Было ўсё: партызаны, ГУЛАГ, Катынь, рэпрэсіі
20.08.2012
—
Разное
|
Старажытная беларуская шляхта. Пачатак 20 стагоддзя. Стэфанія Зайкоўская (трэцяя справа налева) сярод дзяўчат-шляхцянак. І ўсе з роду Зайкоўскіх. Звярніце ўвагу на тое, як прыбраныя дзяўчаты, ці не ўсе ў капялюшыках, з дамскімі сумачкамі, у руках трымаюць белыя пальчаткі, на нагах – туфелькі. Але ўсе адзетыя ў паліто, значыць на дварэ не так цёпла, хаця бачна, што свеціць сонца. Дрэвы ці то ў густой лістоце, ці то ў цвеце. Нялёгкая доля выпала і маёй бабулі па бацькавай лініі (мы яе называлі бабця) Стэфаніі Зайкоўскай. Яна паходзіла са старажытнай шляхты і першая з іх шляхецкага роду выйшла замуж за простага, але багатага хлопца Паўла Маліцкага з вёскі Папкі Валожынскага раёна. Там і пражылі ўсё жыццё. Бабця нарадзілася ў 1880 годзе, замуж выходзіла ў 25-гадовым ўзросце. Сасваталі яе з Маліцкім, і на вяселлі сядзела трохі адвярнуўшыся ад мужа, незадаволеная, маўляў, ён жа не са шляхты, а з простых. Але пражылі яны лёгка і хораша між сабой. У маёй бабці было пяцёра дзяцей, але пасля вайны ў жывых застаўся толькі мой бацька. Старэйшы сын Баляслаў Маліцкі быў расстраляны ў Катыні пад Смаленскам у 1940 годзе. Ён закончыў Маладзечанскую гімназію і Віленскі ўніверсітэт. Працаваў адвакатам. У 1939 годзе Баляслава прызвалі ў Войска Польскае, і жыццёвы шлях яго скончыўся ў 30-гадовым узросце ў Катыні. За што расстралялі?! Дачушка Ядзя памерла маленькай ад хваробы. Сына Юзіка да вайны паралізавала, і ён памёр. А самы малодшы сын, Юлік, у пачатку вайны пайшоў у партызаны, але, мусіць, не зразумеў камуністычнай ідэалогіі і праз некалькі тыдняў уцёк з лагера і пайшоў у атрад Арміі Краёвай, дзе і загінуў. Мой бацька, Вітольд Маліцкі, застаўся ў жывых і амаль 40 гадоў адпрацаваў бухгалтарам на маладзечанскай чыгунцы. Амаль усю бацькаву радню дэпартавалі ў Паўночны Казахстан, вырвалі з коранем з роднай зямлі. Некаторыя не вытрымалі выпрабаванняў і загінулі. Тыя, хто застаўся жыць, пабаяліся вярнуцца ў родныя мясціны і эмігрыравалі ў Польшчу. Жывучы там, яны доўгі час не наведваліся на радзіму, бо баяліся, што іх зноў вышлюць. А гэта ж былі людзі працавітыя, сумленныя, шчыра верылі ў Бога. За што пацярпелі?! Аліна АНКІНОВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Разважаю пра гістарычныя падзеі 20 стагоддзя і сэрца сціскаецца ад болю. Яны сваім крылом закранулі маіх родных па поўнай. Тут было ўсё: партызаны, ГУЛАГ, Катынь,... |
|