Сябры з Сібіры. 21.by

Сябры з Сібіры

24.01.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці праўда, што ў расійскай тайзе беларуская вёска існуе?

Калі чую гаворку аб Сібіры, адразу ўспамінаю камандзіроўку ў Новасібірск на дзесяцігадовы юбілей Цэнтра беларускай культуры. Павіншаваць беларусаў-землякоў прыехалі тады дэлегацыі нацыянальных аўтаномій і зямляцтваў беларусаў з Алтая, Казахстана, Омскай, Томскай, Іркуцкай і Цюменскай абласцей. Усе разам мы віншавалі сваіх суайчыннікаў кветкамі, падарункамі, канцэртнымі выступленнямі. Але не падарункі былі галоўнымі, а сардэчная цеплыня і хваляванне ад сустрэчы. Былі і слёзы радасці, і ўспаміны, і сумеснае выкананне «Купалінкі»... Пасля паездкі ў Новасібірск я зацікавілася беларусамі гэтай вобласці, і вось што высветліла па розных крыніцах.

Беларусы ў Сібір сталі засяляцца яшчэ ў 1560 годзе пры першым рускім цары Іване Грозным. З тых часоў зберагаюць яны там сваю родную мову, культуру, мастацтва, традыцыі, побыт. Асабліва дасканальна гэтым займаюцца ў Новасібірскім цэнтры беларускай культуры, заснаваным дванаццаць гадоў таму.

З першых дзён існавання Цэнтр узначальвае незвычайны чалавек, беларуска з Магілёўшчыны Ніна Кабанава. За яе адданасць працы, вялікую любоў да сваёй роднай зямлі, за адраджэнне і падтрымку развіцця нацыянальнай беларускай культуры Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Ніну Васільеўну медалём Францыска Скарыны.

Дзякуючы арганізацыйнай неўтаймаванасці Ніны Васільеўны беларускія таленты вобласці вядомыя ва ўсёй Расіі. За 12 гадоў існавання Цэнтра створана 15 грамадскіх філіялаў у Кыштоўскім, Паўночным, Куйбышаўскім, Балотнінскім, Машкоўскім і іншых раёнах Новасібірскай вобласці, дзе працуюць больш за 40 дзіцячых і 20 дарослых мастацкіх калектываў: народны тэатр песні «Вясёлка», народны калектыў «Крынічка», ансамблі «Сібірскія ўзоры», «Зязюля», «Чапурушка», «Чабаточкі», «Святкі», «Кужалёк», «Кавалі», клуб аматарскай нацыянальнай вышыўкі “Прыгажуня” і іншыя.

Міністэрства культуры Беларусі дапамагае з метадычнай літаратурай, дыскамі з запісамі беларускіх песень, абрадаў, святаў, матэрыяламі па гісторыі і культуры Беларусі, музычнымі інструментамі, сцэнічнымі беларускімі касцюмамі. Падарункі атрымліваюць самыя яскравыя і актыўныя мастацкія калектывы. Апошні са шчасліўчыкаў – фальклорны ансамбль «Зязюля», які творча працуе дваццаты год у вёсцы Каўбаса Кыштоўскага раёна.

Вёска, да слова, размешчана ў тайзе за 700 км ад Новасібірска і населена аднымі беларусамі. Больш за 380 чалавек з беларускімі каранямі захоўваюць там сваю культуру, традыцыі, гаворку. Гэта адзінае ў Расійскай Федэрацыі ўнікальнае сельскае пасяленне беларусаў. Артысты адтуль прымалі актыўны ўдзел у Першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету ў Мінску, а ў Маскве на фестывалі самадзейных калектываў беларусаў Расіі занялі першае месца.

Увогуле беларусы Новасібірска штогод актыўна ўдзельнічаюць і становяцца пераможцамі ў розных конкурсах і фестывалях. Сумесна з беларусамі Іркуцка, Цюмені, Омска, Томска, Барнаула, Паўладара, Тувы арганізоўваюць святочныя праграмы кшталту «Беларускія напевы», «Купалле», «У гасцях у Лявоніхі» удзельнічаюць у фестывалях «Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!», «Славянская крыніца», «Яднанне славянскіх народаў», «Дні славянскай пісьменнасці і культуры».

Важнай з’явай у жыцці беларускай дыяспары стала выданне Цэнтрам кніг «З Сібір’ю звязаны лёс» і «У Беларусі мае крыніцы». Яны прысвечаны сібірскім беларусам, якія ўпісалі найбольш яскравыя старонкі ў гісторыю Сібіры. Сярод іх ветэраны вайны, пісьменнікі, выкладчыкі, работнікі культуры. Значнае месца адведзена ў кнігах людзям навукі. Найперш – патрыярху айчыннай геалогіі нафты і газу, акадэміку А. А. Трафімуку і знакамітаму вучонаму-хіміку, арганізатару навуковых даследванняў В. А. Капцюгу. Вынікам фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі ў Паўночны і Кыштоўскі раёны стала выданне брашуры «Голас продкаў кліча», дзе апісаны побыт і традыцыі перасяленцаў-беларусаў, якія пражываюць у Сібіры з канца XVII стагоддзя.

Пашырэнню ведаў пра культуру, традыцыі, пеўчае і танцавальнае мастацтва беларусаў дапамагаюць курсы-стажыроўкі для кіраўнікоў сама-дзейных мастацкіх калектываў беларускага замежжа ў Мінску на базе Інстытута культуры Беларусі. Сюды амаль штогод прыязджаюць на вучобу нашы суайчыннікі не толькі з Расіі, але і з іншых краін. Такія сустрэчы садзейнічаюць умацаванню сяброўства Расіі і Беларусі, паскарэнню пабудовы Саюзнай дзяржавы. І гэта таксама свайго роду «народная дыпламатыя»!

Ірына ЛЕМЦЮГОВА, Інстытут культуры Беларусі

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці праўда, што ў расійскай тайзе беларуская вёска існуе?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика