Англічанін у трусах ратаваў ровар (+відэа)
25.10.2012
—
Разное
|
![]() Якаб Вудс наведаў турклуб “Пілігрым” у Маладзечне, дзе падзяліўся ўражаннямі ад Беларусі. Ужо цягам двух месяцаў Якаб Вудс падарожнічае па Еўропе. Яго падарожжа пачалося ў паўночна-заходняй Англіі, адкуль ён родам, ішло праз Германію, Швецыю і Прыбалтыку. У чацвер, 18 кастрычніка, чарговым прыпынкам вандроўніка стала Маладзечна.У Маладзечна Якаб прыехаў з Мядзела. Перад гэтым ён паспеў наведаць Вільню, Рыгу і Талін. З сабой у яго ровар, палатка і цёплыя рэчы. Першую ноч у Беларусі англічанін правёў у лесе на Мядзельшчыне. – Увечары я паставіў палатку ў лесе і спакойна правёў там ноч, – кажа Якаб. – А раніцай, калі пачаў збірацца, убачыў абапал дарогі знакі, якія папярэджваюць, што ў лесе ёсць ваўкі і мядзведзі. Добра, што заўважыў гэтыя знакі толькі зранку! За свае 24 гады англічанін ужо паспеў пабываць шмат у якіх краінах. Падчас падарожжаў у яго і ўзнікла цікавасць да Усходняй Еўропы. – Магчыма, у будучыні я дабяруся і да Расіі, – дзеліцца планамі вандроўнік. – Але расійскую візу пакуль не атрымліваў. У маёй сям’і ўжо прывыклі да маіх падарожжаў, таму асаблівага хвалявання за мяне няма. На Мядзельшчыне Якаб пабачыў возера Нарач. – Кажаце, гэта самае вялікае возера Беларусі? – здзіўляецца англічанін. – Добра, што сказалі. Аказваецца, мне вельмі пашчасціла! – Я дабраўся да Таліна разам з сябрам. Там мы і набылі ровары, на якіх пасля ехалі на поўдзень. Але ў сябра няма беларускай візы, таму з Вільні ён паляцеў у Лондан. Якаб здзіўляецца пытанню, ці не баіцца ён адзін падарожнічаць па невядомай краіне. – Я не адчуваю ніякай небяспекі! Да таго ж я сам не выглядаю падазроным, праўда? Людзі ў Беларусі вельмі гасцінныя і добразычлівыя. У любой краіне, калі ты звяртаешся да людзей з адкрытым сэрцам, яны адкрываюцца табе насустрач, – упэўнены Якаб. – Размаўляю з мясцовымі пры дапамозе мімікі і жэстаў. Гэтую мову разумеюць паўсюль! Менавіта такая “сусветная мова” і дапамагла Якабу знайсці часовы прытулак у беларускіх гарадах. Ратаваў ровар у трусах – Падчас падарожжа на Мядзельшчыне ў мяне парваліся штаны, – расказвае вандроўнік. – Я папрасіў чалавека на вуліцы мне дапамагчы. Мяне правялі ў кватэру, далі нітку і іголку. Паколькі кватэра была на трэцім паверсе, я пакінуў ровар на вуліцы і вельмі хваляваўся, каб яго не скралі. Праз акно пабачыў, як да яго падышоў нейкі мужчына. Я спалохаўся і проста ў трусах пабег на вуліцу ратаваць ровар. Але высветлілася, што мужчына – таксама раварыст і яго проста зацікавіў мой транспарт. Яго завуць Павел. Мы пачалі размаўляць, а пасля новы знаёмы запрасіў да сябе. – Вядома, роварная інфраструктура ў Беларусі не такая добрая, як у Прыбалтыцы. У Эстоніі вельмі шмат спецыяльных дарожак, святлафораў, дарожных знакаў, – заўважае Якаб. – Але ў Беларусі вельмі шырокія і добрыя дарогі. Па іх зручна ехаць на ўзбочыне. Таму асаблівых цяжкасцей я не бачу. Відаць, што пытанне роварный інфраструктуры не падымаецца тут на дзяржаўным узроўні. У Беларусь – за 1 мільён Беларуская віза Якаба разлічаная на тры тыдні. Яна абышлася яму не танна: 75 фунтаў стэрлінгаў (каля 1 мільёна беларускіх рублёў). Англічанін пакуль не вырашыў, што будзе рабіць у Беларусі ў гэты час. – Шлях майго падарожжа вельмі спантанны. Адзінае, што ў ім ёсць дакладнага – наведванне Мінска. Вельмі хачу пабачыць беларускую сталіцу. Больш фота глядзіце тут: Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота Настассі РОЎДЫ. Відэа Настассі РОЎДЫ і Аляксандры ПАРАХНІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо цягам двух месяцаў Якаб Вудс падарожнічае па Еўропе. Яго падарожжа пачалося ў паўночна-заходняй Англіі, адкуль ён родам, ішло праз Германію, Швецыю і... |
|