Феномен наіўнай творчасці. 21.by

Феномен наіўнай творчасці

25.04.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Для з’яўлення ў Віцебску музея мастацтва прымітыву ёсць усе падставы

Сярод ста асоб, якія сёлета ўдастоены ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”, сціплая постаць мастацтвазнаўцы Людмілы Уладзіміраўны Вакар вылучаецца нібы бліскучы дыямент у дарагой аправе.

Мінулы год быў для Людмілы надзвычай плённы. Прайшлі ІV нацыянальная выстава мастацтва Insita і навукова-практычная канферэнцыя “Мастацтва прымітыву і яго ўзоры ў сучаснай культуры”. Пабачылі свет тры арыгінальныя выданні, дзе Людміла Вакар выступае ці асобным аўтарам, ці ў сааўтарстве з калектывам аднадумцаў. Зборнікі навуковых даследаванняў “Народная культура Віцебшчыны” і “Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны” сталі найбольш поўнымі энцыклапедычнымі даведнікамі пра неабсяжны свет сучаснай народнай творчасці Прыдзвінскага краю. Разам з рупліўцамі на гэтай ніве Галінай і Нінай Бобровіч, Людмілай Гаравой, Яўгеніяй Набебінай, Ліліяй Надточый, Алесяй Талерчык, Нінай Федарыставай, Іванам Хіцько Людміла Вакар з уласцівай ёй дакладнасцю і шчырасцю распавядае чытачу пра тое, што так цяжка заўважыць у шэрай будзённасці, пра светлае пачуццё сустрэчы з творчасцю, пазбаўленай шаблону і адпаведных канонаў.

У кожнага свой зорны шлях

Я трымаю ў руках апошнюю манаграфію Людмілы Вакар, разлічаную на студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцей, “Мастацтва прымітыву і прымітывізму” і прашу патлумачыць, чым першае адрозніваецца ад другога. Аказваецца, усё проста. Калі таленавіты чалавек без спецыяльнай адукацыі і падрыхтоўкі бярэ ў рукі фарбы і аркуш і развівае сваю фантазію ў самастойным кірунку, ён мае сапраўдны шанс увайсці ў гісторыю мастацтва, якое мае некалькі блізкіх назваў: прымітыў, наіў, інсіта. У перакладзе з лацінскай мовы “прымітыў” азначае “першасны”. Сёння ў Віцебскай вобласці творча працуюць каля 40 мастакоў — арыгінальных творцаў-самавукаў.

— Прымітывізм — “з’ява наадварот”, — гаворыць Людміла Уладзіміраўна, — калі прафесійныя мастакі ў пошуках свайго стылю наўмысна прыходзяць да народнай творчасці, сілкуючыся крыніцамі фальклору. Прымітывізм пачаў развівацца напачатку ХХ стагоддзя, і яго рысы прысутнічаюць у творчасці Юдэля Пэна, Марка Шагала, Язэпа Драздовіча. Зварот да паўсядзённых сюжэтаў народнага жыцця Паазер’я характэрны для сучасных віцебскіх мастакоў Уладзіміра Шапо, Алега Крошкіна, Ірыны Шутавай, Таццяны Берагейка ды іншых.

Расчынілі куфры

У 1980-я гады на Віцебшчыне ўпершыню загаварылі пра дамы рамёстваў. Уявіць цяжка, але дагэтуль народная культура падтрымлівалася адзінкавымі энтузіястамі і магла згаснуць канчаткова. Піянерамі па адра-джэнні старажытных рамёстваў сталі Тамара Зубарава і Людміла Вакар. Спачатку сталі ствараць народныя клубы пры дамах культуры, музеях, а калі адкрыўся першы Дом рамёстваў у Глыбокім (1989), працэс ужо нельга было спыніць. Сёння па колькасці дамоў рамёстваў Віцебская вобласць першая ў Беларусі.

Людміла Вакар актыўна арганізоўвала выстаўкі раней нікому не вядомых майстроў, вывучала і прапагандавала традыцыі, якія захоўвалі старэнькія бабулі ды дзядулі. Аднойчы знаёмы мастак-аматар прапанаваў наведаць чалавека, які ў сталым узросце пачаў выразаць драўляныя фігуркі, ствараць жывапісныя кампазіцыі. Такім чынам Фёдар Максімаў увасабляў у творах свой цяжкі жыццёвы вопыт. Бальшавікі ў гады калектывізацыі зруйнавалі бацькаву сядзібу. У вайну юнака вывезлі на работы ў Германію, што пасля стала прычынай яго заключэння ў сталінскія лагеры. Сям’я пацярпела ад рэпрэсій. Фёдар Максімаў замкнуўся ў сваім унутраным свеце, пазбягаў размовы пра свой бязлітасны лёс. Яго думкі і эмоцыі знайшлі адлюстраванне ў вобразах сялянскага быту, у гумарыстычных, гратэскных выявах. Убачанае моцна ўзрушыла мастацтвазнаўцу Людмілу Вакар. Яна прапанавала арганізаваць выстаўку твораў Максімава. Талент віцебскага разьбяра і жывапісца атрымаў прызнанне. Яшчэ адзін узор самабытнага мастацтва — Мікалай Байцоў. Па прафесіі лётчык, будучы на пенсіі працаваў вартаўніком. Па начах, каб заняць сябе, маляваў, прычым маляваў на любым матэрыяле, які трапляў пад руку. Як Ван Гог!

Творы абодвух мастакоў у 1997 годзе прадстаўлялі мастацтва Беларусі на міжнароднай выставе Insita ў Браціславе (Славакія). Іх работы можна сустрэць у музеях Масквы, Варшавы, Мінска, у прыватных калекцыях.

Шанс узвысіцца

— Мастакі ад народа вылучаюцца сваёй свабодай і фантазіяй, — гаворыць Людміла Уладзіміраўна. — Яны не прытрымліваюцца вядомых канонаў, а самасцвярджаюцца праз уласнае ўспрыманне хараства свету і чалавека. Вельмі часта захапленне мастацтвам мае тэрапеўтычны эфект, дапамагае чалавеку пазбавіцца крыўды, іншага болю.

Для Віцебска мастацтва самабытных творцаў з наіўным светапоглядам з’яўляецца характэрнай рысай культуры. У XVII—XVIII стагоддзях тут склалася школа народнага абраза, фрэскавага жывапісу, сакральнай пластыкі. У ХІХ стагоддзі маляры ў гратэскнай форме стваралі крамныя шыльды, дэкарацыі для фотасалонаў, грамадскія інтэр’еры. У Віцебску мастацтва прымітыву існуе паралельна з акадэмічнай альбо авангарднай культурай. Прыспеў час для стварэння яго музея.  Для гэтага ёсць усе ўмовы: багатая гістарычная спадчына, шырокае кола самабытных аўтараў і ўнікальная калекцыя наіўнага мастацтва Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

ІV нацыянальная выстава Insita, што праходзіла ў мінулым годзе ў Віцебску, паказала, што народнае выяўленчае мастацтва можа стаць своеасаблівым брэндам і працаваць на імідж краіны ў свеце.

Аматарскі рух у народнай культуры Віцебшчыны сёння мае шчырага рупліўцу ў асобе мастацтвазнаўцы, кандыдата навук, дактаранта Інстытута мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі імя Кандрата Крапівы, “Чалавека года Віцебшчыны — 2012” Людмілы Вакар. А значыць, вартасці мастацтва прымітыву маюць поўны шанс атрымаць дзяржаўную і грамадскую падтрымку як гісторыка-культурная каштоўнасць у межах Беларусі і Еўропы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для з’яўлення ў Віцебску музея мастацтва прымітыву ёсць усе падставы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика