Бункер анты-Сталіна
24.11.2010 14:50
—
Разное
|
Вітаўтас і Берутэ ў сваёй падпольнай друкарні пад басейнам выдалі 23 кнігі накладам у 138 тысяч асобнікаў. Пад Каўнасам, на беразе ракі Нерыс, ёсць узгорак. На ўзгорку стаіць дом. У доме жывуць Вітаўтас Андзюліс і яго жонка Берутэ Андзюлене. Бетонная сцяна адкрывае ўваход у залу партызанскай славы. Вітаўтас Андзюліс у сваім Музеі друкарскай справы. Берутэ Андзюлене. Вітаўтас -- тыповы літовец. Высокі, жылісты, энергічны мужчына васьмідзесяці гадоў. Назваць яго старым не паварочваецца язык, жыццёвая сіла адчуваецца ў ім на адлегласці. У яго вялізны дом з масай прыбудоваў, аранжарэя, сад, хлеў, гараж. Суседзі прывыклі бачыць яго з тачкай у руках ад рана да рана. Нават калі мы прыехалі ў госці, ён важдаўся дзесьці на ўчастку. Увогуле, моцны гаспадар, селянін з тых, што прывыклі цвёрда стаяць на зямлі. У аранжарэі Вітаўтаса ёсць басейн. Звычайны такі басейн, невялікі, памерам метры два з паловай на паўтара. Глыбінёй па калена. Для ўвільгатнення паветра. Побач з басейнам з зямлі тырчыць арматурына. Але калі на арматурыну насадзіць ручку і некалькі разоў пракруціць, басейн ад"язджае ўбок, і пад ім адкрываецца ўваход у бетаніраваныя катакомбы.Ідэю падпольнай друкарні Вітаўтас выношваў 25 гадоў. Днём працаваў у друкарні афіцыйнай, начамі з Юозасам Бацявічусам капаў сваю, неафіцыйную. Праца пачалася ў 1978-м і цягнулася два гады. Проста дзіўна, што два чалавекі з дапамогай адной толькі рыдлёўкі і мары аб свабодзе змаглі зрабіць за гэты тэрмін. Сапраўднае міні-метро. Бункер анты-Сталіна. Глыбіня сем метраў, агульная працягласць - метраў пятнаццаць.У канцы тунэля дзверы, за ёй пакой, за ёй яшчэ адзін. У першым - стэлажы са шрыфтамі, у другім - друкаваны станок. Усе суцэльна забетаніравана. Усе выкапана рукамі. Зямлю ад тунэляў вывозілі ў тачцы і звальвалі ў раку Нерыс ля падножжа ўзгорка. Самае смешнае тое, што на другім беразе ракі, шырыня якой усяго метраў трыццаць, стаяла савецкая ваенная частка, з якой час ад часу ўздымаўся верталёт для патрулявання наваколля. Друкаваны станок Вітаўтас сабраў са старых запчастак ад спісаных машын, якія выносіў са свайго афіцыйнага месца працы. Друкарня запрацавала ў 1980-м і праіснавала да самага абвяшчэння незалежнасці -- дзесяць гадоў. Назвалі яе па пачатковых літарах прозвішчаў -- ab, якія для сакрэтнасці зрабілі малымі. Вітаўтас друкаваў, Бацявічус распаўсюджваў літаратуру, а Берутэ стаяла “на шухеры”. З кухні, дзе яна звычайна была і з якой бачнае ўсё наваколле, быў праведзены зумер у друкарню. Адзін званок азначаў «Прыходзь», два сігналы – «Прыходзь хутка», тры сігналу – «Кідай усё і падымайся». За дзесяць гадоў падпольная друкарня, якая працавала пад бокам вайсковай часткі, раскрытая так і не была. Аднойчы да падножжа ўзгорка прыехаў нарад міліцыі, і Берутэ дала тры сігналы ў друкарню, але нарад шукаў матацыкліста, які перавысіў хуткасць. Гэта быў адзіны эксцэс. Дзеці, праўда, аднойчы ўбачылі, як Вітаўтас выходзіць з падполля, узялі ліхтарыкі і спусціліся ўніз, але ім патлумачылі, што казаць пра гэта нікому не трэба, і яны не сказалі. Зрэшты, суседзі ўсё ж здагадваліся. У аднаго з іх пасля смерці ў доме знайшлі сшытак, у якім былі запісаныя нумары ўсіх машын, што прыязджалі да Вітаўтаса. Не выдаў. За дзесяць гадоў працы ў сваім бункеры на дапатопным друкарскім станку з ручным наборам Вітаўтас надрукаваў 23 найменні кніг агульным накладам 138 тысяч асобнікаў. Літаратуру вывозілі вечарамі замест задняга сядзення аўтамабіля, саджаючы на кнігі сваіх дзяцей.Цяпер яго дом атрымаў статус дзяржаўнага музея. У ім размяшчаецца Музей літоўскага супраціву і друкарскай справы. Некалькі паверхаў застаўленыя рознымі друкаванымі станкамі -- усе ў працоўным стане, між іншым. Дзяржава падарыла нават унікальны экспанат -- пераносную партызанскую друкарню, якая знаходзілася ў адным з атрадаў лясных братоў. Партызанская тэма для Вітаўтаса асаблівая. У лясных братах загінуў яго блізкі сябар. Ён памятае, як спачатку прыйшлі немцы і вешалі партызанаў на дрэвах, а потым прыйшлі саветы і выкладвалі партызан на плошчы. Тут наогул па суадносінах насельніцтва і колькасці лясных братоў быў самы магутны партызанскі рух, які існаваў аж да сярэдзіны 1950-х гадоў. Таму і зала партызанскай славы -- асаблівая. Спускаешся па лесвіцы ў невялікі такі пакойчык, на сцяне некалькі фатаграфій. Вітаўтас з ухмылкай стаіць каля сцяны. Затым робіць невялікі рух плячом, і бетонная сцяна паварочваецца вакол сваёй восі, адкрываючы ўваход у вялізны музей. Чыстая бандыяна.Я так разумею, гэта яго любімы фокус. Наогул, у нейкі момант па гэтым вялізным доме з безліччу лесвічак, пераходаў, калідорчыкаў, тупічкоў і каморак, у якіх лёгка заблукаць, робіцца страшнавата хадзіць, раптам правалішся ў Лабірынт. Да таго ж на дасягнутым Вітаўтас не спыняецца і да гэтага часу нешта капае і дабудоўвае. У некаторыя калідорчыкі заходзіць ён забараніў: нешта ў яго там асабліва сакрэтнае. За сваю дзейнасць Вітаўтас атрымаў ордэн Гедыміна трэцяй ступені. Калі мы запыталі: "Чаму трэцяй?», стары антысаветчык сказаў: «Усё роўна не наша ўлада прыйшла». Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэпартаж з падпольнай друкарні пад басейнам.
|
|