«ЛЫСЫЯ ВОЖЫКІ». 21.by

«ЛЫСЫЯ ВОЖЫКІ»

20.04.2012 00:07 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэтых калючыкаў — непаўторны цуд прыроды — я люблю змалку. У бацькоўскай хаце, што стаіць ля маляўнічага возера на ўскрайку лясных нетраў, вожыкі, прынесеныя з вандровак, жылі пастаянна, дапамагаючы лянівым катам ваяваць з нахабнымі мышамі.

Любуючыся сімпатычнымі стварэннямі днём, слухаючы іх дзелавіты тупат па падлозе ўначы, я не мог і падумаць, што ў дарослым веку давядзецца жыць у краіне «лысых вожыкаў». Як мне здаецца, дасціпная мянушка вельмі падыходзіць насельнікам Беларусі.

За ХХ стагоддзе тутэйшы люд канчаткова закансерваваўся ў таталітарным рабстве, страху, патрэбе штодзённага выжывання. Што робіць вожык прад небяспекай? Скручваецца ў клубок і выстаўляе калючкі. Тое ж робяць беларусы, толькі ім значна горш, бо абараняцца нечым. Свае калючкі — магчымасць кантраляваць уладу, змагацца за свае правы і свабоды, за праўду і справядлівасць — яны страцілі, «аблыселі».

У савецкі час сярэднестатыстычны беларус цярпліва стаяў у бясконцых чэргах па каўбасу, жаночыя замежныя боцікі, марыў пра набыццё жаданых і такіх недасяжных «Масквіча», «Лады» або «Волгі». Але ён, адгароджаны ад свету «жалезнай заслонай», быў упэўнены, што жыве добра. Савецкая ідэалогія не толькі праграмавала жыццё, стварала патрэбныя ўладзе міфы, але і валодала думамі масаў, падсоўваючы ім разгорнутыя адказы на любое пытанне.

Чаму ж цяпер, калі магазіны, гіпермаркеты, гандлёвыя цэнтры ломяцца ад разнасолаў, а ў аўтасалонах можна набыць замежны лімузін любой маркі, многія людзі лічаць, што новае жыццё пабудавана няправільна, што яно — несправядлівае і амаральнае? Паспрабуйце абвергнуць, яны прывядуць тысячы фактаў дэградацыі грамадства — ад татальнай карупцыі ў эшалонах улады да маленькіх дзяцей, пакінутых або нават забітых бацькамі, якія пад уздзеяннем алкаголю, наркотыкаў абыдлелі, ператварыліся ў пачвараў!

Расійскі сацыёлаг і культуролаг Д. Дандурэй так тлумачыць гэты феномен: «Есть страшная неустойчивость картины мира, невероятная беззащитность, состояние депрессии элит. Тоска по советскому возникает не оттого, что кому-то хочется снова стоять в очереди за мясом, понимаете? И не так уж важно былое ощущение военной мощи былой сверхдержавы. Люди — за то, чтобы понимать правила жизни, которые бы их каким-то образом держали на поверхности. Сегодня эти вещи вынуты, и за двадцать лет никто не спроектировал нового смыслового космоса».

Сапраўды, з тых павучанняў, якія гучаць з высокіх трыбун, экранаў прыўладнага тэлебачання, дзе нават сэнс можа ў любую хвіліну павярнуцца на 180 градусаў, нешта зразумець абсалютна немагчыма.

Але ўсё роўна нашы «лысыя вожыкі» прывыклі давяраць таму, хто бярэ на сябе місію апекуна, і хістаюцца разам з ім: то запалаюць да некага вялікай любоўю, то зменяць яе на такую ж нянавісць. Толькі ці можа забяспечыць людзям абароненасць той, хто сам знаходзіцца ў няпэўным становішчы, хто з цяжкасцю падтрымлівае сваё выжыванне ва ўладзе пастаяннымі таемнымі змовамі, здзелкамі, шантажом?

«Лысыя вожыкі», хоць пахваляюцца сваёй высокай адукаванасцю, ды ніяк не ўцямяць, што аўтарытарны кіраўнік не здольны арганізаваць прагрэсіўнае развіццё краіны, вынікова займацца эканомікай і мэтанакіравана паляпшаць дабрабыт усяго насельніцтва. Ён заклапочаны толькі ўтрыманнем улады і таму ў першую чаргу дбае пра тых, ад каго наўпрост залежыць ягонае сядзенне ва ўтульным крэсле, — чыноўнікаў, сілавікоў. Лакеі без поўнага карыта служыць старанна ніколі не будуць.

Астатнім людзям застаецца целяпанне ў папулісцкім балоце абяцанак. Пра што гаворыць заўжды электарат, якая ў яго самая важная тэма і галоўная радасць? Павышэнне зарплат і пенсій! А тыя скачуць то крышку наперад, то назад. Разумны чалавек бачыць: пералікі нейкіх працэнтаў, пахвальба, плясканне ў ладкі — абсалютна пусты занятак! Даходлівы адказ на дэмагагічную балбатню ўлады — гэта рэальныя цэны на прадукты і тавары, якія павысіліся ў шмат разоў болей, чым ва ўсіх нашых суседзяў.

Хоць краіна «лысых вожыкаў» стаіць на скрыжаванні шляхоў з усходу на захад, з поўдня на поўнач і наадварот, ды вандроўнікі, турысты, бізнесмены-інвестары спыняюцца тут рэдка, транзітам праносяцца далей. Яе гатэлі стаяць паўпустымі.

Нешта падобнае адбываецца ў блізкім па духу Кітаі, дзе пабудаваны горад Ордас, разлічаны на 1 мільён жыхароў. У спякотнай пустыні асталяваліся прыгажосць і раскоша. Але ў камфартабельных дамах жыве толькі некалькі тысяч чалавек, у гатэлях няма пастаяльцаў, у тэатрах, музеях, галерэях — наведвальнікаў. Тлумачыцца ўсё проста — багатыя кітайцы ўкладваюць грошы ў «чарадзейную» нерухомасць з надзеяй, што яны калісьці акупяцца. Іншых шляхоў выкарыстання капіталу дзяржава не забяспечыла. Затое ў Беларусі тысячы кітайцаў хутка займеюць рабочыя месцы.

Маючы ў сябрах Кітай, кіраўнік «лысых вожыкаў» і яны самі становяцца шчаслівымі, калі іх краіну таксама залічваюць у шэрагі «вялікіх», як гэта зрабіў расійскі журналіст А. Гурноў: «При всех минусах, он молодец в том, что разговаривает с Европой с точки зрения руководителя великой державы». Няясна толькі, чым вызначаецца беларуская «вялікасць»: памерам бяздарна спажытай суседскай газавай і нафтавай халявы, колькасцю разнастайных даўгоў або лядовых палацаў?

«Лысыя вожыкі», калі вывучаць іх збоку і здалёку, — гэта як бы рахманыя, талерантныя, бяскрыўдныя істоты. Многія іншаземцы так і ўспрымаюць наш люд.

Але дзеля праўды трэба сказаць, што»лысых вожыкаў» хапае і па-за межамі Беларусі. Угледзьцеся ў еўрапейскіх палітыкаў, чыноўнікаў, бізнесменаў, якія змоўнічаюць з аўтарытарным рэжымам, у заштатных, але актыўных палітолагаў, сацыёлагаў, журналістаў, якія «на падхваце» і прапіяраць любога боўдзілу, каб толькі той плаціў «бабло». Вунь колькі іх мільгае на трыбунах, на экранах, у прэсе! Усе ўсмешлівыя, гладзенькія, мяканькія, хоць да раны прыкладай. Яны прыкрываюцца «клопатамі пра простых беларусаў», а самі цынічна рашаюць уласныя прагматычныя патрэбы, заганяючы наш народ яшчэ далей у аўтарытарны тупік, у безвыходнасць.

Чалавек нараджаецца не для таго, каб толькі супраціўляцца гвалту, абразам, прыніжэнню сваёй годнасці, няспынная барацьба не можа быць зместам цэлага жыцця. Таму беларусам усё ж неяк трэба рашыцца і перагледзець прымірэнчыя адносіны да нягеглай рэчаіснасці.

У несвабодных краінах людзям як паветра патрэбна ўнутраная свабода. Як яе выхоўваць, мы можам павучыцца ў суседзяў, дзе ёсць дух дэмакратыі. Былы віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў РФ А. Кудрын стаў ініцыятарам стварэння камітэта грамадзянскіх ініцыятыў. Ён лічыць, што неабходна развіваць мясцовае самакіраванне, непартыйны рух знізу праз людзей. Магчыма, тады ў «лысых вожыкаў» пачнуць адрастаць калючкі і яны зноў будуць лавіць мышэй?

Прызнаюся шчыра — жыць сярод «лысых вожыкаў» пакутліва. Глядзець кожны дзень на сваіх дзівакоў, якія абыякава ставяцца да ўласнага лёсу, да будучыні дзяцей і ўнукаў, да галоўнага набытку — незалежнасці Айчыны, на меркантыльныя хітрыкі пэўных расійскіх і еўрапейскіх «дабрадзеяў» даўно не хапае ні душэўнай, ні фізічнай моцы. Абрыдла!

Не бывает хорошей войны и плохого мира.

Сяргей ЗАКОННІКАЎ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтых калючыкаў — непаўторны цуд прыроды — я люблю змалку. У бацькоўскай хаце, што стаіць ля маляўнічага возера на ўскрайку лясных нетраў, вожыкі, прынесеныя з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика