Беларусь запаведная. Дзякуючы фотаздымкам гэтага чалавека шмат хто адкрыў для сябе неверагодныя куточкі роднай краіны. 21.by

Беларусь запаведная. Дзякуючы фотаздымкам гэтага чалавека шмат хто адкрыў для сябе неверагодныя куточкі роднай краіны

25.08.2010 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Беларусь запаведная. 
Дзякуючы фотаздымкам гэтага чалавека шмат хто адкрыў для сябе неверагодныя куточкі роднай краіны.

Вячаслаў Іосіфавіч Алешка прайшоў шлях ад простага рабочага да намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ёсць у яго паслужным спісе і дырэктарства ў адной з самых вялікіх навуковых экалагічных устаноў — Беларускім навукова-даследчым цэнтры “Экалогія”. Зараз ён пенсіянер і “вольны мастак” і нарэшце можа спаўна аддацца свайму захапленню, якое нарадзілася яшчэ ў маладосці і шмат у чым вызначыла яго жыццёвы шлях. Гэтае захапленне — фатаграфія.

— Мая першая фотавыстава прайшла ў 1980 годзе ў мінскім кінатэатры “Партызан”, — расказвае Вячаслаў Іосіфавіч. — На той момант гэта былі першыя каляровыя фотаздымкі, выстаўленыя на планшэтах. Вядома, яны выклікалі цікавасць гледачоў, якім адразу ж палюбіліся стыль і творчая манера фотамастака. Адна за адной выйшлі яго восем кніг пра падарожжы і прыроду былога Саюза. Першы альбом “Спатканне з лесам” з’явіўся яшчэ ў сярэдзіне 1980-х і двойчы перавыдаваўся небывалым і для таго, і для цяперашняга часу тыражом у 90 тысяч паасобнікаў. А на стварэнне наступнага Вячаслава Алешку натхніў і даў параду не хто іншы, як Уладзімір Караткевіч. Каб абмеркаваць будучую кнігу, Уладзімір Сымонавіч знарок прыехаў на сустрэчу з фотамастаком у тагачасны Прыпяцкі запаведнік. — Вячаслаў, я купіў аж пяць тваіх кніг, — сказаў Алешку Караткевіч. — І, ведаеш, быў уражаны, што ў нас на Беларусі з’явіўся такі вандроўнік. — Пісьменнік трохі памаўчаў, а пасля з усмешкай дадаў: — Толькі скажы, навошта табе тая Калыма?Тады над гэтым пасмяяліся, а калі пачалі гаварыць пра будучую кнігу, Караткевіч засумняваўся: “Няўжо ты думаеш, што зможаш напісаць фотааповесць пра дзікую прыроду Беларусі? Гэта ж неймаверная праца! Але калі зробіш гэта — табе можна будзе помнік паставіць!”Той наказ класіка Вячаслаў Алешка захаваў у сваёй памяці надоўга. Ён і да гэтага не расставаўся з фотаапаратам, а некаторыя, асабліва моцныя ўражанні ад хараства роднай прыроды, памятае яшчэ з дзяцінства. Праўда, яны не заўсёды былі светлымі і бесклапотнымі....Случчына. Суровая ваенная зіма. Навакольныя вёскі выпалены фашыстамі, а жыхары маленькай лясной Хінолаўкі хаваюцца ў лесе, у партызанскіх зямлянках. Славіку Алешку — усяго тры гадкі. Стаіць траскучы мароз, але босы хлопчык выбягае за дзверы, каб пабачыць заснежаныя елкі... Малюсенькая зямлянка туліцца да яліны, уздоўж якой падымаецца, паступова рассейваючыся, дымок ад печы. А на галінах, прыціснуўшыся адна да адной, у яго слабым цяпле грэюцца хатнія куры з абрэзанымі крыламі... Тыя стромкія беласнежныя елкі дагэтуль быццам стаяць перад вачыма чалавека, які вось такой памятае вайну. Многа пазней, будучы дарослым, Вячаслаў Алешка не раз адлюстраваў гэты яркі вобраз дзяцінства ў сваёй творчасці — фатаграфічнай і літаратурнай, у шматлікіх фотаздымках і кнізе “Стратэгія пошуку”, прысвечанай партызанам-героям. З успамінаў і ўражанняў ад многакіламетровых вандровак нарадзіўся другі альбом фотамастака В.Алешкі. Фотааповесць аб дзікай прыродзе Беларусі далася нялёгка — зараз яе аўтар і сам узгадвае тую “эпапею”, як цэлы подзвіг... І, нарэшце, — “Беларусь запаведная”... Вячаслаў Алешка на самай справе ўздоўж і ўпоперак абышоў запаведныя куточкі радзімы: нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі для яго — што ваколіцы роднай вёскі, дзе ведаеш кожную сцяжынку. Яго калегі часам дзівіліся: калі ж ён фатаграфуе? Мы, маўляў, ніколі не бачылі, як ты здымаеш! А здымае фатограф двойчы: спачатку вачыма — назіраючы і запамінаючы, і ўжо пасля фотаапаратам — знарок прыязджаючы на заўважаную мясціну і працуючы там яшчэ і яшчэ, аж пакуль не дасягне чаканага выніку...