Дыякан Кірыл Бардонаў: Пра пашану да рэліквій. 21.by

Дыякан Кірыл Бардонаў: Пра пашану да рэліквій

12.04.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дыякан Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Другога красавіка, у восьмую гадавіну смерці блаславёнага Яна Паўла II, у Мінскім касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) адбылося ўрачыстае ўнясенне яго рэліквій у гэтую святыню. Пашана да рэліквій, якая практыкуецца ў Каталіцкім касцёле і Праваслаўнай царкве, часта выклікае непаразуменні. Засяродзім увагу на гэтай з’яве ў хрысціянстве.

Правільнае разуменне культу рэліквій неабходна фарміраваць найперш пад уплывам Бібліі. У Святым Пісанні мы чытаем аб моцы рэчаў, якія звязаны са святымі асобамі: “І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакранулася да краю вопраткі Ягонай, бо казала сабе: “Калі хоць дакрануся да вопраткі Ягонай, папраўлюся”. Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: “Будзь адважнай, дачка: твая вера ўратавала цябе. І ад гэтага моманту жанчына была здаровай” (Мц 9, 20-22). У іншым месцы мы можам прачытаць, як хворыя аздараўляюцца, калі на іх падае толькі цень Пятра (пар. Дз 5, 15).

Тэрмін “рэліквія” паходзіць з лацінскай мовы і з’яўляецца шматзначным. Асноўнае значэнне гэтага слова — “парэшткі” або “астанкі”. Ужо ў IV стагоддзі святы Амброзій з Мілана пад рэліквіямі разумеў парэшткі памерлай асобы. З гэтага ж часу на Захадзе пачалі змяшчаць рэліквіі пад алтаром. Паводле святога Аўгустына, гэта выражала праўду, што цела святога стала алтаром для Бога.

Прынята дзяліць рэліквіі на тры групы. Да першай залічваюць цела або часткі цела святога. Да другой — прадметы, якія звязаны з жыццём святога (вопратка, малітоўнік, ружанец і іншыя). Да трэцяй — прадметы, якімі дакрануліся да рэліквій першай і другой групы.

Культ рэліквій у хрысціянстве старэйшы за культ абразоў і звязаны з пашанай да мучанікаў. Калі здараліся выпадкі мучаніцкай смерці хрысціянаў, іншыя вызнаўцы Хрыста збіралі гэтую кроў на хусціны, бо для іх гэта было сведчанне мужнай веры. У тыя ж часы менавіта каля магіл мучанікаў збіраліся хрысціяне на малітву і там адбывалася літургія.

У часы пераследаў хрысціянаў удзел у літургіі, якая адбывалася таемна ў катакомбах, скіроўваў думкі вернікаў на вечнасць, чаканне другога прышэсця Хрыста і падкрэсліваў сувязь мучаніцтва з ахвярай Хрыста. Пасля падпісання Міланскага эдыкта хрысціяне пачалі будаваць святыні, і рэліквіі сталі захоўваць там.

Значную папулярнасць культ рэліквій здабыў у часы Крыжовых паходаў. У гэты перыяд пашырыліся злоўжыванні адносна пашаны да рэліквій, а таксама пачаў забывацца сэнс гэтага ўшанавання. Людзі сталі верыць у цудоўную моц частак чалавечага цела, без жывой веры ў Бога. Аднак сапраўдная хрысціянская вера натхняе нас да праслаўлення святасці асобы, а не прадмета. Святы Тамаш Аквінскі сцвярджаў, што ў рэліквіях саміх па сабе няма ніякай моцы: “Прах павінен уваскрасаць не сам па сабе, але Божым прадбачаннем”. “Ліст касцёла ў Смірне пра смерць святога Палікарпа”, які быў напісаны ў ІІ стагоддзі, кажа аб тым, што ёсць тры прычыны для таго, каб захоўваць парэшткі біскупа мучаніка: яны павінны асвяціць тое месца, у якім знаходзяцца; натхніць да пашаны асобы святога; заахвоціць вернікаў жыць па прыкладу святога. Названыя прычыны мы можам аднесці да ўсіх рэліквій.

У сучаснасці Касцёл пераважна зводзіць культ рэліквій да прыватнай пабожнасці вернікаў, падкрэсліваючы, што мы перш за ўсё запрошаны звяртаць увагу не на прыгожа аздобленыя месцы захавання рэліквій, а на выключнасць жыцця святых, выпрошваючы іх заступніцтва ў Бога.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дыякан Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика