21 снежня астраномы не чакаюць канца свету
21.12.2012
—
Разное
|
![]() Астраном-аматар Іван Сяргей у сваёй абсерваторыі. Ён не верыць у канец свету 21 снежня і завярае, што нам таксама няма чаго баяцца. Аматар астраноміі з Маладзечна, стваральнік Беларускай Сеткі назіральнікаў метэораў Іван Сяргей не верыць у канец свету 21 снежня.Праўда, некаторыя знаёмыя прасіліся менавіта гэты дзень правесці ў абсерваторыі Івана, якую ён зрабіў сам. Астраном не супраць, але да апакаліптычных настрояў ставіцца катэгарычна: – Калі будзе добрае надвор’е, то ў гэты дзень планую праводзіць назіранні, – гаворыць Іван Сяргей. – А канец свету прадказвалі столькі разоў, столькі нагод прыдумлялі, і 1999, і 2000, але дагэтуль мы і жывыя, і нічога з намі не зрабілася. – Як вы наогул ставіцеся да размоў наконт канца свету? – Гэта поўная, прабачце, лухта. Такое адчуванне, што мы жывём у сярэднявеччы. Навука мае выдатныя дасягненні, 21 стагоддзе, а людзі вераць у такое цемрашальства. Распальваюць паніку, а нехта зарабляе на гэтым грошы, прадае месцы ў бункерах. – Значыць, зямлян у бліжэйшыя часы ніякая пагроза не чакае? – Бліжэйшая сур’ёзная астранамічная з’ява чакаецца ў 2024 годзе. Астэроід будзе пралятаць паміж Зямлёй і Месяцам. Па астранамічных мерках гэта блізка, але верагоднасць сутыкнення блізкая да нуля. – А парад планет, які прагназуюць на 21 снежня, нясе небяспеку? – Ён праходзіць даволі часта. Гэта калі планеты становяцца нібы ў адну лінію. Наогул, планеты рухаюцца па экліптыцы. Таму практычна заўсёды ствараюць лінію. На Зямлі з-за гэтага нічога не можа адбыцца. – І ўвесь ажыятаж вакол даты 21 снежня не мае ніякіх падстаў? – Пачалося ўсё з календара народа мая, які заканчваецца. Проста завяршылася пэўная эпоха, пасля якой пачынаецца новая. – Скажыце, а ў новым годзе космас падорыць зямлянам прыгожыя нябесныя з’явы? – Як і штогод, будзем назіраць зорныя дажджы. А вось адметнасцю стане камета, якая праляціць у канцы года. Яна можа стаць самай яркай каметай дзесяцігоддзя. Параўнаць можна з тымі, якія праляталі ў 1996 і 1997 гадах, з хвастамі на паўнеба. Вясной ужо можна будзе яе назіраць ў добрых тэлескопах. Дарэчы, камету адкрылі ў абсерваторыі каля Кіславодска астраномы-аматары Віталь Неўскі з Віцебска і Арцём Навічонак з Расіі. – А ці варта нам баяцца загадкавай планеты Нібіру, якая нібыта вандруе па Сонечнай сістэме і на ёй жывуць іншапланецяне? – Нам наогул няма чаго баяцца. Ёсць размовы, што існуюць планеты, якіх мы не бачым. Адна за Сонцам, другая на краі Сонечнай сістэмы. Тэлескопы цяпер даволі дасканалыя і не знайшлі ні адну, ні другую планету. Даведка “РГ”. Экліптыка – гэта вялікі круг нябеснай сферы, па якім адбываецца бачны гадавы рух Сонца. Зоя ХРУЦКАЯ. Фота Зоі ХРУЦКАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аматар астраноміі з Маладзечна, стваральнік Беларускай Сеткі назіральнікаў метэораў Іван Сяргей не верыць у канец свету 21 снежня. |
|