Пакланiцца Каралеве
29.06.2013
—
Разное
|
Прасіць мацярынскага заступніцтва Багародзіцы ў Будслаў зблізу і здалёк едуць і ідуць тысячы вернікаў Чатыры стагоддзі таму яна прыйшла на беларускую зямлю, каб застацца з намі назаўсёды, апякуючыся сваімі дзецьмі-беларусамі, збаўляючы нас ад немачы і няшчасцяў і адорваючы рознымі дабротамі. З павагай пакланіцца Каралеве, са шчырасцю аддзячыць Апякунцы і з пяшчотай прыхіліцца да Маці Божай у Будслаў штогод прыбываюць тысячы людзей з Беларусі і замежжа. Асабліва шмат — падчас урачыстасцяў у пачатку ліпеня. Можна ўявіць, наколькі шматлюдна будзе тут праз тыдзень, падсчас юбілейнага фэсту, прысвечанага чатырохсотгоддзю знаходжання абраза Маці Божай у Будславе. Якраз у гэтыя дні з розных куточкаў Беларусі пад гукі гітар і бубнаў і словы гімна беларускай апякунцы выпраўляюцца ў дарогу тысячы пілігрымаў, каб праз тыдзень аддаць ёй пашану на яе малой радзіме. Акрамя таго, на ўрачыстасці запрошаны святары і іерархі з-за мяжы, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Лютэранскай Царквы, іўдзейскай і мусульманскай супольнасцяў у нашай краіне. Чакаюць на свяце і легата Папы Рымскага Францішка, старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынала Жана-Луі Тарана, праз якога вернікі пачуюць голас самога Святога Айца. Любоў і пашану як простага люду, так і высокапастаўленых духоўных асоб абраз Маці Божай Будслаўскай заваяваў з самага пачатку. Працягвае здзіўляць, вабіць і мацаваць веру людзей ён і сёння, праз чатырыста год. Намоленая зямля Нядзіўна, што цуд-абраз з’явіўся менавіта на Будслаўскай зямлі. Здаецца, не толькі зямля — само паветра насычана тут духам малітвы. Калі Пецярбург толькі пачынаў будавацца, а да заснавання Чыкага заставалася больш за сто пяцьдзясят гадоў, у Будславе людзі маліліся ўжо два стагоддзі. А пачалося ўсё ў 1504 годзе, калі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык аддаў манахам-бернардзінцам каля трохсот гектараў лесу ў Мінскім павеце паміж рэчкамі Сэрвеч, Турака і Зуйка. Браты былі адпраўлены сюды з Вільні, каб сплаўляць лес для рамонту віленскага кляштара Святога Казіміра. Яны пабудавалі для сябе часовыя шалашы — буды (адсюль і назва мястэчка), а таксама невялічкае памяшканне для цэлебравання святой імшы і набажэнстваў. І ў большасці вялі пустэльніцкае жыццё, пакуль... аблюбаванае імі месца на Сэрвечы не стала папулярнае і сярод іншых людзей дзякуючы з’яўленню тут у 1613 годзе цудоўнага абраза Маці Божай. Вядома, што абраз гэты быў падораны яшчэ ў 1598 годзе ў Рыме папам Кліментам VIII мінскаму ваяводзе Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Напісаны алеем у лепшых традыцыях італьянскага Рэнесансу, абраз уяўляе сабой паясную выяву Божай Маці, якая трымае на левай руцэ Езуса, указваючы на яго правай рукой. Маленькі Езус трымае ў адной руцэ плод гранат, а другой бласлаўляе. Ваявода так цаніў падарунак, што заўсёды браў яго ў паходы. Пасля смерці Паца абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю. У 1613 годзе — якраз перад Вялікаднём — Салакай быў у Будславе і, узрушаны набажэн-ствам, ахвяраваў касцёлу і айцам-бернардзінцам гэты цуд. Такім чынам абраз знайшоў новы дом. Будслаўскі абраз адразу ж атрымаў пашану ў людзей. Звесткі пра цуды, якімі ён адорваў вернікаў, хутка разляцеліся далёка па краіне і нават за яе межы. Сталі з’яўляцца копіі абраза — не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за мяжой. Напрыклад, самая ранняя з ацалелых копій абраза (XVII стагоддзе) знаходзіцца ў былым дамініканскім касцёле ў Літве. А яшчэ — кнігі пра цуды будслаўскай святыні. У XVII стагоддзі айцец Элеўтэрый Зеляевіч у кніжцы “Задыяк на зямлі” апісаў 42 цудадзейныя выздараўленні, якія ўчыніла Найсвяцейшая Панна Марыя і сведкам якіх ён стаў асабіста. Цуды абраза Першым апісаны цуд 1617 года. Ён датычыцца гісторыі пяцігадовага Язафата Тышкевіча, які аслеп. Цэлы год хлопчык нічога не бачыў. Многія з родных Язафата страцілі надзею на яго выздараўленне. Але бацькі хлопчыка працягвалі верыць. У дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прывялі Язафата ў Будслаўскі касцёл. Як толькі хлопчык пераступіў парог святыні, з яго вачэй нібы спала цёмная заслона. Язафат зноў стаў бачыць. Пазней Тышкевіч стаў вядомым айцом кармелітам і сваім служэннем дзякаваў Богу за такое цудоўнае вылячэнне. У кнізе апісаны не толькі выпадкі цудоўнога выздараўлення. Вядома, Маці Божая Будслаўская вяртала людзей да веры і нават... ажыўляла памерлых. Адзін з такіх цудаў, напрыклад, адбыўся ў 1638 годзе, калі чатырохгадовая Зоф’я Бужынская звалілася ў сажалку і ўтапілася. Калі дзяўчынку выцягнулі, піша Зеляевіч, яна “ўжо ўся счарнела, вочы выйшлі з арбіт, не дыхала і так раздулася, што сарочку на ёй давялося разрэзаць”. Калі ж бацькі з вялікім галашэннем і надзеяй прысвяцілі яе абразу Найсвяцейшай Панны, дзяўчынка адразу ж вярнулася да жыцця. А вось гісторыя пра тое, як Найсвяцейшая Панна настаўляла вернікаў і вучыла іх праўдзіваму жыццю ў Хрысце. Было гэта ў 1644 годзе. У адну з нядзель выбралася баярка з вёскі Берлаўшчына Ганна Абрамовічаўна ў грыбы, і з’явілася ёй у лесе ў вялікім ззянні і прыгажосці Найсвяцейшая Панна, седзячы за столікам, на якім гарэлі дзве свечкі. І калі дзяўчына, моцна спалоханая, хацела схавацца, то пачула голас: “Чаму хаваешся? Ідзі сюды! Што гэта вы ў свята працуеце і тым зневажаеце Майго Сына? Ён вам шэсць дзён даў для працы, сёмы дзень абраў для Сваёй хвалы, а вы і яго парушаеце? Ведай жа, што Сын Мой гэтым разгневаны”. Найсвяцейшая Панна дакранулася да дзяўчыны сваёй рукою, ад чаго тая страціла мову. Пасля, як апавядала сама Ганна, нейкая сіла якімсьці прыгожым і дзіўным шляхам перанесла яе з таго месца на Віленскі тракт да Крывічоў. Дзяўчына, калі прыйшла дахаты, не магла вымавіць слова. Здзіўленая маці склікала родных і суседзяў, якія параілі ёй паслаць па знахароў. А калі тыя пачалі над ёй варажыць, Ганна з такой сілай пачала іх біць, што тыя ледзь уцяклі. А пасля тры дні дзяўчына, нічога не гаворачы, усё паказвала рукой у бок Буды (былая назва Будслава), пакуль, нарэшце, бацькі не здагадаліся і не адвялі яе ў будслаўскую святыню. Стаўшы перад абразом Найсвяцейшай Панны, Ганна ўсклікнула: “Вось гэтая Панна мне ў лесе аб’явілася і сваёй рукою дакранулася і сюды, да свайго абраза, загадала ісці”. Дзяўчына ўсё расказала, выйшла з касцёла ў добрым здароўі — зноў набыла мову. Дзякуй, Марыя Адорвае ласкамі сваіх дзяцей абраз Маці Божай Будслаўскай і сёння. Хоць статыстыку будслаўскіх цудаў цяпер ніхто і не вядзе, але, адкрываючы скрынку для ахвяраванняў, расказвае айцец Віктар Бурлака, кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, у ёй часта знаходзяць то залатыя пярсцёнкі, то іншыя каштоўнасці — у знак падзякі за атрыманыя ласкі. Маці Божая не пакідае без увагі нікога, хто б да яе ні прыйшоў. А прыходзяць многія. Незалежна ад веравызнання. І католікі, і праваслаўныя шукаюць тут духоўнасць, святое. Спрабуюць знайсці адказы на пытанні, дапамогу ў выздараўленні, парады ў жыццёвых сітуацыях. І знаходзяць. Не прамініце магчымасці і вы. Прыйдзіце ў Будслаў. Па-кланіцеся Каралеве. Падзякуйце за тое, што маеце. Па-
Як дабрацца? Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прасіць мацярынскага заступніцтва Багародзіцы ў Будслаў зблізу і здалёк едуць і ідуць тысячы вернікаў |
|