Незвычайную калекцыю камянёў сабрала выкладчыца ліцэя
11.09.2012
—
Разное
|
Больш за 200 разнастайных камянёў дзівоснай формы і афарбоўкі, на якіх сама маці-прырода пакінула свой адбітак, пераўтварыўшы, здавалася б, мёртвы матэрыял у сапраўдны шэдэўр, знаходзяцца ў рабочым кабінеце і дома ў Ліліі Аляксандраўны. Кожнаму экспанату жанчына дае адпаведную назву. Вось на паліцы ляжыць камень “Сэрца”. Прыгледзішся ўважліва — сапраўды, чалавечае сэрца выбіта з каменю, нават прожылкі відаць. Побач размясціліся камяні, што нагадваюць сваім выглядам карту Беларусі, смаўжа, вока быка, грыбы, Напалеона і нават лахнэскае страшыдла. Зрэшты, усе не пералічыць. Ведаючы аб захапленні выкладчыцы, навучэнцы ліцэя дораць Ліліі Аляксандраўне свае каменныя знаходкі. Лілія Бур’як не проста збірае камяні, але і робіць з іх абярэгі-амулеты, якія з задавальненнем дорыць сябрам і знаёмым. Увогуле, захапленне камянямі і гісторыяй роднага краю, яго старажытнымі паданнямі ды легендамі Ліліі Аляксандраўне яшчэ з дзяцінства прывілі настаўнікі Галынкаўскай сярэдняй школы, што ў Клецкім раёне. Праўда, збіраць камяні яна стала каля дваццаці гадоў таму. — Вяртаючыся аднойчы пасля працы дамоў у Любашава, — прыгадвае выкладчыца, — на дарозе заўважыла незвычайнай формы каменьчык. Прыгледзелася — камень падобны да сэрца. Падняла “каменнае сэрца” з дарогі і войкнула: на другім баку каменя выразна прасочваўся вобраз жанчыны з дзіцём на руках, — кажа Лілія Аляксандраўна, паказваючы на дзіўны каменьчык, які і паклаў пачатак яе захапленню. Бяру экспанат у рукі. З аднаго боку, сапраўды, відаць абрыс маладой жанчыны, на руках якой, утульна ўладкаваўшыся, спіць дзіця. Камень, нягледзячы на гарачыню, халодны, прыемны навобмацак. Сапраўдны прыродны цуд. — Камяні на самой справе падсілкоўваюць, даюць станоўчую энергію, настройваюць думкі на пазітыў, — тлумачыць Лілія Аляксандраўна. З тае пары жанчына пачала ўважліва прыглядацца да каменьчыкаў, што сустракала ў полі, у лесе, на дарозе. Ёсць у калекцыі Ліліі Бур’як камяні з Канады, Казахстана, Чырвонага, Міжземнага і Чорнага мора. Але больш за ўсё ёй даспадобы каменьчыкі, сабраныя на роднай зямлі. Лілія Аляксандраўна не толькі калекцыянуе камяні, але з дапамогай свайго захаплення вучыць дзяцей любіць і цаніць прыгажосць і непаўторнасць палескага краю. Навучэнцы пад кіраўніцтвам выкладчыцы ўдзельнічаюць у разнастайных экалагічных праектах і займаюць прэстыжныя месцы і на абласным узроўні, і на рэспубліканскім. Зараз Лілія Аляксандраўна разам з юнакамі і дзяўчатамі працуе над чарговай незвычайнай задумай. — Хочам стварыць камянёвы сад, — прызнаецца жанчына. — Вызначыліся з тэрыторыяй, на якой пасадзілі каля ста кустоў бэзу. Гэта будзе казачны бэзавы сад, пасярэдзіне якога выкладзем з велізарных валуноў контур Ганцавіцкага раёна. Ведаеце, якую істоту прыгадвае абрыс нашага раёна? — пытаецца ў мяне Лілія Аляксандраўна. У адказ сарамліва кручу галавой — ніколі не звяртала ўвагі. — Вялікую рыбіну, — тлумачыць улюбёная ў свой край Лілія Бур’як. — Нездарма гавораць, што рыбіна шукае месца, дзе глыбей, а чалавек — дзе лепей. У хуткім часе камянёвы сад зачаруе сваёй бэзавай прыгажосцю не толькі ганцаўчанаў, але і гасцей горада, таму што паглядзець на дзіўныя стварэнні рук чалавечых і прыроды захочуць многія. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за 200 разнастайных камянёў дзівоснай формы і афарбоўкі знаходзяцца ў рабочым кабінеце і дома ў Ліліі Аляксандраўны Бур’як
|
|