«Эх, вайна, ты, вайна...». 21.by

«Эх, вайна, ты, вайна...»

21.04.2011 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У «Р» трапiў унiкальны рукапiсны дакумент — дзённiк Арсеня Бялевiча, якi ён вёў у 1944 годзе

Мiнулае – гэта, найперш, успамiны сведкаў. Але час мiжволi накладвае на iх адбiтак. Штосьцi адыходзiць на другi план, губляецца ў мазаiчным калаўроце перажытых падзей.

Iншая справа – дзённiк. Дзякуючы паслядоўным запiсам з яго старонак можа паўстаць сама Гiсторыя.

...Вясна 1944 года. Кананада Вялiкай Перамогi ўжо грымiць ля межаў нашай краiны. Пройдзе яшчэ некалькi месяцаў – i будзе вызвалены Мiнск, а пасля i ўся тэрыторыя рэспублiкi.

Якраз у гэты перыяд падлетак Арсень Бялевiч з вёскi Равiны Карэлiцкага раёна пачынае весцi дзённiк. Арсеню сямнаццаць, у яго слабое здароўе, разам з родным братам Вiцем i стрыечнымi Лёвам i Генам (ён называе iх братамi па першай устрэчы) Арсень вучыцца ў Навагрудку i распавядае пра сваё жыццё, побыт гэтага заходнебеларускага гарадка ў сваiм дзённiку.

Як дзённiк трапiў да нас у рэдакцыю, дзе i кiм быў знойдзены, мы падрабязна раскажам напрыканцы публiкацыi. Пакуль жа захаваем своеасаблiвую iнтрыгу i пачнём разам гартаць старонкi рукапiснага сведкi эпохi.

27 красавiка 1944 года, чацвер

Прачнуўшыся, я адразу ўбачыў смяючаяся сонца, якое сваiмi праменнямi асвятляла мяне i мой ложак. Мне здалося, што яно смяецца з мяне, што я так доўга сплю, не адрабiўшы лекцый. I сапраўды, я ўчора, прыйшоўшы са школы, не разгарнуў нават нiводнага сшытка...

Дзякуючы таму, што я хаджу на другую змену, заняткi ў нас пачынаюцца а гадзiне 10.45.

На ўроку настаўнiк пытае Фiлiпчыка:

«Колькi ж у Турэччыне жыве людзей? – «Мо, тысяч з пяць», – адказаў той няўнятным голасам. Смех пракацiўся па клясе, але хутка быў прарваны другiм пытаннем настаўнiка: «Якi ж клiмат у Турэччыне?» Бядняга тупнуў пару разоў нагамi i, задумоўваючыся, пачаў гаварыць: «Там, там свецiць сонца...»

Наканец настаў супакой, i настаўнiк даў новае пытанне: «Якая сталiца Трансiярданii?» Маўчанне. «Дзе знаходзiцца Палестына? Дзе ж знаходзiцца зямля, дзе радзiўся Хрыстос?» Смех i розныя падказваннi насiлiся па клясе. Наканец Фiлiпчык выпрастаўся i адказаў: «Хрыстос радзiўся ў яслях!» Бурны смех пракацiўся па клясе: смяялiся вучнi, смяяўся настаўнiк, смяяўся i сам Фiлiпчык. Але апошнi смяяўся не доўга. Ён хутка засмуцiўся, пачуўшы адно слова настаўнiка: «шэсць!».

2 мая 1944 года, аўторак

Iдучы дамоў, я дагнаў групу семiнарыстаў. Мiж iмi, сумна апусцiўшы голаў, iшоў рагулiнец. Па прывязанай да шыi руцэ я здагадаўся, што ён ранены. Ён ледзь чутным голасам расказваў аб сваiх апошнiх падзеях i страшным баi... (У кантэксце гiсторыi. Увосень 1943 года выкладчыку нямецкай мовы i ваеннай пад-
рыхтоўкi навагрудскай настаўнiцкай семiнарыi Барысу Рагулю немцы прапанавалi сфармiраваць i ўзначалiць кавалерыйскi эскадрон з мясцовай моладзi. Асноўную стаўку Рагуля зрабiў на сваiх выхаванцаў -семiнарыстаў. Першае i апошняе баявое хрышчэнне эскадрона, паводле крынiц некаторых даследчыкаў, адбылося практычна перад самым яго расфармiраваннем. Пасля няўдалага рэйду супраць савецкiх партызан з 28 красавiка па 1 мая 1944 года падраздзяленне страцiла самастойнасць i частка яго ўвайшла ў мясцовы батальён Беларускай краёвай абароны. — Аўт.)

6 мая 1944 года, аўторак

На рынку дазнаўся, што заняткаў з прычыны свята Юр’я ня будзе. Як кожным вучнем, так i мною валодала нейкая малазначная радасць. Я нават з сябрамi зайшоў у краму выпiць квасу...

Паабедаўшы, з Геняй пайшоў на рынак, а адтуль на замак. Геня расказаў, што iм у школе гаварылi, а iменна што кожную нядзелю вучням прыдзецца капаць акопы ад 7-е да 11-й гадзiны. Гэтая новасць, як i ўсе iншыя цяперашняга часу, ня цешыла мяне.

7 мая 1944 года, нядзеля

Прачнуўшыся даволi позна, я схадзiў на рынак, дзе купiў лiтр малака. Паснедаўшы, зноў з Геняй пайшоў на рынак. Там зрэдку дзе-нiдзе паяўлялiся вучнi. Гэтая колькасць тлумачылася тым, што адны з iх капалi акопы, другiя былi на спартовым пляцы, а трэцiя ў клюбе на юнацкiм ранiшнiку. Пастаяўшы некаторы час на рынку, мы з Геняй таксама пайшлi ў клюб...

17 мая 1944 года, серада

Вясна адчувалася ва ўсiх галiнах жыцця.

На лаўцы ля Марозавай хаты сядзела Лялька са сваiмi сяброўкамi. Мой позiрк сустрэўся з мiлай улыбкай яе твару. Я стаў адчуваць нейкiя змены, аднак стараўся ўтрымлiваць супакой...

Я, аднак, нямог нiяк заснуць. Галава мая была перапоўнена рознымi думкамi. Раптам я пачуў гул самалёта i праз вакно ўбачыў плывучую на небе зорку. Гэта ляцеў самалёт. Гул самалёта не сцiхаў i як бы супярэчыў усiм маiм марам...

28 мая 1944 года, нядзеля

Я з Вiцяй супольна ўзяўся павучыць нямецкае мовы. З прычыны добрае пагоды мы вучылiся на дварэ. Гэтым часам па вулiцы часта праходзiла тая асоба, да якой у мяне захавалася нязначнага памеру iскра быўшага агня.

Па абедзе хадзiў у клюб на пастаноўку «Жанiдзьба», якая мне даволi спадабалася.

4 чэрвеня 1944 года, нядзеля

Пад вечар з Ламанам выйшлi на рынак, дзе ўбачылi адну сцэнку, характэрную для ваеннага часу. А iменна: палiцай, будучы п’яным, прычапiўся да аднаго чалавека на рынку i пабiў яго, прыгражаючы смерць рэвальверам...

14 чэрвеня1944 года, серада

...Нечакана пачулi мы сумнага зместу новасць. А iменна, што наша семiнарыя ў далейшым так iснаваць не будзе. Што яна ў хуткiм часе (з распачаццем лiпеня) раздзелiцца на дзве асноўныя групы, з якiх адна будзе як бы наследнiцай сучаснай семiнарыi, а другая палова (выключна з фiзiчна здаровых хлопцаў) паедзе шукаць шчасця ў Нямеччыну.

17 чэрвеня1944 года, субота

Я iшоў ужо па сваёй вулiцы. Мiнаючы нямецкага жандара, адчуў раптам лёгкае дакрананне i зразумелае слова: «Halt» («Стой»). Я ўздрыгнуў усiм целам. Тут, думаю я, папаў за тое, што не аддаў яму пашаны... Аднак жандар моўчкi пазiраў на жанчыну, якая цiкавiлася невядомай асобай, i я адказаў: «Ня знаю, я не тутэйшы, я курсант». У перакладзе жанчыны прагучала: «Er ist Partisant».

— Nein, ih bin Shuler (не, я вучань), — адказаў я.

Жанчына патлумачыла, што яна памылiлася i замест таго, каб сказаць «курсант», сказала «партiзант». Неўзабаве я быў свабодны...

23 чэрвеня 1944 года, пятнiца

Па некаторым часе прыйшлi да нас з заплаканымi вачыма i тварамi, поўнымi смутку, Соня з Гэляй, яны распавялi, што з Карэлiччыны немцы пачалi ўжо вывозiць людзей.

«Кайшоўкi, Сэрвач вывезлi, у Палужжы гатуюць ужо спiскi, скора будуць i Равiны вывозiць», — упаўголаса гаварыла Гэля.

Аднак мы гумару не трацiлi, смяялiся з iх бабскай натуры.

26 чэрвеня 1944 года, панядзелак

Вярнуўшыся з экзамену, якi прайшоў досыць добра, пачаў я рыхтавацца да ад’езду дамоў.

Чатыры гадзiны язды прайшлi шчаслiва, толькi выгляд нядаўна спаленага Тузурава меў сумны адбiтак. Такiм чынам, едучы з Карэлiч дамоў у Равiны, быў я ў дрэнным гуморы. Да гэтага спрычынiўся яшчэ i сумны выгляд спаленай школы, дзе правучыўся я восем год i дабыў пачатковую асвету.

Мiж iншым трэба замецiць рознiцу памiж Равiнамi i Наваградкам. А iменна, прыехаўшы дамоў, пачуў я частыя грымоты — стрэлы i ўстрос зямлi, а ноччу амаль непарыўны гул самалётаў, чаго не назiралася ў Наваградку...

29 чэрвеня 1944 года, чацвер

Пад вечар выйшаў, як гэта рабiў звычайна ў Наваградку, на вулiцу. Тут толькi рэдка праедзе фурманка, а на ёй сундук цi куфар, закрыты саломай. Гэта дзядзька Грыц вязе сваё дабро, каб закапаць яго на сваёй нiўцы...

Самалёты не давалi ўначы спакою.

30 чэрвеня 1944 года, пятнiца

Пранеслася чутка, быццам трое казакаў едуць у нашу вёску. Незвычайным рухам напоўнiлася наваколле. Кожны гаспадар, сеўшы на каня, рыссю пёр схаваць яго ў раўку. Жонкi i дзецi павыходзiлi на вулiцу i з нецярпеннем пазiралi ў тым напрамку, адкуль мелiся ехаць няпрошаныя госцi. Наканец, трацяць яны цярпенне i пасылаюць сваiх дзяцей у разведку, якiя вяртаюцца, не бачыўшы нiводнага казака. Па некаторым часе вяртаюцца ў вёску i неарганiзаваныя кавалерысты...

1 лiпеня 1944 года, субота

Вечарам прыйшоў Вiця з Карэлiчаў i паведамiў, што, быццам жандары i палiцаi выехалi з Туру, а партызаны ўвайшлi туды...

Я некаторы час прастаяў на вулiцы, скiроўваючы свой пагляд на чырвоны ад пажару небасхiл Усходу.

Упоўначы абудзiўся ад грому стрэлаў, устросу зямлi i плачу шыбаў у вокнах. Усе нашы стаялi ўжо ля акна, пазiраючы на Усход. Усё небаскляпенне Усходу было ўсеяна трымаючымiся ў паветры ракетамi, ад якiх нават у нас было досыць ясна. Непарыўны гул самалётаў раз-пораз заглушаўся падоўжаным гулам разрываючыхся бомб. Я зусiм не баяўся, аднак трасло мяне, як быццам бы я быў хворы трасцай.

3 лiпеня 1944 года, панядзелак

Прабудзiўся я зусiм рана ад канцэрту спяваючых кулямётаў i хутка выбег на гору. Ледзь заметныя ад велiзарнай вышынi самалёты ўвесь дзень свiдравалi сухое, безвiльготнае паветра. Вечарам я разам з усiмi адправiўся начаваць у лагер. Там, лёгшы на возе, я доўгi час не мог заснуць.

4 лiпеня 1944 года, аўторак

Па некаторым часе са скорасцю маланкi пранеслася чутка, быццам вялiкая колькасць партызан едзе ля нашай вёскi ў напрамку Карэлiч. Пры тым усiм жыхарам было вядома, што ўчора прыехалi ў мястэчка немцы. Два словы: «Будзе бой», мо, сотню раз былi прамоўлены мiтусячымiся жыхарамi.

Вёска апусцела. Толькi рыкаючае быдла, якое як бы абiжалася на сваiх здрадных гаспадароў, пакiнуўшых яго на праiзвол судьбы...

На здымку: тэрыторыя Замкавай гары ў Навагрудку (сучасны выгляд); старонкi дзённiка.

(Заканчэнне будзе)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У «Р» трапiў дзённiк Арсеня Бялевiча, якi ён вёў у 1944 годзе
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика