А Беларусь – даражэй за ўсё. Успаміны пра Генадзя Цітовіча. 21.by

А Беларусь – даражэй за ўсё. Успаміны пра Генадзя Цітовіча

25.02.2012 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Генадзь Іванавіч Цітовіч – заснавальнік і першы кіраўнік галоўнага хору краіны. Фота belhor.by

29 лютага Беларускі нацыянальны акадэмічны народны хор Імя Генадзя Цітовіча адзначае 60-годдзе. Два гады таму адзначаны 100-гадовы юбілей яго заснавальніка. На самой справе менавіта сёлета Беларусь мае права законна святкаваць двайны юбілей – 60-гадовы хору імя Цітовіча і 100-гадовы яго заснавальніка.

У гэтым упэўнены віляйчанін Барыс Манцэвіч, які быў знаёмы з народным артыстам Савецкага Саюза Генадзем Цітовічам. Друкуем яго допіс у “Рэгіянальную газету”.

Пачну з успамінаў Генадзя Іванавіча, якія я запісаў 1 красавіка 1972 года:

Наблыталі п'яны поп і вайна

“...Я нарадзіўся не 7 жніўня дзесятага года, а 22 чэрвеня дванаццатага. Дату наблытаў п’яны поп, які маё хрышчэнне запісаў толькі ў жніўні. А год... Год ужо вайна наблытала. Вось табе і адказ, чаму я не пайшоў на пенсію ў 70-м. Таму што не хачу дзяржаву ашукваць. Сёлета і аформлюся канчаткова на пенсію. Што тычыцца маіх дзён нараджэння, асабліва юбілеяў, то я іх адзначаю па некалькі разоў – і на рабоце, і дома. Мне ад гэтага не горш”.

Гэта сустрэча адбылася пасля таго, як адзін з укладальнікаў кнігі “Люди Нарочанского края”, былы першы сакратар Вілейскага абкама партыі, у гады вайны – падпольнага, Іван Клімаў прапанаваў Цітовічу нарыс пра свайго першага настаўніка, майго бацьку Флора Манцэвіча. Тады я жыў у Беразіно, і да мяне на два дні і завітаў народны артыст Беларусі (ён жа – народны артыст СССР). З таго часу аднавілася наша знаёмства, якое было на некалькі гадоў прыпыненае.

Аўтограф Генадзя Цітовіча аўтару публікацыі

Мой высокі госць усё пачутае пра майго бацьку запісваў на магнітафон. А я стараўся перанесці на плёнку яго расказ.

– Ведаеш што, даражэнькі, запрасіце калі-небудзь мяне на сустрэчу з бярэзінцамі, і я ім раскажу усё, што іх можа зацікавіць: і чаму я адрокся ад духоўнай семінарыі, і як я вучобу ў Віленскім універсітэце спалучаў з вучобай у кансерваторыі, і як я стварыў рэспубліканскі прафесійны калектыў.

З-за чэрствасці мясцовага кіраўніцтва сустрэча з бярэзінцамі не адбылася. Добра, што ў мяне захаваліся такія-сякія запісы пры неаднаразовых сустрэчах са сваім старэйшым таварышам.

Пачатак – у Вільні і Вялікім Падлессі

Свае здольнасці ў арганізацыі творчых калектываў Генадзь Цітовіч праявіў яшчэ ў Вільні, стварыўшы вакальны квартэт са сваіх сяброў па семінарыі, якія, як і ён, сталі студэнтамі ўніверсітэта. Неўзабаве  становіцца і кіраўніком універсітэцкага хору. Асабліва свой талент малады дзеяч харавога мастацтва праявіў ў 1939 годзе, калі, працуючы на Баранавіцкім абласным радыё, сфарміраваў у вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна хор, якому ў 1965 годзе было нададзенае імя народнага.

Аўтарытэт хору рос з кожным годам. Ужо ў 1940 годзе ён удзельнічаў у 1-й дэкадзе беларускага мастацтва і культуры ў Маскве, а ў 1945 годзе атрымаў дыплом 1-й ступені на Усесаюзным аглядзе харавой самадзейнасці, набыў папулярнасць за межамі рэспублікі.

На пачатку 50-х гадоў ва ўрадзе Беларусі ўзнікла пытанне аб стварэнні Дзяржаўнага народнага хору на прафесійнай аснове. Выбар паў на Генадзя Цітовіча. І ён з уласцівай для яго энергіяй узяўся за новую работу. 1952 год стаў годам нараджэння народнага калектыву.

Нельга пагадзіцца са словамі, прыведзенымі ў энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі (Мінск, 1989 г.), дзе пра Цітовіча сказана: “Стварыў у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна народны хор (1952 г.), рэарганізаваны ў 1959 г. у Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца, у 1964 г. – у Дзяржаўны хор БССР, якім кіраваў да 1974 г.”

А вось якія словы Генадзя Іванавіча прыводзіць ў артыкуле “Самы шчаслівы чалавек” (“Беларуская думка”, №8 за 2010 г.) Алесь Марціновіч:

“Асновай стылю і рэпертуару Дзяржаўнага народнага хору БССР стала творчасць спевакоў Вялікага Падлесся, хоць адтуль у хор прыйшло толькі тры чалавекі. Я хацеў узяць, напрыклад, тэнараў Праневіча, Махнача, многіх іншых, але іх трымалі сем’і, гаспадаркі. Ды і цяжка было людзям мяняць карэнны лад жыцця”.

Аснова ў народнай песні

Гады ішлі. Рос, мяняўся ў структуры калектыў. У 1965 годзе Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца стаў Дзяржаўным народным хорам БССР, а ў 1983 годзе яму далі назву Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору . Калі ў чэрвені 1986 года не стала Генадзя Цітовіча, калектыву было прысвоена яго імя.

З гадамі ў хоры Цітовіча склаліся тры асноўныя накірункі, і ў першую чаргу этнаграфічны: са сцэны гучыць крыху адрэдагаваная (але не пераробленая, як бывае ў наш час) песня, якая раскрывае першароднае гучанне. Калі аднойчы пры чарговай сустрэчы з Цітовічам я прызнаўся, што не разумею “Песняроў”: на маю думку, яны б нашмат выйгралі б, калі б у іх творчасці шырэй выкарыстоўваўся гэты элемент – рэдагаванне, а не пераробка, Генадзь Іванавіч крыху пагадзіўся са мной, але сказаў:

– Я цаню, даражэнькі, Мулявіна ў першую чаргу таму, што ён дабіўся самабытнага выканальніцкага стылю, каларытнасці гучання. За гэта і паважаюць яго калектыў.

Другі накірунак калектыву Цітовіча заключаецца ў яго тэатралізацыі. Гэта кампазіцыя, якая ўключае ў сябе і вакал, і інструментоўку, і харэаграфію.

Нарэшце, трэці накірунак – уласна харавое майстэрства спеваў а капэла.

У рэпертуары калектыву значацца апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, розных найгрышаў, песні іншых народаў, творы беларускіх кампазітараў.

Такія народныя песні, як “Жавараначкі, прыляціце”, “Ой, рана на Йвана”, “Рэчанька” і некаторыя іншыя, Генадзь Іванавіч запісаў у час сваіх вандровак па краіне і апрацаваў іх для народнага хору.

Старэйшае пакаленне добра памятае выступленні як сола , так і ў дуэце заслужаных артыстак Беларусі Марыі Адамейкі і Ганны Аўдзеенкі. Асабліва падабаюцца мне жартоўныя песні ў выкананні Адамейкі. Ганна ж у сваю чаргу тонка адчувала і перадавала стылявыя асаблівасці палескіх народных песень.

Прыемна, што ў хоры імя Цітовіча атрымаў званне заслужанага артыста краіны, можна сказаць, віляйчанін, Васіль Браім, які пачынаў спяваць у хоры пад кіраўніцтвам Анатоля Шагава, на заводзе “Зеніт”.

Добразычлівасць, ветлівасць, спагадлівасць, жаданне дапамагчы кожнаму і шмат іншых станоўчых якасцяў былі ўласцівыя для Генадзя Іванавіча. У яго хоры доўга спяваў мой сябра ваеннага дзяцінства Павел Гарбаценка. Ён быў без рук (толькі на адной кісці пару пакалечаных пальцаў захаваліся). Да таго ж Павел быў інвалідам па зроку. А голас меў цудоўны.  Калі ён па стане здароўя ўжо не мог спяваць у хоры, Генадзь Іванавіч знайшоў для яго месца ў адміністрацыйнай рабоце.

Але зусім па-іншаму адносіўся Цітовіч да тых, хто абыякава ставіўся да выканання сваіх абавязкаў. Спашлюся на ўспаміны хормайстра Фёдарава:

“Аднойчы ў час рэпетыцыі з жаночым саставам хору ён раптам звярнуўся да адной са спявачак:

– Выйдзіце з хору! Вы не працуеце.

Жанчына запярэчыла:

– Чаму, Генадзь Іванавіч! Я ж спяваю!

– Не, – адказаў Цітовіч, – вы душой адсутнічаеце і ў думках знаходзіцеся недзе, магчыма, на базары. Я бачу вашы вочы – у іх ні настрою, ні зместу таго, што вы выконваеце”.

А Беларусь – даражэй за ўсё

Каб быць такім, якім з’яўляўся Генадзь Цітовіч, трэба да бяспамяцтва любіць сваю радзіму. Калі ў 1964 годзе са сваім калектывам ён гастраляваў па рэспубліках Сярэдняй Азіі, то 23 сакавіка пісаў майму брату Георгію з Паўладара:

“За апошнія гады я пабываў у многіх рэспубліках і гарадах Савецкага Саюза, неаднаразова выязджаў за мяжу, пабачыў шмат цікавага, але заўсёды вяртанне ў Беларусь было найбольш радасным, кульмінацыйным момантам гэтых паездак”.

Барыс МАНЦЭВІЧ,

сын першага настаўніка Генадзя Цітовіча.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
29 лютага Беларускі нацыянальны акадэмічны народны хор Імя Генадзя Цітовіча адзначае 60-годдзе. Два гады таму адзначаны 100-гадовы юбілей яго заснавальніка. На самой...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика