Дарогамі лясных салдат
18.06.2011
—
Разное
|
Дзейнасць партызанскай брыгады сарокінцаў блытала ворагу ўсе карты Аб пачатку вайны Іван Бачыла даведаўся падчас працы ў Мяжанах, што на Браслаўшчыне. І адразу вырашыў вярнуцца ў родную вёску Бардзілаўку Мінскага раёна. Тут засталося многа камсамольцаў, моладзі, каго не паспелі мабілізаваць ваенкаматы. Яны адразу ж стварылі падпольную групу. Спачатку заняліся пошукам і зборам зброі, распаўсюджвалі лістоўкі са зводкамі Савінфармбюро пра становішча на фронце. Да гэтага часу — ліпень 1941 года — перадавыя фашысцкія часці прайшлі далёка наперад, за імі рухаліся тылавікі, падбіралі ўсё каштоўнае, рабавалі насельніцтва, усталёўвалі жорсткі акупацыйны рэжым. У суседніх Міханавічах з’явіўся нямецкі гарнізон, камендатура, у іншых вёсках — старасты. Пачалі дзяліць калгасную маёмасць, зямлю. Многіх спецыялістаў-чыгуначнікаў акупанты прымусілі выйсці на работу, рамантаваць пуці, тэхніку. Трапіў у іх лапы і бацька Івана Бачылы. Івану ж, які разам з некаторымі падпольшчыкамі ў пачатку 1942 года пайшоў у партызанскі атрад, загадалі працаваць разам з бацькам. Для таго, каб дакладваць у атрад пра ўсё, што ўбачыў і пачуў. Так Іван стаў партызанскім сувязным. З гэтага часу хлопец пачаў рэгулярна выконваць даручэнні партызанскага камандавання: збіраў зброю, распаўсюджваў лістоўкі, перадаваў звесткі пра графік руху ваенных эшалонаў, сістэму аховы чыгункі. Першай яго баявой аперацыяй стала дыверсія на «жалезцы». Потым з’явіліся і новыя абавязкі. Яму загадалі забяспечваць атрад медыкаментамі і перавязачным матэрыялам з медыцынскага пункта, які працаваў у Міханавічах. Справа аказалася даволі небяспечнай, бо насупраць медпункта размяшчалася камендатура. Але гэтае заданне Іван выканаў. З пачатку 1942 года партызанскі рух шырыўся. Пераважная большасць моладзі, ратуючыся ад угону ў Германію, папаўняла партызанскія атрады. Але і вораг не спаў у шапку: ва ўсіх буйных населеных пунктах умацоўваліся варожыя гарнізоны. Таму вырашылі ўдарыць па іх. У адной з такіх аперацый удзельнічаў і Іван. Атрад Алейнікава, у якім ён быў сувязным, зімой 1942 года разграміў фашысцкі гарнізон цэнтральнай сядзібы былога саўгаса «Гуркі», захапіў шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў харчавання. Партызанскія атрады разграмілі гарнізон у Кайкаве. Вораг устрывожыўся, сцягнуў рэгулярныя часці і пачаў прачэсваць лясы. Нашы атрады былі яшчэ нешматлікімі, слаба ўзброенымі, і таму партызаны невялікімі групкамі выйшлі з блакады і разышліся па вёсках. Калі блакаду знялі, яны зноў сабраліся ў лясах. Неўзабаве Івану даручылі сабраць усю моладзь, якая яшчэ заставалася ў Бардзілаўцы, і пераправіць у атрад са зброяй, што да гэтага часу сабралі. Хлопец пабываў у кожнай бардзілаўскай хаце, сустрэўся з юнакамі і вечарам прывёў іх у атрад Анатоля Алейнікава. Хутка яго залічылі ў дыверсійную групу Сямёна Баркана. Кожную ноч падрыўнікі выходзілі на чыгунку, спускалі пад адхон саставы з варожай тэхнікай, жывой сілай, боепрыпасамі. Але былі ахвяры і ў партызанскіх радах. Таму сілы апошніх былі накіраваны і на чыгуначныя станцыі — у Міханавічах, Седчы далі ворагу прыкурыць. У верасні 42-га атрад узначаліў маёр Леанід Сарока. Галоўнай мэтай сарокінцаў, як пачалі называць партызан уз’яднанага атрада, стала агентурная разведка і дыверсіі. Леанід Сарока накіраваў у Мінск і навакольныя варожыя гарнізоны некалькі груп разведчыкаў і сувязных. Яны ўладкаваліся ў нямецкія ўстановы, на прадпрыемствы. У атрад пачала паступаць каштоўная стратэгічная інфармацыя. Сарокінцы разграмілі нямецка-паліцэйскія гарнізоны ў Крупіцы, Самахвалавічах, Трасцянцы, Заазер’і, Анопалі і іншых населеных пунктах. Савецкая ўлада была адноўлена ў многіх населеных пунктах, у тым ліку ў Бардзілаўцы, Кайкаве, Аляксееўцы, Міханавічах. І фашысты нічога не маглі з гэтым зрабіць, хоць неаднаразова праводзілі карныя аперацыі… Да вызвалення Беларусі ваяваў Іван Дзям’янавіч у радах лясных салдат. Пасля доўгі час працаваў на ніве народнай асветы, выхоўваў сапраўдных патрыётаў. Юльян ВЫСОЦКІ, член Беларускага саюза журналістаў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзейнасць партызанскай брыгады сарокінцаў блытала ворагу ўсе карты
|
|