Спартзала адрывае ад камп’ютараў
07.04.2013
—
Разное
|
Момант гульні ў валейбол. Больш за год у райцэнтры працуе новы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр.У размове з карэспандэнтам “РГ” дырэктар установы Міхаіл Чаркасаў расказаў пра самыя папулярныя віды спорту ў мядзяльчан, падзяліўся задумамі на будучыню. – Што сабой уяўляе фізкультурна-аздараўленчы цэнтр у Мядзеле? – Гэта гульнявы і трэнажорны залы, міні-басейн, узнаўленчы цэнтр з саўнай, більярднымі сталамі. – І што з іх карыстаецца большай папулярнасцю? – Усе практычна аднолькава. Шмат займаюцца ў гульнявой зале. Культывуем такія віды спорту, як міні-футбол, валейбол, пачынаюць прыходзіць займацца баскетболам, вялікім тэнісам. У трэнажорнай зале, апроч уласна заняткаў на трэнажорах, працуюць секцыя аэробікі, дзеці навучаюцца рукапашнаму бою. Вялікая цікавасць да більярда. Калі казаць пра міні-басейн – самае цікавае, што прыходзяць не толькі дзеці. Некаторыя дарослыя проста прыходзяць паплаваць, хоць наш басейн усяго 6 на 8 метраў. Разам з аддзелам адукацыі прыйшлі да высновы, што дзяцей трэба вучыць плаванню. Адразу займаліся вучні першай і другой мядзельскіх школ, удзельнікі летніх лагераў з раёна. Падлічылі, што каля 40 дзяцей навучыліся трымацца на вадзе. А цяпер штосуботы басейн наведваюць не толькі юныя мядзяльчане, прыязджаюць вучні з многіх школ. Увогуле за мінулы год зарэгістравана больш за 23 тысячы наведванняў цэнтра. І ў гэтым годзе ідзе рост наведванняў ў параўнанні з мінулым. Каб была пераемнасць у занятках спортам, з нядаўняга часу робім так: калі прыходзіць сям’я, ці адзін з бацькоў з дзіцем, то дзіця займаецца бясплатна. Два разы на тыдзень праводзяцца заняткі з наведнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра. Для іх гэта, вядома, бясплатна. – Працуе на базе цэнтра і валейбольная секцыя… – Мядзельскі раён славіцца валейбольнымі традыцыямі, але раней толькі настаўнікі ў школах рыхтавалі валейбалістаў. З лістапада мінулага года пад кіраўніцтвам Андрэя Русака працуе валейбольная секцыя. Займацца ў ёй дзеці пачынаюць з шостага класа. І праз некалькі год будуць абараняць гонар раёна. Яшчэ было б добра арганізаваць навучанне дзяцей футболу – каб іх трэніравалі людзі, якія хочуць і могуць займацца з дзецьмі. – Нядаўна ўвялі новыя паслугі: дартс і вялікі тэніс. Як яны ўспрымаюцца? – Як усё новае, з цяжкасцю. Але ўжо людзі адчулі, што такое вялікі тэніс: ужо амаль кожную нядзелю прыходзяць, каб пагуляць. – Што яшчэ новага будзе ў цэнтры? – Ужо ў красавіку плануем распачаць заняткі стэп-аэробікай (від аэробікі, які праводзіцца са стэпамі – адмысловымі платформамі). Можна будзе пагуляць у бадмінтон. Для зручнасці людзей плануем устанавіць тэрмінал для аплаты пластыкавымі карткамі. – Якія прапановы паступалі ад людзей? – Напрыклад, увесці заняткі аэробікай, рукапашным боем, мы выканалі. Цяпер праводзім апытанне на тэму, ці трэба арганізоўваць пейнтбольны клуб. Мяркую, і адпачывальнікам ён будзе цікавы. Гэта ж лепей, каб яны грошы пакідалі не ў рэстаранах, а тут. – А як захапіць дзяцей спортам, калі цяпер іх больш цікавяць камп’ютары? Адразу гэта пытанне не вырашыць: вось адкрыўся цэнтр, і дзеці пабеглі ў яго. Але ў трэнажорны зал прыходзіць усё больш і больш дзяцей, бачу новыя твары. Добра, што ў выхадныя не кучкуюцца за вуглом, а прыходзяць гуляць у футбол. Лічу, што эфект ад работы цэнтра нельга вымяраць грашыма ці той жа колькасцю наведнікаў. Вось калі праз некалькі год будзе больш здаровая моладзь, то гэта галоўнае. – Ці стала ў Мядзеле больш праводзіцца спартыўных мерапрыемстваў са з’яўленнем цэнтра? – Падышлі да таго, што кожныя выхадныя на базе цэнтра праходзяць спартыўныя мерапрыемствы: як сярод дарослых, так і сярод школьнікаў. Як мінімум, раённае, як максімум, міжабласное мерапрыемства. Можа, хто і з гледачоў, паназіраўшы, сам спортам зоймецца. Дарэчы, суседзі да нас прыязджаюць не толькі на спаборніцтвы, заказваюць зал пагуляць у футбол, баскетбол з Астраўца, Вілейкі. – Побач з цэнтрам будуецца гасцініца… – Вельмі на яе разлічваем. Трэба наладжваць кантакты з федэрацыямі гульнявых відаў спорту. Наша зала дазваляе праводзіць спаборніцтвы, арганізоўваць трэніровачны працэс. Мала такіх месцаў, каб разам былі гульнявая зала, трэнажорная, узнаўленчы цэнтр, а праз сто метраў – гасцініца. – На ваш погляд, чым для Мядзела стане фізкультурна-аздараўленчы цэнтр? – Хацелася, каб ён стаў не толькі месцам, дзе людзі паляпшаюць сваё здароўе, але і месцам, дзе збіраюцца блізкія па духу людзі. Вось як удзельнікі клуба “Геркулес” пад кіраўніцтвам Юрыя Кабанава. Алесь ВЫСОЦКІ. фота забяспечана Міхаілам ЧАРКАСАВЫМ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за год у райцэнтры працуе новы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. |
|