У рэгіёне плануюць пабудаваць ветракі
29.11.2012
—
Разное
|
З праектамі аб пабудове ветрапаркаў у Ашмянскім і Смаргонскім раёнах выступіла Мінэнерга падчас выставы інвестыцыйных праектаў Беларусі. Мерапрыемства прайшло 16 лістапада ў Мінску. Пагадненні аб рэалізацыі не былі падпісаныя. Але гэтыя планы ўвойдуць у базу інвестпраектаў Беларусі. – Не магу сказаць дакладна, калі пачнецца будаўніцтва, – кажа начальнік упраўлення энергаэфектыўнасці Мінэнерга Міхаіл Малашэнка. – Ведаю, што неабходны патэнцыял ёсць і на Смаргоншчыне, і на Ашмяншчыне. Але пакуль няма фінансавання. Адзін вятрак каштуе некалькі тысяч даляраў (у залежнасці ад магутнасці), тэрмін яго акупальнасці – 8-10 гадоў. Служыць адна устаноўка можа цягам 20 гадоў. У Беларусі зараз няма ніводнага ветрапарку, а толькі асобныя ветраныя ўстаноўкі. Энергія з іх накіроўваецца да электрасетак. Ветракі ў Беларусі можна ставіць сотнямі На пытанні карэспандэнта “РГ” адказвае Дзмітры Буронкін, каардынатар Энергетычнай кампаніі Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск). – Ці ёсць у Беларусі неабходныя прыродныя ўмовы для пабудовы ветрапаркаў? – Ёсць, і вельмі добрыя. Іх прызнае і дэпартамент па энергаэфектыўнасці. Выкарыстанне энергіі ветру прапісанае ў “Нацыянальнай праграме развіцця мясцовых і ўзнаўляльных крыніц энергіі да 2015 года”. Згодна з гэтай праграмай, да 2015 года вецер па ўсёй Беларусі мусіць выпрацоўваць 450 мегават энергіі. Каб было зразумела: гэтага хопіць, каб забяспечыць энергіяй тры такія горады, як Дзяржынск (насельніцтва – каля 25 тысяч чалавек. – Аўт). Цяпер жа ветрам выпрацоўваецца каля двух мегават ва ўсёй Беларусі. Рэальную магутнасць ветрака можна вызначыць па формуле (N – 40%), дзе N – заяўленая магутнасць ветрака. З-за непастаянства надвор’я ён выпрацоўвае толькі 60% ад гэтай магутнасці. Прыкладна палову яго энергіі можна адразу адняць – яна губляецца ў бязветранае надвор’е. Калі я не так даўно запытаўся ў прадстаўнікоў дэпартамента, ці вераць яны ў гэты план, яны шчыра адказалі – не. Гэта будзе вельмі дорага для краіны. – Чаму праект ветрапарку ў Ашмянскім і Смаргонскім раёнах не зацікавіў інвестараў? – Думаю, дасведчаныя людзі добра памятаюць выпадак з Дзяржынскам. Пару гадоў таму інвестары ўклалі грошы ў праект і былі гатовыя пачаць будаўніцтва ветрапарку недалёка ад горада. Калі ўсё было ўжо гатовае, раптам высветлілася, што ветракі будуць перабіваць сігналы радыёлакацыйных станцый, якія знаходзяцца непадалёк. Будаўніцтва адмянілі, а інвестары страцілі грошы. Але я вельмі ўсцешаны тым, што такі праект быў прапанаваны на форуме. Значыць, з эканамічнага пункту гледжання беларусаў цікавіць не толькі сельская гаспадарка і гандаль, але яшчэ і экалогія. – Ці значыць гэта, што трэба шукаць грошы на ветракі ўнутры краіны? – Так, гэта было б добра. Наладзіць жа ўласную вытворчасць вельмі складана. Адкрываць прадпрыемства, каб рабіць ветракі толькі для Беларусі, – не мае сэнсу. Тады ўжо варта наладжваць продаж. А канкураваць у гэтай сферы з іншымі краінамі будзе вельмі і вельмі складана. – Якім чынам спецыялісты прыйшлі да высновы, што Ашмяншчына і Смаргоншчына – добрае месца для ўсталявання ветракоў? – Праводзяцца спецыяльныя даследаванні ветру. Гідраметыябюро рыхтуе да друку атлас вятроў Беларусі. Але яго дадзеных недастаткова для вызначэння месца. Перад пачаткам будаўніцтва даследуюцца і такія фактары, як узровень шуму ад ветракоў, іх аддаленасць ад жылля чалавека, магчымыя пагрозы для птушак. У адной Мінскай вобласці спрыяльных месцаў можна налічыць каля тысячы. Сярэдняя хуткасць ветру ў Беларусі на працягу года – 3-4 метры за секунду. – Адзін з ветрапаркаў плануюць будаваць у Ашмянскім раёне. Побач знаходзіцца Астравецкі, дзе будуюць АЭС. Можа, інвестараў занепакоіла менавіта гэта? – А чаму гэта павінна было непакоіць? Думаю, якраз інвестары звярнулі на гэта ўвагу ў першую чаргу. Але энергія атамнай станцыі з большага будзе ісці на продаж. Ветрапарк змог бы забяспечваць мясцовае насельніцтва. Не бачу ў такім суседстве нічога дзіўнага. У чым плюсы і мінусы ветракоў? На пытанне адказвае Дзмітры Буронкін. 2) Выкарыстанне энергіі ветру не шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Няма працэсу гарэння, а значыць, не забруджваецца атмасфера. Ветракі не ўздзейнічаюць на паступовую змену клімату. 3) Ветракі дазваляюць дэцэнтралізаваць энергасістэмы. Значыць, кожны асобны дом ці гаспадарка могуць не залежыць ад цэнтралізаванай падачы электраэнергіі, а забяспечваць сябе ёю самастойна. Мінусы: 1) Вецер – непастаянная крыніца энергіі. У такім выпадку шмат залежыць ад надвор’я. 2) Вібрацыя паветра ў раёне ветракоў. Яна нізкачастотная і не адчуваецца чалавекам, але ўсё роўна людзі могуць адчувацць. Некаторыя могуць скардзіцца на празмерную нервовасць, пачуццё трывогі ці парушэнні сну. Але навуковых пацвярджэнняў шкоды ад ветракоў няма дагэтуль. Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З праектамі аб пабудове ветрапаркаў у Ашмянскім і Смаргонскім раёнах выступіла Мінэнерга падчас выставы інвестыцыйных праектаў Беларусі. Мерапрыемства прайшло 16...
|
|