Жаночае шчасце Алены Субат: у яе з мужам нарадзіліся дзве двойні
08.03.2013
—
Разное
|
Сям’я Субатаў: тата Павел трымае дачку Сафію і сына Захара, а маці Алена – Марыю і Іллю. Павел і Алена Субаты чакалі першае дзіця сем гадоў. Потым у іх нарадзілася двойня. А праз год – яшчэ адна.Цяпер маладыя бацькі гадуюць чацвярых дзетак – двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Старэйшых завуць Захар і Сафія. Ім год і сем месяцаў. А малодшых – Ілля і Марыя. Ім па шэсць месяцаў. Першая двойня з’явілася, калі Алене было 30 гадоў. Цяпер ёй 32 гады, а Паўлу – 31. Раней Алена працавала бухгалтарам у будаўнічай фірме. Павел жа – энергадыспетчар на чыгунцы. Яго працоўны графік дазваляе праводзіць час з сям’ёй і дзецьмі ды дапамагаць жонцы. Дзеці Паўла і Алены Субатаў (злева направа): Ілля, Захар, Сафія і Марыя. – Першая двойня была вельмі чаканай, – дзеліцца маладая маці. – Пра трэцяе дзіця таксама думалі, але другая двойня была для нас нечаканасцю. – Ці марылі вы калі-небудзь пра двайнят? – Некалі ў маладосці марыла, – прыгадвае Алена. – Хацелася, каб двайняты былі разнаполыя, але не думала, што так і здарыцца. У сваякоў двайнят не было. – Чаму гэта? – здзіўляецца Павел. – У маіх сваякоў былі двайняты. – Як сябры і блізкія аднесліся да навіны аб нараджэнні двойні? – Усе вельмі радаваліся, што нарадзіліся менавіта хлопчык і дзяўчынка. Адзінае, за што перажывалі, каб былі здаровенькія, бо нарадзіліся на месяц раней вызначанага тэрміну. Ды і наогул казалі, што дваіх складана вынасіць. – А вы як лічыце, складана? – Я не ведаю, з чым параўноўваць. Аднаго і не насіла. “Глядзіце, якую прыгажосць вязуць!” Сям’я Субатаў жыве ў мікрараёне Усходні ў новым доме. Кватэру пачыналі будаваць яшчэ да нараджэння першай двойні. Недахоп тут адзіны – пакуль каля дома дзецям няма дзе пагуляць. – З дзіцячай пляцоўкай увогуле складанае пытанне, – кажа Павел. – Як снег растае, дык ні прайсці, ні з каляскай праехаць. І яшчэ невядома, калі яна з’явіцца. Праўда, мы ходзім у суседні двор, дзе шмат дзяцей. А як пацяплее – паедзем у парк. Там цяпер і прыгожа, і дзецям ёсць дзе пагуляць. – Як людзі на вуліцы рэагуюць, калі бачаць вас усіх разам? – Па-мойму, усе ў захапленні. Зімой мы неяк на санках каталіся і пачулі: “Глядзіце, якую прыгажосць вязуць!” Няню дабіваліся два месяцы З няняй Галінай. – Ці з’яўляліся ў вас фінансавыя складанасці? – Дзяржава дапамагае, – кажа маладая маці. – Харчаванне для дзяцей бясплатнае, далі льготны крэдыт на кватэру на 40 гадоў. – Няню нам далі, – дадае Павел. – Але дабіваліся гэтага два месяцы. Мясцовыя ўлады па законе не маглі даць, бо яе даюць тады, калі нараджаюцца трайняты. Але ў нас крыху незвычайная сітуацыя. Дык мы напісалі ліст у адміністрацыю Прэзідэнта. І ўжо тады нам далі няню Галіну. – Чым яна дапамагае? – Нам наогул з Галінай пашанцавала, – дзеліцца Алена. – У яе ў самой трое дзетак, і таксама ёсць двойня. Таму яна мае і досвед працы з дзецьмі, і ўяўленне, што такое двайняты. Дапамагае ўсім: і пераапрануць дзяцей, і памыць, і накарміць, і пагуляць. – Ці складана цяпер спраўляцца з чацвярымі дзецьмі? – Галоўнае – не ленавацца. Можна ўсё паспець. Цяпер увесь дзень аддаю дзецям. Муж дапамагае: і прыгатаваць можа, і прыбраць, калі трэба, і з дзецьмі пагуляць. – Ці рашыцеся вы нарадзіць яшчэ адно дзіця? – Складанае пытанне. Не ведаю, ужо ўзрост не зусім малады. Няхай дзеці падрастуць. Дактары падтрымлівалі У радзільні Алене пашанцавала: – Атрымалася так, што платная палата была вольная два разы, таму я адчувала сябе камфортна. Першыя двайняты нарадзіліся крыху раней за патрэбны тэрмін, на 36-м тыдні. Толькі пачынаўся дзевяты месяц. Таму, калі зацяжарала ў другі раз, хвалявалася, каб усё прайшло добра. Вось тады дактары падтрымлівалі, казалі: “Не хвалюйцеся, вынасім!” Так і атрымалася. – Ці шмат у вас было бяссонных начэй? – Спачатку чатыры гадзіны сну было максімумам. Бо і карміць трэба ж было праз кожныя тры, тры з паловай гадзіны. Але мы імкнуліся прывучаць ноччу спаць. Цяпер ужо няма такіх праблем. Вечарам пакармілі, і яны спяць усю ноч да сямі раніцы. Дзяцей цікавіць электроніка У цэнтры дзядуля дзяцей – Іван. – Як вы развіваеце дзяцей? – Старэйшых дзяцей два разы на тыдзень водзім у садок, – распавядае Павел. – Там з імі выхавальнікі адну гадзіну, з 12.00 да 13.00, займаюцца і песнямі, і танцамі, і маляваннем, і лепкай. – Ці даводзіцца ўсё з палічак хаваць, каб дзеці нікуды не ўлезлі? – Яшчэ як! – усміхаецца Алена. – Захар цяпер наогул пачаў дацягвацца да паліц з відэльцамі і лыжкамі. Да электронікі вельмі цягнуцца. Ноўтбук ставім як мага вышэй. Тэлефон таксама цікавіць. Ціскаюць усе кнопкі і кажуць: “Ало, ало!” – За цацкі не б’юцца? – Б’юцца, – кажа Павел. – Калі Захару нешта трэба, ён забярэ і ўсё тут. Сафія ў нас саступае, дзяўчынка. – Што вы лічыце галоўным у выхаванні дзяцей? – Галоўнае, каб яны раслі ў любові, клопаце і дабрыні, – упэўненыя маладыя бацькі. – Што б вы пажадалі жанчынам на 8 Сакавіка? – Шчасця, здароўя, дабрабыту і сямейнага цяпла. Ну і, канешне, каб дзеці радавалі! Настасся РОЎДА. Фота Настассі РОЎДЫ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Павел і Алена Субаты чакалі першае дзіця сем гадоў. Потым у іх нарадзілася двойня. А праз год – яшчэ адна.
|
|