У праваслаўных пачаўся Піліпаўскі пост, у каталікоў - Адвэнт. 21.by

У праваслаўных пачаўся Піліпаўскі пост, у каталікоў - Адвэнт

29.11.2010 10:28 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З 27 лістапада ў праваслаўных вернікаў пачынаецца Піліпаўскі пост, які быў прызначаны ў ІV–V стагоддзях для падрыхтоўкі да святкавання Раства Хрыстовага.

Гэты пост у народным асяроддзі назвалі ў гонар святога апостала Філіпа (Піліпа), які ўшаноўваецца менавіта ў гэты дзень. Апостал Філіп — адзін з дванаццаці вучняў Хрыстовых. Пасля ўваскрэшання Ісуса стаў прапаведнікам у Галілеі, Грэцыі, Малай Азіі і Сірыі. Здзейсніў шмат цудаў, лячыў хворых, уваскрашаў памерлых. У 87-гадовым узросце ён пакутніцкі памёр. Мошчы апостала Філіпа знаходзяцца ў Рыме ў царкве 12 апосталаў. Апосталу Філіпу моляцца пры розных немачах, асабліва пры захворваннях вачэй і ўкусах змей, у жалобе і смутку.

На Беларусі гэты час называлі яшчэ «Піліпаўка» і прыгаворвалі: «Піліпаў пост — да святак мост».

Перад Піліпаўкай наладжвалі апошнія вяселлі, таму ў песнях ёсць такія словы: «Была восень — цяпер зіма, былі хлопцы — цяпер няма».

«Піліп дзяцей адзявае», «Кудзеліца — першы тыдзень прадзення на Піліпаўскі пост» — да гэтага дня неабходна было скончыць падрыхтоўку да ткацтва: «У запусты на Піліпаўку пачынаюцца вячоркі і попрадкі».

На запусты паўсюдна было прынята выносіць на двор пачастункі для дамавіка, каб вялася хатняя жывёла.

У некаторых беларускіх месцах, а таксама ў Смаленскай вобласці перад тым, як 27 лістапада сесці вячэраць, гаспадары павінны былі выйсці з хаты да варотаў і запрасіць «царыцу дамавую, цара дамавога з малымі дзеткамі загавець». Пасля вячэры на стале пакідалі ежу і посуд, накрывалі гэта абрусам — для таго, каб «дамавіку з дамавіхай было што пачаставаць». У вобразе дамавіка людзі бачылі перш за ўсё сваіх продкаў.

Таксама гэты дзень стаў знакавым для вызначэння надвор’я на бліжэйшую і далёкую перспектыву: «Трывалы снег ляжа прыкладна 27 лістапада. Перазімак (з 27 лістапаыда да 23 снежня) — пачатак зімы. Калі на Піліпа шэрань — да ўраджаю аўса, дождж — да ўраджаю пшаніцы. Калі варона голас падае — да адлігі. Шэрань на дрэвах — да марозу, туман — да адлігі, а калі шэрань была ўначы, днём будзе снег. Пахмурна ці снежна — да непагадзі ў маі. Калі непагадзь суправаджае калядныя запусты (апошні дзень перад пастом), то можна разлічваць на ўраджайнае лета.

Аксана Катовіч, Янка Крук, Звязда

***

28 лістапада ў каталікоў распачаўся Адвэнт — час радаснага чакання Нараджэння Збаўцы.

У Адвэнт, які з’яўляецца выключным часам для хрысціянаў, мае своеасаблівы настрой і не падобны ні да анаго з перыядаў літургічнага года, Касцёл заклікае вернікаў чуваць у чаканні Нараджэння Пана. Гэтае чуванне мае на ўвазе трыванне на малітве, добрыя ўчынкі, працу над сабой. Галоўная ж мэта ўсяго гэтага — у жаданні быць бліжэй да Бога і імкненні да святасці, што з’яўляецца пакліканнем кожнага чалавека.

Абавязковым у гэты перыяд з’яўляецца ўдзел у адвэнтовых рэкалекцыях. Гэтыя духоўныя практыкаванні праводзяцца святаром-рэкалекцыяністам, які запрашаецца ў парафію для цэлебрацыі набажэнстваў, удзялення сакрамэнту пакаяння і абвяшчэння Божага слова.

Адной з прыгожых традыцый Адвенту з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Звычайна гэтая літургія цэлебруецца на світанні. З вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу…» ва ўсім касцёле запальваецца святло. Назва rorate паходзіць ад першага слова лацінскай песні «Rorate coeli» («Свет наш абмыйце, чыстыя росы…»).

24 снежня, у апошні дзень Адвэнту, вернікі збяруцца разам са сваімі душпастырамі на вігілійнай святой Імшы. 25 снежня ўвесь Каталіцкі Касцёл радасна заспявае «Бог нам явіўся…»

catholic.by

Падзяліцца навіной: 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаканне Калядаў (Раства, Нараджэння Хрыстовага, Божага Нараджэння).
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика