Ахвяра псіхіятрычных Курапат. 21.by

Ахвяра псіхіятрычных Курапат

25.11.2010 15:01 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пісьменнік Алесь Наўроцкі «знік» у канцы 1970-х, калі са скандалам выйшаў з Саюза пісьменнікаў. Адны яго даўно пахавалі, а для іншых ён застаецца загадкай і да сёння.

Алесь Наўроцкі нарадзіўся ў 1937 годзе ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Бабруйскую школу санітарных фельчараў. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Мінскім медыцынскім інстытуце. Тры гады працаваў лекарам участковай бальніцы на Хойніччыне.

Як заканчваў Медінстытут, выйшаў яго першы зборнік вершаў «Неба ўсміхаецца маланкаю» (1962). Невялікая кніга нарабіла шмат шуму, выхаду якому ў шырокія колы пастараліся не даваць. Сам аўтар не ахвочы ўспамінаць тую гісторыю.

«Гэта быў свежы голас у паэзіі. Для мяне ён быў і застаецца выдатным паэтам», — кажа рэдактар таго зборніка Васіль Сёмуха.

За той зборнік, успомніўшы і іншы грэх — выданне кнігі Караткевіча, Сёмуху звольнілі з працы. Але ён не шкадуе, што дапамог паэту з кнігай, пры выданні якой прыйшлося пайсці на пэўныя хітрыкі.

Што ж было такога страшнага ў «Небе…»? 25-гадовага хлапца абвінавацілі ў антысаветчыне. У яго вершах разглядзелі пародыю на савецкую ўладу.

«Спеў салаўя заглушае кваканне жаб», — у гэтым двухсэнсоўным радку крытыкі ў цывільным расчыталі палітычны падтэкст. Альбо:

    Гаварыў з трыбуны аднойчы Нос:
    «…Кармавыя адзінкі кукурузы, аўса…»
    «…Гавораць факты, што мы дагонім…»
    Кожнае слова, нібы парашок снатворны, —
    Усе пачалі засыпаць.
    І раптам…
    І раптам да Носа падкраўся вецер,
    Лісткі прамовы схапіў і панёс.
    Аб чым гаварыць? Нос разгубіўся.
    Ну ж і браўся за жывот натоўп ад смеху!

А гэта ж быў 1962 год — кіраўніком тады быў Мікіта Хрушчоў.

За кнігу ў Саюзе пісьменнікаў аўтара паганілі. Але і забыліся. Успомнілі пра той агрэх пазней, калі ён пачаў выяўляць грамадзянскую пазіцыю.

Практыкуючы медык, Наўроцкі сутыкаўся з тым, што людзей па палітычных мэтах адпраўлялі ў псіхіятрычныя лякарні. Ён адкрыта выступаў супраць падобных метадаў, за што адразу быў узяты пад нагляд спецорганамі.

Пасля скандальнага зборніка Алесь Наўроцкі перабраўся ў сталіцу, дзе працаваў на Мінскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Але не заладзілася сямейнае жыццё: паэт разышоўся з жонкай і паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве.

Па яго словах, менавіта тады і пачаўся адкрыты пераслед. Паэт, які застаўся адзін, далёка ад родных, стаў зручнай мішэнню. Спецслужбы пачалі «псіхіятрычны шантаж». Алесь Наўроцкі апускае вочы, калі распавядае аб гэтым. Але размовы не спыняе.

«На літкурсах кожны жыў у асобным пакоі. І ў мой пакой пачалі пранікаць і перакладаць рэчы, забіваць цвікі ў сцены. Першай такой рэччу была папруга. Яе выцягнулі са штаноў і паклалі на ложку. Калі я вярнуўся і ўбачыў такое, мяне скаланула. І так працягвалася нейкі перыяд. Вучыцца далей я не мог. Падаў заяву аб сыходзе. Але прычыны не ўказаў, бо тады б мяне пацягнулі ў псіхлякарню. Гэта і ёсць псіхіятрычны шантаж».

У лякарню паэта ўсё-ткі адправілі.

Прафесар Адам Мальдзіс распавядае, што тады ён не паверыў у хваробу Наўроцкага. Ведаў, што падобныя чуткі запусцілі наўмысна.

А сам паэт у знак пратэсту супраць прымянення псіхіятрыі ў палітычных мэтах у 1976 годзе выйшаў з Саюза пісьменнікаў.

«Па тым часе гэты быў вялікі галаўны боль для кіраўніцтва арганізацыі. Мне гаварылі так: забяры гэты пратэст, не выходзь з Саюза пісьменнікаў і будзеш працаваць далей. Толькі не падымай шуму. А я на гэта не пагадзіўся. Настолькі мне было агідна не заявіць гэты пратэст. Прамаўчаць — значыць згадзіцца, што яны цягнуць здаровых людзей у псіхарні. Я сказаў намесніку старшыні СП Шамякіну, што не магу насіць гэтую подласць у сабе».

Як вярнуўся ў Мінск з Масквы, працаваць урачом Алесю Наўроцкаму не дазволілі. Не давалі нават фізічнай працы — грузчыкам. На непрацяглы перыяд атрымалася вярнуцца на хуткую дапамогу. Але «прымацавалі мяне да псіханеўралагічнага дыспансера».

Ясная справа, што творы пісьменніка перасталі выдаваць. «Чалавека, якога яны бяруць пад каўпак, больш не публікуюць. Надрукаваць — гэта даць сродкі для жыцця. А яны не зацікаўленыя ў тым. Рукапіс кнігі апавяданняў «Валун» я разы чатыры падаваў у выдавецтва, перш чым яна прабілася. Думалі, што спачатку зробяць мяне сексотам, а пасля пачнуць друкаваць. Але не ўдалося».

Як жыў паэт увесь гэты час? Дапамагала маці: яна са сваёй пенсіі пэўную суму штомесяц адсылала сыну. Гэтага было дастаткова толькі, каб не сканаць з голаду. Ад роспачы Наўроцкі спрабаваў нават дабіцца дазволу выехаць за мяжу. У СССР гэта было надзвычай цяжка. Не выпусцілі. Маўляў, для гэтага павінен быць выклік з-за мяжы ад сваякоў. Сваякоў такіх не было. І працягвалася нямое супрацьстаянне.

Толькі ў гады перабудовы Наўроцкі голасна расказаў аб сваёй трагедыі. Паэт выступіў на з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 1990-м. Алесь Наўроцкі патрабаваў ад уладаў палітычнай рэабілітацыі.

На перабудову ён ускладаў спадзяванні. «Самыя смелыя спраўдзіліся — Беларусь стала незалежнай».

Але асабіста для паэта 90-я не прынеслі вялікіх зрухаў.

У 1990-м выдалі томік яго паэзіі за дваццаць гадоў «Пакаленні і папяліш¬чы». У 1994-м выйшаў расейскамоўны раман «Валун» (у 1976 пад такой самай назвай ён выдаў зборнік апавяданняў). Па-расейску пачаў пісаць, бо думаў «апублікавацца на Захадзе, калі тут не ўдаецца». І зноў маўчанне. Спрабаваў надрукаваць яшчэ новы раман, але ў рэдакцыі аднаго часопіса адмовілі, не ўзяло і дзяржвыдавецтва. Глухая сцяна, падобная да той, савецкай. Толькі без «катаў у белых халатах».

Алесь Наўроцкі расказвае аб сваёй творчай спадчыне. «Я цяпер займаюся тым, што пішу вершы. Хачу трошкі напісаць новых. Тыя, што ў мяне кепскія, выкіну». Ён марыць выдаць двухтомнік паэзіі і распачаць працу над шасцітомнікам прозы. І зачытвае ўрыўкі з неапублікаванай паэмы «Я патрабую палітычнай рэабілітацыі!», якую лічыць лепшай за «Новую зямлю».

«Я патрабую, каб КДБ прызнаўся, што гэта ён нацкаваў дактароў. Што гэта не медыцынская хвароба, а палітычная справа. Паэму «Я патрабую палітычнай рэабілітацыі!», калі атрымаю яе, назаву «Псіхіятрычнымі Курапатамі». Паэма аб тым, як «здаровага чалавека кінулі ў псіхлякарню».

***

Алесь Наўроцкі нарадзіўся 12 лютага 1937 г. у вёсцы Давыдаўка Светлагорскага раёна. Па адукацыі — медык. Аўтар шэрага кніг паэзіі і прозы. У знак пратэсту супраць ужыцця псіхіятрыі ў палітычных мэтах выйшаў з Саюза пісьменнікаў. Застаўшыся без сродкаў да існавання, працягваў пісаць у стол.

***

Алесь Наўроцкі быў не адзіным чалавекам, які за сваю грамадзянскую пазіцыю трапіў у псіхіятрычную лякарню.

Да яго такі метад ізалявання актыўных грамадзян паспыталі на сабе мастак з Пастаўшчыны Вітаўт Дзіско (адкрыта выказваўся супраць савецкага рэжыму; у выніку быў забіты), гісторык Анатоль Сідарэвіч (пратэставаў супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію), праваабаронца з Бабруйска Міхась Кукабака (адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ у справе фальсіфікацыі кампрамату на заходненямецкага дыпламата; за два гады да гэтага, у 1968, адмовіўся быць «саўдзельнікам злачынства савецкага ўрада» ў Чэхаславакіі, калі яго туды накіруюць).

Існуюць іншыя прыклады пакарання дысідэнтаў. Адным не давалі магчымасці працаваць па спецыяльнасці (Міхась Чарняўскі, Фёдар Яфімаў, Зянон Пазняк), іншых садзілі ў турму (Мікалай Лагодзіч) альбо забівалі з інсцэніроўкай выпадковага здарэння ці самазабойства (Лявон Баразна).

* * *

З новых вершаў

Алесь Наўроцкі. Са мной ты…

    Ідзеш ты са мною ў мроях.
    Вее ўзвей-санцавей.
    Заснулі на грушавай кроне
    белыя статкі гусей.

    Са мной ты… Зялёныя далі.
    Сінее возерам лён.
    Жытоў фіялетавых хвалі
    бягуць, бягуць наўздагон.

    Са мной ты… А птах на буслянцы
    стаіць на адной назе.
    Жук вадзяны па глянцы,
    кругі пусціўшы, паўзе.

    Са мной ты… А далі азяблі.
    Згалела голле асін.
    Вясёлка засыпала граблі.
    — Курлы! — зажурыўся клін.

    Са мной ты… Бялее даліна.
    Спіць белы густы навес.
    Па сіне-малочнай пярыне
    лыжня прастрэліла лес.

    Са мной ты… Са мной ты ўсюды —
    і на працы, і ў сне…
    Са мной ты ўсюды, заўсёды.

……………………………….

    Ды будзеш належаць не мне.


Падзяліцца навіной: 
Сяргей Макарэвіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пісьменнік Алесь Наўроцкі «знік» у канцы 1970-х, калі са скандалам выйшаў з Саюза пісьменнікаў. Адны яго даўно пахавалі, а для іншых ён застаецца загадкай і да сёння.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика