Тчэ, не забыўшыся, рука. 21.by

Тчэ, не забыўшыся, рука

16.07.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адзін наш калега, што не так даўно прыехаў жыць у Беларусь, паездзіў па Берасцейскай правінцыі і быў узрушаны тым, якое хараство хаваецца ў баку ад міжнародных магістраляў, з якой трапяткой любоўю энтузіясты, людзі з добрай генетычнай і гістрычнай памяццю захоўваюць песні, узоры, адзенне продкаў — каб праз рэп і папсу прабівалася ў свядомасць моладзі лепшае з нацыянальных рысаў і звычаяў беларусаў.

Маларыцкі строй з яго непаўторнымі ўзорамі і адмысловым галаўным уборам пад назвай “плат” шырока вядомы ў нашай краіне. Этнографы напісалі не адну манаграфію, ніводная выстава не абыходзіцца без яркіх стракатых кашуль, фартушкоў, спадніц. Але тое, што захоўвалася ў куфэрках, шпарка пазабіралі ў музеі ды ўстановы культуры. Вось і вырашылі ў раённым Цэнтры народнай творчасці аднавіць традыцыйны строй з адмысловым узорам на сучаснай тканіне і тым самым захаваць старажытную традыцыю.

Пашчасціла, знайшлі ў вёсцы Дарапеевічы Сцепаніду Аляксееўну Сцепанюк. 77-гадовая бабулька ведае, так бы мовіць, тэхналогію старога ткацтва і вышыўкі, трымае ў памяці ўзоры і прыёмы яшчэ сваіх бабуль і маці. Цяпер Сцепаніда Аляксееўна працуе ў Цэнтры народнай творчасці кіраўніком гуртка па ткацтве. Тут стаіць сапраўдны ткацкі станок, на якім пад кіраўніцтвам пажылой майстрыхі пераймаюць рамяство школьніцы. Ёсць нават і адна дарослая вучаніца.

Спецыялісты цэнтра расказалі, што калі Сцепаніда Аляксееўна ўсаджваецца за станок, абавязкова пачынае спяваць. І тады ва ўсіх астатніх гуртках амаль што спыняецца праца — слухаюць. Колькі яна помніць народных песень, не ведае ніхто, мабыць, і сама майстрыха. За даволі-такі нуднай працай, хоць з-пад рук потым выходзіць хараство, — песні выплываюць у памяці самі па сабе. Сама таго, пэўна, не жадаючы, бабулька Сцепанюк становіцца зоркай.

Пра майстрыху знялі дакументальную кінастужку. Завіталі да яе і музычныя артысты з Мінска. Спявак Віталь Пракаповіч адну песню з “рэпертуару” Сцепаніды Аляксееўны “Святы месячэньку” запісаў у сучаснай аранжыроўцы. Цяпер палеская народная песня ёсць у сеціве. Больш таго, моладзь бярэ песню ў якасці рынгтона для сваіх сотавых тэлефонаў. А гэта ўжо тая папулярнасць, якой могуць пазайздросціць і мегазоркі сучаснай эстрады.

Тым часам у Цэнтры народнай творчасці, нядаўна, дарэчы, адрамантаваным, выткалі ўжо шмат андаракаў, платаў і ручнікоў. Некалькі вучняў сталі ткаць амаль прафесійна. Ну і Сцепаніда Аляксееўна не пакладае рук. Нядаўна для артыстаў знакамітага брэсцкага ансамбля “Радасць” выткала палатно на спадніцы з маларыцкім узорам.

Матэрыял для андаракаў тчэцца на Маларытчыне па асаблівай тэхналогіі. Ён уяўляе сабой нешта накшталт габеленавага пляцення — на правым баку тканіны не відаць нітак асновы. Па-мясцоваму такі метад ткацтва называецца кажушком тканае. У рэканструяваным цэнтры ля ўвахода кожнага наведвальніка сустракаюць прыгажуні. Не адразу і скеміш, што гэта манекены ў народных строях.

На манекенах прадстаўлены святочныя строі. Усе яны сапраўдныя, сабраныя ў вёсках Маларыцкага раёна за два апошнія дзесяцігоддзі. На строях пануе чырвона-белы колер з характэрнымі выявамі ружаў, і гэтае спалучэнне колераў і ўзораў напаўняе сэрца святочнай радасцю. Прыклад Сцепаніды Сцепанюк паказвае, што песня дапамагае ў працы.

Але і свята без песні — не свята. У вёсцы Хаціслаў ёсць дзіцячы ансамбль “Крынічка”. У яго артыстаў непаўторныя канцэртныя касцюмы, таксама як і рэпертуар. Дырэктар вясковага Дома культуры Галіна Хомік збірала канцэртныя строі па навакольных вёсках. Тамсама запісвала мясцовыя легенды і паданні. Так юныя артысты разам з танцамі і песнямі з глыбінь народных вывучаюць гісторыю роднага краю.

Летась “Крынічка” прымала ўдзел у рэспубліканскім фестывалі “Берагіня”. Там артысты з Хаціслава паказалі праграму, дзе былі не толькі песні і танцы, але і тэатралізаваныя фрагменты з паданняў Хаціслаўшчыны. Больш за ўсё хлопчыкам і дзяўчынкам спадабалася этнадыскатэка, дзе ўсе танчылі ў сваіх народных адзеннях.

Таксама ў Хаціславе працуе гурток па вышыванні. Ім кіруе Галіна Бенясюк. Дзеці працуюць над узорамі, што засталіся ад старых майстрых: птушкі, кветкавыя і фігурныя арнаменты, ружачкі — усё, як на бабуліных ручніках. Цікава, што ў гурток ходзяць не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі. На сцяне на агляд усім змешчаны творы гурткоўцаў. І самім прыемна, і шматлікім гасцям ёсць на што паглядзець.

Сёння ведаюць усе: арнаменты і ўзоры на ручніках і адзенні беларусаў мелі мэтай не толькі прыгажосць. У гэтыя аздобы ўкладаўся сакральны, містычны сэнс. Амаль што кожная вёска ў Беларусі мела свае асаблівасці і звычаі. Па ўзорах на кашулі раней можна было зразумець, з якой мясціны паходзіць чалавек. Расказваюць, што адна бабуля прасіла пахаваць яе ў строі, што застаўся ад матулі: маўляў, як інакш на тым свеце пазнаюць, чыя я ды адкуль? Дык зберагайма!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін наш калега, што не так даўно прыехаў жыць у Беларусь, паездзіў па Берасцейскай правінцыі і быў узрушаны тым, якое хараство хаваецца ў баку ад міжнародных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика