовы народа. Падчас рэвалюцыі 1848 году ўзнікла «Галоўная руская рада», якая першая дэкларавала тоеснасць русінаў і ўкраінцаў Расіі. Адначасова з’явілася масквафільская плынь, якая настойвала на выкарыстанні расійскай літаратурнай мовы і арыентавалася на Пецярбург. Падобныя працэсы можна назіраць і на ўсходзе: Гогаль, Шаўчэнка.

Існаваў таксама, праўда, нядоўга, паланафільскі кірунак, прыхільнікі якога вызначалі русінаў як палякаў усходняга абраду.

Супярэчнасці паміж масквафіламі і ўкраінафіламі ўзрасталі па меры ўзмацнення вялікадзяржаўнай расійскай палітыкі. Так,

масквафілы салідарызаваліся з расійскім шавінізмам, выступалі супраць украінскага і беларускага нацыянальнага руху як польскай інтрыгі. Яны, у прыватнасці, выдалі пасквіль супраць Францішка Багушэвіча. Гэта быў адзіны прыжыццёвы друкаваны водгук на творчасць бацькі нашага адраджэння.

Масквафільства ўсё больш ператваралася ў кансерватыўны, рэтраградны рух.

Украінафільства дэманстравала культурны рост і жыццяздольнасць, прыкладам чаго з’яўляецца творчасць Івана Франка.

Украінскі даследчык Яраслаў Грыцак піша: «Нават калі б украінская кніжная ды газетная прадукцыя абмяжоўвалася адным Франком, не трэ было б лепшага доказу існавання ўкраінскай нацыі… Ён пакінуў па сабе каля 4500 твораў — аповесцяў, апавяданняў, вершаў, перакладаў, навукова-публіцыстычных артыкулаў, рэцэнзіяў. Гэта роўна ў чатыры разы перавышае ўсю прадукцыю руска-ўкраінскай інтэлігенцыі… да году яго нараджэння». Постаць І. Франка, яго біяграфія — таксама найлепшае абвяржэнне міфаў аб антырасійскім паходжанні ўкраінскага руху на Галіччыне. «Мы ўсе — русафілы», — казаў паэт.

Народ Расіі ён называў волатам, прадказваў яму вялікую будучыню. Адмоўна ён ставіўся хутчэй да палякаў.

Адама Міцкевіча лічыў паэтам здрады, негатыўна ацэньваў паўстанне 1863 году, пратэставаў супраць паланізацыі львоўскай тапанімікі.

Пры гэтым самае вялікае каханне ў яго жыцці было да полькі Рэгіны Жураўскай. Ёй прысвечаны шэдэўр украінскай лірыкі «Апалае лісце», перакладзены на расійскую мову Ганнай Ахматавай.

Антыпольская пазіцыя І. Франка прыводзіла да канфлікту з аўстрыйскімі ўладамі, бо Вена зыходзіла з таго, што «русіны могуць існаваць настолькі, наколькі ім дазваляюць палякі» (Франц-Ёзэф).

Франко так і не атрымаў месца ў Львоўскім універсітэце, у той час як лідэр галіцыйскіх масквафілаў Якаў Галавацкі быў там рэктарам. Вакол Франка фармуецца радыкальная ўкраінская партыя, сябар якой Юльян Бачынскі выдаў у 1895 годзе працу «Незалежная Украіна», якая ацэньваецца сённяшнімі ўкраінскімі даследчыкамі як «адна з тых цаглін, што варта ўзяць за аснову дзяржаўнага будаўніцтва Украіны, творча выкарыстаць падчас фармавання ўкраінскай дзяржавы ў сучасных умовах» (А. Яртысь).

Ідэю Бачынскага развіў расійскі падданы Мікола Міхноўскі. У надрукаванай у 1900 годзе ў Львове брашуры «Самастойная Украіна» ён выказваўся за «адзіную, незалежную, непадзельную Украіну» ад Карпат да Каўказа.

Да ідэі ўкраінскай аўтаноміі адмоўна ставіліся і Пецярбург, і Вена.

Аднак у Аўстрыйскай імперыі, у меншай ступені ў Закарпацці, якое уваходзіла ў склад Вугоршчыны, склаліся больш спрыяльныя ўмовы для ўкраінскай дзейнасці. Тут украінскае слова, прынамсі, не забаранялі, і, як адзначае беларуска-чэшскі даследчык Яраслаў Шымаў, «удзел у палітычным жыцці Аўстра-Венгрыі на ўзроўні рэйхсрату (аўстрыйскага парламенту. — У.Ш.) соймаў Галіцыі і Букавіны, органаў мясцовага самакіравання дазволіў прадстаўнікам украінскага нацыянальнага руху і іх электарату набыць каштоўны палітычны досвед».

На Захад эмігравалі з Расійскай імперыі гісторык Міхайла Грушэўскі, палітык Міхаіл Драгаманаў, дзядзька Лесі Украінкі, публіцыст Зміцер Данцоў. Ім належыць выключная роля ў пашырэнні ўкраінскай свядомасці на Галіччыне, а таксама ў Букавіне, Закарпацці.

Драгаманаў пісаў: «расійскія ўкраінцы ўступаюць у больш цесныя сувязі з аўстрыйскімі, з’яўляюцца ў Букавіне і Вугорскай Русі (Закарпацці), дзе раней не ступала нага украінафіла, ствараюцца ўкраінскія бібліятэкі ў Вене, у Чарнаўцах, заносяць шматлікія ўкраінскія кнігі… дзе раней іх ніхто не бачыў».

Такім чынам, у працэсе нацыябудаўніцтва хутчэй усход уплываў на захад, а не наадварот. Масквафілаў рост украінства хваляваў. Дзеля барацьбы з ім яны не спыняліся перад хаўрусам з палякамі. Аднак галоўным спонсарам масквафілаў заставаўся Пецярбург. Як зазначае сучасны расійскі гісторык Аляксей Мілер, ад масквафілаў чакалі не столькі «пашырэння рускага ўплыву ў Галіцыі, колькі супрацьдзеяння ўкраінафільству ў Паўднёва-Заходнім краі… Планы анексіі Галіцыі ніколі не знікалі з парадку дня ў Пецярбургу».

З пачаткам Першай сусветнай вайны расійская армія ўдарыла па Галіччыне. Мікалай Другі быў урачыста абвешчаны царом «усяе Русі». Расійскае панаванне ў Галіцыі было адзначанае жыдоўскімі пагромамі і пераследам украінскай інтэлігенцыі ды грэка-каталіцкае царквы.

Неўзабаве аўстрыйцы перайшлі ў контрнаступ і зноў занялі Галіцыю. Цяпер пачаўся пераслед масквафілаў, якіх накіроўвалі ў адмысловы лагер Тэрэзін.

Гэта не значыць, што палітыка Аўстрыі стала праўкраінскай. У 1916 годзе быў прыняты германа-аўстрыйскі маніфест аб аднаўленні Каралеўства Польскага. Яшчэ раней імператар Франц-Ёзэф абвясціў аб аўтаноміі Галіцыі без падзелу яе на нацыянальныя акругі. Гэта было на карысць палякам і выклікала незадаволенасць украінцаў.

Шмат галічан рушыла на ўсход, дзе ўкраінафілы папаўнялі войскі УНР, а масквафілы — белую армію.

Потым было абвяшчэнне Заходне-Ўкраінскай Рэспублікі, знішчанай палякамі, палітыка «пацыфікацый» на «крэсах усходніх», часткай якой быў сумнавядомы лагер у Картуз-Бярозе. Барацьба паміж АУН і КПЗУ (у апошнюю ўвайшла і частка малодшага пакалення масквафілаў, якія змянілі праваслаўе і цара-бацюхну на марксізм і Сталіна). Нямецкая акупацыя, пасляваенны антысавецкі супраціў.

Кожная з гэтых тэм вартая асобнага разгляду. Пакуль жа зазначым наступнае. Украінскае адраджэнне на Галіцыі было народным і нацыянальным па сваіх каранях і развівалася не ў супраціве Ўсходу, а ў цесным узаемадзеянні.

Тое, што менавіта Галіччына стала сёння цэнтрам украінскай свядомасці, тлумачыцца больш спрыяльнымі, цывілізаванымі ўмовамі, у якіх развівалася тут украінская грамадзянская супольнасць.

Тым жа, хто дагэтуль лічыць украінства штучнай, занесенай звонку з’явай, адказам будуць вядомыя радкі вялікага каменяра — І. Франка:

Які я дэкадэнт? Я сын народа,
Што ўгору йдзе, хоць быў замкнёны ў лёх.
Мой лозунг: праца, шчасце і свабода,
Я ўвесь мужык, пралог, не эпілог.

Падзяліцца навіной: 
Усяслаў Шатэрнік

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Існуе ўстойлівае ўяўленне, што Украіны дзве. Добрая – усходняя і злая – заходняя. Або наадварот: тая злая, а тая добрая. Піша Усяслаў Шатэрнік.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика