Чалавек года — Мікалай Казлоў
01.01.2011 00:00
—
Разное
|
Па традыцыі ў апошнім нумары «Наша Ніва» вызначае людзей года. Тых, чые ўчынкі запомніліся, паўплывалі на гісторыю. Самыя яркія асобы года ў рэйтынгу «НН». Падзеі 19 снежня і тое, што здарылася пасля іх, перавярнулі сітуацыю ў краіне. Яны яшчэ не скончыліся, не асэнсаваліся. Пад імі не падведзена рыса, яны не сталі гісторыяй. Таму мы прапануем спіс такім, якім мы яго склалі на 18 снежня. Герояў і зладзеяў апошніх 12 дзён вы бачыце з нашай інфармацыйнай стужкі. 18 снежня чалавекам 2010 года мы прызналі падпалкоўніка Мікалая Казлова. Без яго і без такіх, як ён, напэўна, не было б і маніфестацыі 19 снежня, свет не пабачыў бы сутнасці беларускіх “выбараў”. Падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў прадэманстраваў асабістую мужнасць і прыстойнасць. Яшчэ ў 2008 годзе ён афіцыйна зафіксаваў укіды бюлетэняў на адным з выбарчых участкаў у Мінску. Казлова прасілі адклікаць гэты рапарт, замяць справу. Міліцыянт праявіў прынцыповасць. Сітуацыя разгортвалася так, што ў апошні дзень датэрміновага галасавання старшыня камісіі папрасіла ў Казлова ключы ад памяшкання, дзе знаходзілася скрынка. Казлоў адмовіўся, але потым яму паступіў званок ад уласнага начальніка. Тым не менш, міліцыянт напісаў рапарт. Яму паабяцалі, што справу раскрыюць. Сёлета ён пераканаўся, што ніхто раскрываць гэтае злачынства не збіраецца. Казлоў звярнуўся да журналістаў. Ярмошына назвала ягоныя паказанні «старой правакацыяй». Калі Казлоў агучваў гэтыя звесткі, то ён не шукаў уласнай выгады. Ён па-ранейшаму працягвае жыць у Беларусі і нікуды з’язджаць не збіраецца. У выпадку суда ён гатовы даць паказанні. Чалавекам проста рухала ўзмоцненае пачуццё справядлівасці. Учынак Казлова стаў прыкладам для іншых людзей, што таксама былі сведкамі парушэнняў закона, але не адважваліся пра іх заявіць. Гэтак, былы старшы следчы жодзінскай міліцыі Андрэй Пыжык расказаў, як яго прымушалі сфальшаваць крымінальную справу супраць ветэрана-афганца, які стаў лідарам апазіцыі ў Жодзіне. Палітык года — Мікалай Аўтуховіч Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч з гонарам вынес судовы працэс. Яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракта супраць старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі і намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко. Аўтуховіча можна лічыць пераможцам, бо абвінавачванні былі знятыя. Аднак былога афганца ўсё адно «закрылі» за пяць патронаў на пяць гадоў. Цяпер ён працягвае адбываць пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі. Гаспадар года — Уладзімір Матусевіч Свой маёнтак Мацкі фермер Уладзімір Матусевіч пачаў ствараць яшчэ пры канцы 1980-х. Ён кажа, што хацеў адысці ад звыклай у нашым разуменні вёскі. Ён браў прыклад з гаспадарак Францыі, Вялікабрытаніі. Прычым, форма ўласнасці ў яго якраз і называецца маёнтак, хоць і даводзілася шмат паваяваць праз гэта з бюракратамі. Усе паперы Матусевіч запаўняў толькі па-беларуску. Сёння ягоная гаспадарка спецыялізуецца на гародніне. Ён вырошчвае практычна ўсе віды капусты, якія ёсць у свеце, а таксама цыбулю, сельдэрэй, пятрушку. А яшчэ цэлыя плантацыі кветак. Гэта тытанічная праца, але радасная. Матусевіч будуе свае Мацкі так, якой хоча бачыць усю Беларусь. У асобе спадара Уладзіміра Матусевіча мы ўшаноўваем усіх новых беларускіх гаспадароў. Герой года — Сяргей Каваленка На праваслаўнае Раство будаўнік Сяргей Каваленка вывесіў вялізны бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай ялінцы Віцебска. Прыгожы ўчынак мужнага чалавека. Каваленка не адмаўляўся, сказаўшы, што для яго гэта справа гонару. Пад ціскам грамадскасці мужчыну вызвалілі з турмы, пакаралі ўмоўным тэрмінам. Думалі, што супакояць, але нічога падобнага. Вернасць года — Тарэса Собаль Сёлета атрымаў працяг ціск на сяброў неафіцыйнага саюза палякаў. Полем бітвы стала мястэчка Івянец. Мясцовая старшынька СПБ Тарэса Собаль засталася вернай саюзу Анжалікі Борыс. На немаладую жанчыну заводзілі крымінальныя справы, цкавалі ў дзяржаўных СМІ. Собаль засталася пры сваіх перакананнях. І пазіцыю сваёй старшынькі падтрымалі многія мясцовыя палякі, якія прадэманстравалі прыклад салідарнасці. Страты года — Алег Бябенін, Лех Качынскі У пачатку верасня трагічна скончылася жыццё журналіста, рэдактара сайта «Хартыі-97» Алега Бябеніна. Яго знайшлі ў пятлі на ўласным лецішчы пад Мінскам. Праваахоўнікі сцвярджаюць, што гэта самагубства. З імі пагадзіліся эксперты АБСЕ. Сябры і калегі кажуць, што не ўсё ў гэтай справе так празрыста. Смерць Бябеніна працягвае ахутваць таямніца. У красавіку ў авіякатастрофе загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі, ягоная жонка Марыя, а таксама шматлікія прадстаўнікі польскай эліты. Катастрофа выклікала спачуванні ва ўсім свеце. Ля пасольства Польшчы ў Мінску імгненна з’явіліся кветкі і свечкі. Прычым гэтая салідарнасць была абсалютна не цэнтралізаванай, была памкненнем сэрцаў звычайных людзей. Тым не менш, Беларусь засталася адзінай суседкай Польшчы, што не абвясціла жалобы па памерлых. Ахвяры года — пінчукі У кастрычніку на заводзе «Пінскдрэў» адбыўся выбух, у выніку якога пачаўся пажар. Гэта было ў працоўны час, калі людзі знаходзіліся на месцах. У выніку здарэння загінула чатырнаццаць чалавек. Вось іх прозвішчы: Ігар Муга, Яўген Рапута, Міхаіл Старадуб, Аляксандр Міхаевіч, Кацярына Саковіч, Віктар Жукоўскі, Генадзь Казюр, Аляксандр Калодзіч, Сяргей Тарэлка, Алег Квашалі, Аляксандр Мароз, Аляксандр Хамлюк, Мікалай Шаўчук, Аляксандр Шынкарук. Толькі пасля трагедыі загаварылі пра зношанасць абсталявання, пра іншыя праблемы. Жалоба па ахвярах Пінска так і не была абвешчаная. Уцякач года — Курманбек Бакіеў У красавіку прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева скінулі з пасады. Спачатку ён хаваўся на поўдні краіны, а потым вылецеў у Беларусь. Бакіева абвінавачвалі ў карупцыі і кланавасці. Акцыі пратэсту падтрымліваліся з Масквы. Лукашэнка сказаў, што паступіць па-іншаму не мог. Хоць гэта і выклікала раздражненне Крамля. Бакіеву быў выдзелены асобны катэдж і ахова. З Мінска ён некалькі разоў спрабаваў паўплываць на падзеі на радзіме. Журналіст года — Джуліян Асанж 39-гадовы інтэрнэт-журналіст Джуліян Асанж прадэманстраваў, што закрытай інфармацыі не існуе. Яшчэ ў 2006 годзе ён стварыў сайт Wikileaks, дзе пачаў друкаваць сакрэтныя матэрыялы. Натуральна, што імёны сваіх інфарматараў ён не называў. Асанж друкаваў матэрыялы, датычныя вайны ў Афганістане. А пры канцы года ў інтэрнэце сталі з’яўляцца дэпешы пасольстваў ЗША з розных краінаў свету. З іх мы даведаліся мноства пра моцных гэтага свету. Гэта выклікала буйныя скандалы. Адны лічаць Асанжа героем, іншыя — злодзеем. Тым не менш, ён выканаў правіла журналіста — даць доступ чытачу да інфармацыі. Візіцёрка года — Даля Грыбаўскайце Прэзідэнт Літвы была адзінай кіраўніцай краінаў Еўрасаюза, што сёлета прыехала ў Мінск. Грыбаўскайце адлюстроўвала пазіцыю пэўных колаў на Захадзе, што Лукашэнку трэба прыняць такім, які ён ёсць, бо гэта аддаліць Беларусь ад Расіі. На адной з закрытых нарадаў Грыбаўскайце сказала, што хоча, каб у Беларусі перамог Лукашэнка. Што ж, яе палітыка дала вынікі. Дабрачынца года — Таццяна Салдаценка Дзяўчына чатыры гады апякуецца пацыентамі дзіцячага анкагематалагічнага цэнтра. Сама Салдаценка нарадзілася праз два дні пасля Чарнобыльскай трагедыі. Дабрачыннасць у такім месцы — псіхалагічна цяжкая праца. Шмат хто з пацыентаў так і не пераадольвае хваробу. Тым не менш, Салдаценка спраўляецца з такой нялёгкай задачай. Спартовец года — Аляксей Грышын Фрыстайліст здабыў першы залаты медаль для Беларусі на Зімовых алімпійскіх гульнях. На яго асабліва ніхто і не спадзяваўся. Уся ўвага перад стартам аддавалася Антону Кушніру і Дзмітрыю Дашчынскаму. Першы не авалодаў хваляваннем яшчэ ў кваліфікацыі, другі — падчас першага фінальнага скачка. Роля лідара нечакана выпала на плечы Грышына, і ён даў сабе рады бліскуча. Беларусь мае ўнікальную школу фрыстайла. Ад 1998 года нашы спартоўцы заўсёды бяруць медалі на Алімпіядах. І гэта пры тым, што колькасць дзяцей, што ідзе ў гэты захапляльны від спорту, не такая вялікая. Не раўня футболу і хакею. Прафесійная хвароба фрыстайлістаў — спінная грыжа. Грышын таксама пакутуе на яе. Таксама спартоўкай года магла быць біятланістка Дар’я Домрачава. Яе сонечная ўсмешка неаднаразова ззяла на п’едэстале гонару. Каманда года — баскетбалісткі У гульнявых відах спорту мы не маем вялікіх дасягненняў. Чакалі поспехаў ад хакея, а ён прыйшоў ад баскетбалістак. Беларускія дзяўчаты занялі чацвёртае месца на чэмпіянаце свету, разграміўшы ў чвэрцьфінале расіянак. У дзяўчат з каманды закахаліся ўсе заўзятары. Рэжысёр года — Андрэй Кудзіненка Аўтар славутай «Акупацыі. Містэрыі» Андрэй Кудзіненка стварыў на «Беларусьфільме» стужку «Масакра». У ёй шляхта размаўляе па-беларуску і ператвараецца ў мядзведзяў. А ўніяцкі бацюшка рыхтуе зброю для паўстання. Адны хваляць фільм, іншыя — ганяць. У Расіі наўрад ён будзе папулярным, бо незразумелыя рэаліі. Кудзіненка стварыў першы сапраўды беларускі фільм ХХІ ст. Прыкаліст года — Яўген Ліпковіч Ягоная кампанія на мясцовых выбарах выйшла самай яркай. Скандальны блогер не даваў спакою чыноўнікам і вахцёркам, маляваў калажы ў інтэрнэце. Але ўрэшце зняўся, прызнаўшы, што гэта быў толькі прыкол. На прэзідэнцкіх выбарах ён таксама не застаўся без справаў. Менавіта Ліпковіч прыдумаў лозунг «Кастусёў или смерть». Цыцкі года — Кацярына Нікандрава Дзяўчына сёлета не толькі выйграла конкурс «Міс грудзі Беларусі», але і праявіла грама-дзянскую пазіцыю, уступіўшы ў ініцыятыўныя групы Уладзіміра Някляева і Яраслава Раманчука. Беларус года — Хрыстафор Калумб Пад канец года аматары гісторыі насмяяліся — адзін партугальскі гісторык вывеў род вялікага падарожніка Хрыстафора Калумба з Вялікага Княства Літоўскага. За гэтую вестку схапіліся літоўцы і палякі, назваўшы яго сваім. Беларусы на гэты раз таксама вырашылі не аддаваць славутасцяў суседзям. Калумб быў беларусам таксама! Людзі мінулых гадоў па версіі «НН» 2003 — музычны прадзюсар Віталь Супрановіч 2004 — старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна 2005 — кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч 2006 — чалавек Плошчы 2007 — «Маладафронтавец» 2008 — трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка 2009 — Наталка Васілевіч і іншыя дабрачынцы Падзяліцца навіной:
Зміцер Панкавец Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прапануем спіс такім, якім мы яго склалі на 18 снежня. Герояў і зладзеяў апошніх 12 дзён вы бачыце з нашай інфармацыйнай стужкі.
|
|