“Мая хата з краю”, ці “Мой дом — мая крэпасць”?
21.02.2013
—
Разное
|
Чаму не караюць парушальнікаў гарадской гармоніі, прыгажосці, якія самі ўказваюць свае каардынаты? “Згублены пінжак з дакументамі. Таго, хто знайшоў, прашу патэлефанаваць па нумары...” Гэтая аб’ява на асвятляльнай мачце шмат дзён мазоліць вочы. А калі я ўбачыў яшчэ адзін экзэмпляр і на сцяне дома, які нядаўна быў пафарбаваны, не вытрымаў, патэлефанаваў па ўказаным нумары. — Які пінжак? — перапытаў бадзёры голас. — Згублены? А-а, была справа — у добрай кампаніі пад кустом... Але ён ужо даўным-даўно на месцы, мы нават добра “замачылі” яго з тым, хто знайшоў... — Чаму ж вы аб’явы не здымаеце? — пытаюся я. — А яны вам перашкаджаюць? — з ноткамі незадаволенасці ў голасе адказаў мужчына. І кінуў трубку. Я звязаўся з камунальнікамі, якім такая сітуацыя павінна асабліва перашкаджаць. Рыхтуючыся да паўвекавога юбілею, Салігорск прыбраўся, падфарбаваўся, абнавіўся. Але на сценах многіх дамоў адразу з’явілася мноства аб’яў: прадам, куплю, абмяняю, адрамантую... Такія разнашэрсныя паперкі на сценах быццам парушынка ў воку. І на кожнай з іх парушальнік гарадской прыгажосці і гармоніі ўказвае нумар свайго тэлефона. Тэлефануй, лайся, карай... Адзін з кіраўнікоў раённай камунальнай службы пагадзіўся: праблема ёсць, з ёй без яўнага поспеху мы змагаемся не адзін год. Знайсці расклейшчыкаў і пакараць? Знойдзем, а ўладальнік рэкламных аб’яў заявіць, маўляў, не ён іх расклейваў... Што тады? Ды і камунальнікі не ўпаўнаважаныя праводзіць такія аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Устанаўліваць, караць парушальнікаў гарадскога парадку — прэрагатыва работнікаў міліцыі. У аддзеле ўнутраных спраў толькі плячамі паціснулі: пэцканне дамоў — гэта не крымінальнае, не фінансавае, нават не бытавое злачынства, а ў нас і сур’ёзных крымінальных спраў шмат... Так, пасіўная барацьба за прыгажосць нашых вуліц, дамоў можа цягнуцца бясконца. Чаму хаця б на мясцовым узроўні не выпрацаваць механізм уздзеяння на “забруджвальнікаў” дамоў? На першы раз гаспадару размешчанай у недазволеным месцы рэкламы — папярэджанне, на другі — сур’ёзны штраф за парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў. Не звяртаючы ўвагі на смяхотныя адгаворкі, быццам бы ён не ведае, хто і дзе расклейвае патрэбныя яму аб’явы. А потым даць падрабязныя звесткі ў мясцовых сродках масавай інфармацыі. Але пры гэтым каля дамоў не лішнімі будуць акуратныя шчыты для аб’яў. Зразумела, галоўныя крыніцы інфармацыі сёння — газеты, тэлебачанне, інтэрнэт. Але яшчэ не хутка знікне ў некаторых людзей жаданне размясціць у людным месцы бясплатную, уласнай рукой напісаную аб’яву, ды і некаторыя рэкламадаўцы прагнуць дайсці да кожнага пад’езда. І калі хтосьці лічыць, што такія шчыты больш псуюць аблічча двароў, вуліц, чым разнашэрсныя аб’явы на сценах дамоў, няхай першым кіне ў мяне камень... Але гэта магчыма толькі тады, калі ўсе — камунальнікі, супрацоўнікі праваахоўных органаў і мы, жыхары, — прасякнемся ідэяй зрабіць нашы дамы, вуліцы, гарады яшчэ больш прыгожымі, утульнымі. Зазірніце ў любую кватэру, амаль усюды чысціня, парадак, гармонія. А што за дзвярыма, на лесвічнай пляцоўцы? У некаторых пад’ездах самы час фільм аб пасляваеннай разрусе здымаць: сцены абадраныя, распісаныя нейкімі рознакаляровымі іерогліфамі, столі ў задымленых плямах... Дамафоны не дазваляюць заходзіць і гарэзіць у пад’ездах бадзягам. Гэта справа рук сваіх, дамарослых недаросткаў. Чырканула дзіця ў кватэры фламастарам па шпалерах — і па руках атрымаць можа. Яго крамзаніна ў пад’ездзе — звычайная рэч. Напэўна, школьным выхавацелям, работнікам ЖКГ трэба папулярна тлумачыць падлеткам, а яшчэ больш папулярна іх бацькам: калі дзіця не дазволіла сябру распісаць сцяну і расказала пра яго намер дарослым, — гэта не паклёпніцтва, а выхаванне культуры ў сябе і аднагодкаў. Што далёка не драбяза. Бо недахоп культуры — гэта не толькі непрывабныя пад’езды, сцены, але і крывавыя аварыі на дарогах, лішнія хваробы ад несанкцыянаваных сметнікаў... Пад’езды, лесвіцы, дзверы — гэта наша агульная маёмасць, псаванне яе, як і іншай маёмасці, павінна карацца. Яшчэ дзядуля Крылоў раіў, дзе трэба ўладу ўжываць. Але ці хоць адзін вандал прыцягнуты да адказнасці? У міліцыі і ЖКГ разводзяць рукамі — не... — Пры сённяшняй пасіўнасці жыхароў праблему гэтую наўрад ці можна вырашыць, — гаворыць начальнік арганізацыйна-прававога аддзела ЖКГ “Комплекс” Тамара Чопчыц. — Тэлефануюць: у нашым пад’ездзе кураць, з-за дыму ў кватэры няма чым дыхаць! Прыязджаем. Для афармлення дакументаў і прыцягнення да адказнасці вінаватых патрабуюцца сведкі. І ўсе дзверы адразу ж зачыняюцца. Мая хата з краю! Хто бываў у развітых еўрапейскіх краінах, абавякова адзначаў парадак, чысціню на вуліцах, у дварах, у тых жа пад’ездах. Рэклама ва ўстаноўленых месцах ці недакурак на тратуары там нонсэнс, і, нягледзячы на дэмакратычныя асновы, такія дзеянні караюцца вельмі строга. Англічане кажуць: мой дом — мая крэпасць, укладваючы ў гэтыя словы не толькі паняцце надзейнасці, але і ўтульнасці, камфорту як у жыллі, так і вакол яго. У нас жа больш распаўсюджаны выраз “мая хата з краю”... Так, усе мы разумеем, што еўрапейскі дом нам больш патрэбны і важны, чым старая хата. Але чамусьці многія спадзяюцца, што хтосьці прыйдзе і пабудуе яго для нас. Такога не бывае... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму не караюць парушальнікаў гарадской гармоніі, прыгажосці, якія самі ўказваюць свае каардынаты? |
|