Паход у Карпаты: аблокі, вёдры поту і страшылкі пра мядзведзяў. 21.by

Паход у Карпаты: аблокі, вёдры поту і страшылкі пра мядзведзяў

14.09.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Прачынаешся, а пад табой – аблокі. Ідзеш − а іх усё больш.

Дзіўная мара была ў віляйчанкі Насці: яна хацела пагладзіць аблокі. І ў паходзе па Карпатах яе мара ажыццявілася.

Ды столькі разоў, што іншыя турысты нават сталі яе жартам папракаць: “Насця, чаму з-за тваіх дзіцячых мар мы ўсе павінны пакутаваць?”. Бо з палову паходу, які здзейснілі напрыканцы жніўня віляйчане, давялося ісці ў аблоках.

– А гэта і сырасць (усё набірае вільгаці), і недахоп кіслароду. Ды і як можна весці групу, калі яе не бачыш?! – тлумачыць кіраўнік турыстычнага клуба “Чарапашкі” цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Міхаіл Петух. – І самае галоўнае: тое, для чаго ты падымаўся ў горы – гэту прыгажосць, – ты не бачыш. Праўда, часам на пару хвілін хмары разыходзяцца, можна як быццам праз ілюмінатар самалёта зазірнуць і ўбачыць, што ўнізе сапраўдныя краявіды, а не рэклама “Белавіі”. А потым “порцыя” прыгажосці заканчваецца, і далей зноў ідзеш у аблоках.



Мы ведалі, што такое можа быць, рыхтаваліся. Не першы раз у Карпатах, было ўсялякае, бывалі вятры, што з ног валілі, але каб палову паходу прайшлі ў аблоках – такога яшчэ не бачыў. Зразумела, што акрамя іх былі і іншыя кліматычныя выпрабаванні: спякота, халадэча, навальніцы, дажджы, вятры.

Вось так, пракрочыўшы ў аблоках, сем выхаванцаў і кіраўнік клуба “Чарапашкі” за дзевяць паходных дзён пераадолелі каля 200 кіламетраў. Пабачылі яны найвялікшы вадаспад Украіны – Маняўскі, пакарылі шэсць вяршынь, у тым ліку і найвышэйшы пункт краіны Гавэрлу (2061 метр над узроўнем мора).

– Разумею, што самыя яркія ўражанні ад паходу засталіся ад аблокаў...

– Так. Раніцай прачынаешся на вышыні 1500-1700 метраў, а аблокі ўнізе, на дне цяснін. І потым з кожнай хвілінай іх становіцца ўсе больш і больш, яны падымаюцца і займаюць сваё месца. Захапляльнае відовішча. Асабліва калі промні сонца асвячаюць  хмары – гэта не перадаць словамі.

Інтрыгуючы момант у паход уносіла адчуванне, што недзе блізка могуць быць мядзведзі.



– Большая частка маршруту праходзіла па глухіх мясцінах, дзе адпаведна водзяцца дзікія жывёлы. Шмат размоў было пра мядзведзяў. У адным сяле кажуць, мядзведзь восем кароў задраў, у іншых – пяць, тры...  Стаўленне сакральнае. І папярэджваюць нас: “Вы ж асцярожна, дзяжурце па начах, вогнішча паліце”. Вось такія страшылкі.

На адным з пераходаў сустрэлі горных ратавальнікаў, яны параілі нам у леснічоўцы спыніцца. Спытаў: “А што там з мядзведзямі, у леснічоўку не прыйдуць?”. “Ды не, – кажуць. – Яны ў чалавечае жытло звычайна не лезуць”. Калі раней былі проста размовы пра нейкіх мядзведзяў, то можна было жартаваць. А калі ўжо канкрэтныя работнікі так гавораць, то, пэўна, сапраўды звяры тут ужо блізка.

Прысутнасць мядзведзеў дысцыплінавала і ўносіла пэўны каларыт. Бачылі абадраныя кіпцюрамі дрэвы, памёт: ідзеш і адчуваеш, што ён недзе блізка. Таму, калі праходзілі самыя глухія мясціны, то шумелі, каб мядзведзь мог нас пачуць здалёк. Бо калі яны чуюць, што нехта ідзе, шуміць, то самі сыдуць. Усё ж мядзведзя мы не сустрэлі.

Дзяўчаты перад снеданнем рабілі цікавыя прычоскі
– Чым яшчэ гэты паход быў асаблівы?

– Ніводнага паходу аднолькавага не бывае. Маршруты хоць трошкі, але адрозніваюцца, шукаем, дзе яшчэ не былі – мне самому нецікава паўтараць адно і тое. Не сказаць, што паход суперцяжкі, проста такі асаблівы. Ён другой катэгорыі складанасці – яна прадугледжвае пэўныя цяжкасці. Але магло іх быць і больш. Калі падлічыць усе фізічныя і тэмпературныя намаганні (некалькі дзён стаяла спякота), то, пэўна, у паходзе з усіх пралілося два ці тры вядры поту.


Група была вельмі дружная, ішла заўсёды бадзёра, ніхто носу не вешаў, не адставаў. Сапраўды, вельмі рэдка так бывае. Такія дзеці падабраліся, што абсалютна спакойна, без ператамлення ўсё прайшлі. Уразіла, што дзяўчаты раніцай заўсёды знаходзілі сілы да снедання зрабіць новую арыгінальную прычоску.

Прыемна здзівіла турыстаў стаўленне да гісторыі роднага краю мясцовага насельніцтва, якое ў Закарпацці складаецца з украінцаў, венграў, гуцулаў і шмат якіх яшчэ народаў. Тут, напрыклад, побач могуць суіснаваць помнікі як байцам Украінскай паўстанцкай арміі, так і іх ахвярам.

– У адным сяле ўстаноўлены помнік “Вользе-кулямётчыцы”, якая змагалася ў радах Украінскай паўстанцкай арміі. А напрыканцы гэтага ж дня праходзім праз перавал і бачым іншы помнік – лесарубам, якіх забілі байцы гэтай арміі, – расказвае Міхаіл Петух. – А паміж імі яшчэ помнік польскім легіянерам, якія ваявалі ў 1914-15 гадах на баку кайзераўскай Германіі і загінулі ў час Першай сусветнай вайны.

Мясцовыя ставіліся прыязней, калі гаварылі па-беларуску

– Як з мясцовым насельніцтвам кантактавалі?

– Людзі розныя сустракаліся. Пераважна вельмі прыязныя, дапамогуць, падкажуць, і моўных бар’ераў няма. Вядома, калі па-беларуску з імі загаворыш, то ласкавей адказваюць. Быў момант, калі ў краме дзеці перш за мяне па-руску да прадаўшчыцы звярнуліся, то ўжо насцярожанасць адчувалася.

“Хамеры” знішчаюць некранутыя Карпаты

А яшчэ Міхаіла Петуха адначасова парадавала і занепакоіла вельмі сур’ёзныя праца па развіцці турызму ў Карпатах:

– У гэту справу ўкладваюцца грошы: робяць стаянкі, шыльды, інфармацыйныя стэнды для таго, каб людзі маглі арганізавана пераначаваць, не блукалі. Шмат дарог робіцца, каб можна было пад’ехаць, а не толькі пешшу пайсці. З аднаго боку, гэта і дрэнна, калі дзікі турызм губляе сэнс. А з іншага, гэта лепш для тых людзей, якія не могуць хадзіць у паходы.

Праўда, баюся, што праз год пяць-дзесяць ад Карпат застанецца такі “фанцік”. У прыватнасці, бачылі, як на гары Блізніца людзі на “хамерах” імчаліся на вяршыню. Дарогі там няма, але на сваіх машынах каляіну зробяць, рана на глебе будзе зажываць шмат год. Шкада тых некранутых Карпат, якія раней былі, дзе сапраўды адчувалася еднасць і гармонія з прыродай.

З кожным годам Карпаты становяцца больш падобнымі да парку. На вяршынях даўно стаяць слупочкі з указаннем вяршынь. Калі раней ішоў і спадзяваўся толькі на компас, азімут, карту і свае веды, то сёння вось табе стрэлкі: хадзі туды, а сюды не хадзі. Губляецца прывабнасць экстрэмальнага турызму і адпаведна цікавасць.  

…Вы кажаце, што мы пакарылі вяршыні? Не згодзен. Гэта Карпаты пакарылі нас. Яны заўсёды падкідваюць якуюсьці таямніцу, каб зноў хацелася сюды вярнуцца. Глядзіце пільна, каб і вам не стаць зачараванымі гарамі. А то захочаце ў казку.


Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Міхаілам ПЕТУХАМ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзіўная мара была ў віляйчанкі Насці: яна хацела пагладзіць аблокі. І ў паходзе па Карпатах яе мара ажыццявілася.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика