Лекі — на вагу здароўя
23.06.2011
—
Разное
|
Інавацыйная вытворчасць ствараецца на базе Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук
![]() Многія яшчэ ўспрымаюць анкадыягназ як прысуд. На самай справе ў лячэнні такіх хворых адбыліся каласальныя змены. Немалая заслуга ў тым і даследчыкаў з Інстытута біяарганічнай хіміі. “База для грунтоўных даследаванняў у нас была закладзена яшчэ гадоў 30 таму, — расказвае Алена Калінічэнка, намеснік дырэктара інстытута па навуковай рабоце і інавацыях, доктар хімічных навук. — Пэўна ж, пашанцавала ўсім нам, што першым дырэктарам інстытута быў акадэмік Апанас Андрэевіч Ахрэм. А ён лічыў, што канчатковай мэтай усіх даследаванняў павінна быць не толькі атрыманне навукова значных, але і практычна важных вынікаў. У прыватнасці, ужо тады мы арыентаваліся і на стварэнне прэпаратаў для медыцыны”. Плён работы навукоўцаў ужо немалы: распрацаваны фармакалагічныя субстанцыі для лячэння захворванняў страўнікава-кішачнага тракта, сардэчна-сасудзістай сістэмы, анкалагічных захворванняў. З 2003 года многія з іх паспяхова рэалізуюцца не толькі ў Беларусі, але і ў Азербайджане, Казахстане, Расіі, ва Украіне і іншых краінах. Гэта прэпараты, здольныя вытрымаць канкурэнцыю па якасці і эфектыўнасці з замежнымі аналагамі. Распрацаваны беларускімі вучонымі і новыя высокаэфектыўныя тэхналогіі. Дарэчы, сёння ў Інстытуце біяарганічнай хіміі займаюцца не толькі стварэннем прэпаратаў, але і рыхтуюцца самі іх выпускаць. Ці ёсць ужо нешта падобнае ў Беларусі? “Гэта першае прадпрыемства такога ўзроўню, якое будзе працаваць па ўласных тэхналогіях, — удакладняе Алена Калінічэнка. — Нам не трэба закупляць ліцэнзіі, бо самі ствараем тэхналогіі. Будзем выпускаць прадукт з вельмі высокім дадатковым коштам. Напрыклад, 40 тон анальгіну, які сёння Беларусь закупляе, каштуе звыш 400 тысяч долараў ЗША. ![]() Сёння большасць беларускіх фармпрадпрыемстваў працуе на імпартных субстанцыях: з іх фармуюцца таблеткі ці ін’екцыйныя растворы. Напэўна, цалкам выключаць такі варыянт нельга. Ёсць прэпараты, напрыклад, той жа анальгін, які нам, вядома ж, больш выгадна купіць. А распрацаваныя інстытутам навукаёмістыя фармсубстанцыі — гэта высакаякасны малатанажны дарагі прэпарат, уласная вытворчасць якога не толькі прывядзе да значнай эканоміі валютных сродкаў, але і забяспечыць лекавую незалежнасць краіны. Алена Калінічэнка лічыць, што фармапрадпрыемства інстытута — толькі першая ластаўка ў гэтай справе. У планах жа — не адно такое інавацыйнае прадпрыемства, а дзесяць, а то і дваццаць. Іна Ганчаровіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Інавацыйная вытворчасць ствараецца на базе Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук |
|