Дарэчы, многія каштоўныя серыі фотаздымкаў моцна зацікаўленаму фатаграфіяй “дзяржаўнаму чалавеку” ў свой час дапамаглі ажыццявіць менавіта працоўныя камандзіроўкі. Так, падчас паездак на экалагічныя форумы ў афрыканскі Найробі (Кенія) Вячаслаў Алешка здолеў у падрабязнасцях вывучыць найбагацейшую прыроду тамтэйшых нацпаркаў, якія прасціраюцца на тысячы кіламетраў у розныя бакі. Сланы і жырафы, львы і бегемоты, аўтэнтычныя афрыканскія плямёны — гэта ўсё зафіксавана на фотастужку нястомнай рукой вандроўніка. Пасля першых “камандзіровачных” паездак  ён ужо ладзіў уласныя, спецыяльныя “вылазкі” ў Афрыку — па Егіпце, Марока і зноў па Кеніі, якая адразу ўразіла вельмі моцна.Але як ні вабілі далёкія падарожжы, прырода Беларусі ўсё роўна была на першым месцы — што ў галаве (чытай — на працы), што ў сэрцы (чытай — у творчасці). Больш за дваццаць гадоў адпрацаваў Вячаслаў Алешка ў прыродаахоўных установах, на кіруючых пасадах, працаваў нават у камандзе Пятра Машэрава. А пасля — бываюць жа такія супадзенні! — на вуліцы Машэрава жыў... Ды толькі адчуўшы, што душа неадольна просіцца на прасторы палёў ды лясоў, пакінуў сталіцу, стаў вяскоўцам і аб гэтым ні кропелькі не шкадуе: “Я і адсюль, з вёскі, магу даехаць куды заўгодна. Але ці можна параўнаць гарадскую кватэру з уласным домам: тут у мяне ёсць усё для вольнага жыцця і творчасці. Ёсць і выставачная галерэя на другім паверсе: там я захоўваю ўсю сваю калекцыю фотаздымкаў, там яе могуць паглядзець людзі, якія мяне наведваюць”.Здымкі, якія Вячаслаў Алешка робіць у апошні час, друкуе на рэдкім для фатаграфічных твораў носьбіце — палатне. У выніку атрымліваюцца ўнікальныя карціны. Іх сярэдні памер — 70х90 — дазваляе, па-першае, быць твору выразным і заўважным, а па-другое, можа быць цудоўным аздабленнем любога інтэр’ера.Якраз апошняе стала вырашальнай прычынай таго, чаму аж 70 палотнаў з фотатворамі Вячаслава Алешкі будуць днямі выстаўлены ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Менавіта гэтай падборкай твораў яшчэ падчас сакавіцкай выставы ў гістарычным музеі ў Мінску зацікавіліся ў Мінпрыроды. І запрашэнне да ўдзелу ў экафоруме Вячаслаў Алешка атрымаў яшчэ тады.Выстава завецца гэтаксама, як і апошні фотаальбом майстра — “Беларусь запаведная”. Есць задума правезці яе па розных куточках Беларусі. Калі намер гэты здзейсніцца, будзе цудоўна, — дзеліцца радасцю аўтар. — Але і зараз у мяне шмат планаў: не здраджваючы ўлюбёнай тэме, я зацікавіўся яшчэ і гістарычнай, архітэктурнай тэматыкай...” А гэта значыць, што наперадзе — зноў новы пошук, новыя здзяйсненні.Толькі невялікай часткай сваіх мінулых “адкрыццяў і здзяйсненняў” Вячаслаў Іосіфавіч падзеліцца з гарадзенскімі гледачамі: усяго ж у яго архіве захоўваюцца тысячы спыненых імгненняў. І самае галоўнае: пасля сваёй вандроўкі па Беларусі выстава вернецца... не, не да аўтара, а да сёлетняга віноўніка экалагічнага свята — да Міністэрства прыродных рэсурсаў. Падчас экалагічнага форуму Вячаслаў Алешка ўрачыста перадасць экспазіцыю “Беларусь запаведная” ў дар міністэрству-юбіляру.— Пакуль я бачу, я працую, здымаю, пішу, — дзеліцца разважаннямі фотамастак. — Пішу кнігі і дзённікі, чытаю і аналізую творы Паустоўскага, Забалоцкага, Ясеніна. І дзіўлюся: гэтыя людзі валодалі непераўзыдзеным мастацтвам бачыць прыгажосць...А мне падумалася: гледзячы на светлыя і ўрачыстыя, кранальныя і жыццесцвярджальныя фотаздымкі з альбомаў Вячаслава Алешкі, нельга не пагадзіцца, што гэткім жа мастацтвам — толькі з уласнага ракурсу — валодае і ён сам. Іначай — ці можна было зрабіць тое, што зроблена? Сталы і знаны майстар і сёння вучыцца ў прыроды, бо лічыць, што “няма нічога больш дасканалага за яе. Толькі здымаць трэба з веданнем справы і, вядома, з любоўю”. Ці ж можна з ім не пагадзіцца?

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вячаслаў Іосіфавіч Алешка прайшоў шлях ад простага рабочага да намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ёсць у яго паслужным спісе і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика