Па-царску жаніліся, жылі па-сялянску. 21.by

Па-царску жаніліся, жылі па-сялянску

22.09.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Фота photo.99px.r.

Жыццё пражыць – не поле перайсці. Гэта прымаўка тычыцца кожнага. Каля васьмідзесяці  – як гэта многа і як гэта коратка. Нібы сон. Мільганула нешта і знікла ў нябыт.

Толькі ўспаміны. З чаго пачаць?

Землякі ў Піцеры

Нарадзілася я ў 1928 годзе. Не былінка ў полі. Бацькі выхоўвалі нас, нагадваючы сваё мінулае, адбіралі з жыцця больш значныя моманты, па якіх можна было арыентавацца ў будучыні.
Маці з бацькам спаткаліся на чужыне, у Петраградзе. Менавіта так называлі горад іх маладосці, цікавых спатканняў і ўтварэння сям’і.

Маці трапіла туды ў 1910 годзе. Бацька крыху пазней. Прайшоў час, пакуль землякі нейкім чынам сустрэліся.

Беларусы-землякі з усяго горада часта сустракаліся. Спатканні былі абавязковыя, не менш, чым раз у 10 дзён. З’явілася бацькава аднасяльчанка Марыля Кратовіч. Адазваўся стрыечны брат Васіль Папковіч. Сябра дзяцінства Мікалай Шульскі. Прыехала маміна сяброўка дзяцінства Манька Юшкевіч, яна была больш дасведчаная, паколькі працавала на фабрыцы.

Мама была нянькаю ў сям’і інжынера шляхоў зносін. Яе абавязкам было сачыць за паводзінамі дзяцей, гуляць з з імі і пакрысе далучаць да польскай мовы.
Поўным ходам рыхтавалася вяселле не толькі маладымі, але і сябрамі.

Час аказаўся не з лепшых. Адбылася лютаўская рэвалюцыя. Яшчэ да рэвалюцыі ў мамы наладзіліся цесныя сувязі з дзядзькам па бабулінай лініі Іосіфам Дзікам. Гэта афіцэр царскай арміі, які нёс службу пры царскай канюшні і меў у сваім распараджэнні падначаленых. У яго ўжо была сям’я. Дзядзька меў двое дзяцей – Іосіфа і Валянціну. Мая мама была ў іх хроснай.

Царская канюшня поўнасцю перайшла ў распараджэнне абслугі. Дзядзька сам кіраваў тройкай белых, запрэжаных у царскую карэту. Вянчанне прайшло ў Царскім Сяле. Так двое беларусаў – Антон Іванавіч Папковіч і Вольга Антонаўна Спірыдовіч – па-царску стварылі сям’ю. Час аказаўся гістарычна значным, хісткім. Час паміж дзвюма рэвалюцыямі. Відаць, для маладых у такія хвіліны не існуе навакольнага свету.

Пачаўся масавы ад’езд іншаземных спецыялістаў з Расіі на Захад.

Гаспадар прапанаваў служанкам ехаць за мяжу разам з яго сям’ёю.

Сям’я Папковічаў стварала сваё асабістае жыццё.

Наступаў голад. Бацька памяняў работу. З пажарнай каманды перайшоў на працу ў паштовы вагон. Супра­ваджаў пошту ў напрамку Петраград-Кіеў. З Кіева прывозіў хлеб і іншыя харчовыя прадукты. Маці чакала прыбаўлення ў сям’і. У 1918 годзе нарадзіўся хлопчык Косця.

Вяртанне сям’і на радзіму

Ішла вайна. На захад адступалі нямецкія ўзброеныя сілы. Маладыя бацькі рашылі перачакаць неўладкаванасць дома ў вёсцы. У вагоне Косцік страціў прытомнасць. Мама клікала на дапамогу. Падышлі двое: доктар і перакладчык. Доктар дапамог і абнадзеіў, што нічога сур’ёзнага не здарылася, проста ў перапоўненым вагоне хлопчыку стала душна. Але бяда не мінула.

Праз некалькі дзён пасля прыезду дамоў хлопчыка не стала.

Ён пражыў усяго шэсць месяцаў.

Бацькоўская зямля прыняла родных. Пасяліліся ў дзедавай хаціне. Дзед Іван Раманавіч з бабуляй ды малодшы бацькаў брат Аляксей.

У тыя гады ішоў падзел тэрыторыі паміж палякамі і бальшавікамі. Са слоў старэйшых, спачатку мяжу абазначылі па рацэ, каля Шыпкоў. Наша вёска павінна была застацца ва ўсходняй частцы, але быццам бы пан Бароўскі з Лукаўца дамовіўся з памежным начальствам і неўпрыкмет адсунуў сваю лінію крыху на ўсход.

У 1918 годзе Папковічы пабудавалі хату. Два браты меркавалі далей жыць адной сям’ёй. У сям’ю прыйшла маміна стрыечная сястра, і погляды на сумеснае жыццё разышліся. Побач пабудавалі яшчэ адзін дом. Туды пайшлі меншы брат з жонкаю і дзядуля Янук. Бабуля да таго часу памерла і ў маёй памяці не захавалася.

У маіх бацькоў адно за адным нараджаюцца дзеці, жывуць вельмі мала. У асноўным паміраюць, не дажыўшы да года.

Больш вынослівая была Ніна, яна з 1919 года. Я з’явілася ў 1928. У 1930 дапаўняе нашу сям’ю брат Ваня.

За мяжу – у Саветы

У гэтыя гады моладзь масава пераходзіла мяжу. Саветы клікалі да сябе. З вёскі больш за дзясятак маладых дзецюкоў і дзяўчат адправіліся ў пошуках лепшай долі. Сярод іх тры сыны Фёдара Кратовіча, і два – Кандрата Шведа. Маладая пара пакідае сваю дзесяцігадовую Настачку на бабулю. Аднавяскоўцы так і называлі яе ўвесь час “ўнучкай”.
Ваня нарадзіўся 10 кастрычніка, а ў пачатку снежня, неяк раніцою, заходзіць у хату суседка Аўдоцця Путырская з заклапочаным тварам і паведамляе наступную гісторыю.

Учора вечарам позна да іх зайшла жанчына, звалі яе Вера.

Яна несла перад сабой немаўля, закручанае ў нейкія лахманы.

Вера парасіла ў Аўдоцці дазволу абагрэцца некалькі хвілін на печы.

Гаспадыня дазволіла ёй застацца да самай раніцы. Раніцай Аўдоцця прачнулася ад плачу малога.

Веры побач не было.

Мама загадала суседцы вярнуцца хуценька дадому і прынесці немаўля. Так у наш дом трапіла чужое двухтыднёвае дзіця. Маёй маме давялося карміць грудзьмі адначасова дваіх маленькіх дзяцей. Дзяўчынку ахрысцілі і далі імя Надзея.

Вельмі клапаціліся бацькі аднолькава як пра Ваню, так і пра Надзейку. Але радасць была нядоўгай. У жніўні дзеці захварэлі на дызентэрыю. Іх павезлі да доктара ў Ілью. Той прапісаў нейкую мікстуру, аднолькавую для дваіх. Вані дапамагло, а Надзеі − не. Вельмі плакала мама, калі хавалі Надзейку.

Ішло жыццё маіх бацькоў так: то нараджэнне, то пахаванне. Усяго нас, дзяцей, было 12. А ў жывых засталося толькі чацвёра.

Дзеці беглі ў калодках за возам

Верасень 1939 года. Вяскоўцы былі на сёмым небе ад шчасця: вызваленне і свабода. У нашай хаце арганізавалі “чырвоны куток”.

У кожнай сям’і па пяць-восем дзяцей, але адукаваных мала. Нашы бацькі добра ставіліся да вучобы. У Хаценчыцах была польская школа-сямігодка. Мяне туды адправілі ў шэсць год. Было цяжка, бо вучыліся па-польску, а дома гаварылі толькі па-беларуску.

А ў 1939 годзе ў школе пачалі выкладаць на роднай мове, але неабходна было заставацца ў класе на другі год. Таму зноў пачынала з чацвертага класа і да пачатку вайны закончыла толькі пяты.

Тым часам у “чырвоным кутку” кожны вечар было людна. Расказвалі пра рэвалюцыю, Петраград, уключалі грамафон. Валодзю чатыры гады, а ён ужо сам чытаў і дэкламваў доўгія вершы, напрыклад, “Ехаў дзедка на кірмаш”. Бацька расказваў анекдоты, а мама спявала. Першыя ўражанні ад новага жыцця – весела і дружна.

А пасля Новага года прыехаў у вёску хапун і забралі сям’ю Чарняўскіх.

Спачатку забралі днём Адама, а праз некалькі тыдняў ноччу забралі і Ганну з дзецьмі.

Сусед пастукаў у наша акно і аддаў загад: “Запрагай каня, трэба Чарняўскіх адвезці ў Краснае”.

Дзеці не ехалі на возе. Былі амаль босыя, мелі нешта падобнае да абутку – драўляную падэшву, да якой прыбіты раменьчык, пад які прасоўваецца нага. У гэтых калодках беглі за возам да самай станцыі.

Раніцай пачулі, што хапун прайшоў у многіх месцах, асабліва па хутарах. Пачалі дзяліць чужое гадамі нажытае дабро. Бедната была проста ў захапленні: хто цягне карову, хто парсючка, хто збожжа.

Але на дармавізну паквапіліся не ўсе. Сярод аднавяскоўцаў былі і сумленныя людзі. Чарняўскія стаялі каля сваіх варот і плакалі. Ганна ў гэтым доме вырасла, а Адам быў прымаком.

Пайшла пагалоска, што там, дзе раней стаяла агароджа з калючага дроту, зусім іншае жыццё. Гэта было не далей чым за два кіламетры ад вёскі. Жанчыны вырашылі праверыць. Пайшлі ў бліжэйшую вёску ў лаўку, дзе быццам бы давалі людзям соль, запалкі і іншыя неабходныя прадукты. З нашага боку заставы не было, бо ішоў ужо 1940 год. А з усходу, ля Панышоў, яшчэ захаваўся пагранічны пост. Сярод цікаўных жанчын была і мая мама.

Замест лаўкі яны апынуліся ў каталажцы, дзе былі да вечара. Прыцемкам суправаджаючыя давялі іх да пагранічнага слупа і папрасілі больш сюды не наведвацца, пакуль не атрымаюць запрашэнне.

Пачатак вайны

З надыходам вайны памяняліся ролі. Не мы да іх, а яны, так званыя “васточнікі”, хлынулі да нас за соллю, запалкамі, хлебам, шукалі сваякоў. Цэлыя натоўпы атакавалі Хаценчыцкую царкву. Хрысцілі ўсіх жадаючых: і малых, і старых. Але такое вольнае хаджэнне цягнулася нядоўга. З’явіліся партызаны-адзіночкі, а потым і атрады. Пачалі пад партызанаў прыкідвацца і банды.

Нямецкія ўлады ў Хаценчыцах стварылі гарнізон з двух нямецкіх ваенных і некалькіх мясцовых паліцэйскіх. Царкву ператварылі ў крэпасць. На званніцы ўсталявалі кулямёт. Вакол будынка выкапалі шырокую траншэю. Пад зброяй зганялі мясцовых да працы.

Гарнізон пратрымаўся нядоўга. Партызаны расправіліся з ім за некалькі гадзін. Падчас бойкі загінула некалькі паліцэйскіх і цывільных. У партызан ахвяраў не было.

Паміж двух агнёў

Насельніцтва навакольных вёсак аказалася паміж двух агнёў. Днём наязджалі з гарнізонаў нямецкія карнікі, рабавалі, забівалі і здзекваліся з людзей. Ноччу ж прыходзілі партызаны. І таксама рабавалі, а то і па нейкіх неправераных даносах знішчалі цэлыя сем’і, не пакідаючы ў жывых нават немаўлят.

Здарыўся адзін выпадак восенню. Я і брат Ваня выбіралі бульбу. Поле знаходзілася на аднолькавай адлегласці як ад нашай вёскі, так і ад Рабцоў. У паветры раздаўся гул матораў. Мы паднялі галовы і сталі лічыць самалёты. Яны кругам абляталі Рабцы і нешта скідвалі. Пачало падымацца полымя, задыміліся будынкі. Адзін самалёт апусціўся нізка над зямлёю і застрачыў з кулямёта над нашымі галовамі. Мы ледзь паспелі паваліцца ў свае барозны і хуценька пачалі адпаўзаць далей. Нам давялося схавацца ў прыдарожнай канаве.

Вечарам мы даведаліся, што ў Рабцах загінула жанчына Анюта Спірыдовіч са сваімі маленькімі дачушкамі.

Адной з іх было пяць гадкоў, а другой – тры.

Жанчына схавалася пад яблынькай на сваім агародзе і прытуліла да сябе дзяўчынак.

Кулямётная чарга скасіла ўсіх траіх.

У гэты ж дзень была знішчаная суседняя вёска Заельнікі.

Партызанская ўлада

Партызанскія атрады множыліся. Зона пашыралася. У кожнай вёсцы пасяліўся партызанскі камендант, які сачыў за парадкам. Без дазволу каменданта ні адзін вясковец не меў права наведаць суседнюю вёску. Была наладжаная сувязь з Масквой.

У нашай хаце жылі радысты. Быў адведзены асобны пакой, дзе абменьваліся са сталіцай паведамленнямі. Акрамя радыстаў, у нашай хаце жылі нейкія начальнікі: Аляксандар Даўгіх,  Павел Аўсянікаў, Міхаіл Гуля, Міхаіл Навышні. У суседзяў жыў Івакін, начальнік штаба, Дарафей Бацяноўскі – камандзір спецатрада “Баец” і два браты Хадасевічы: Мікалай і Грыша. Усе былі маладыя, у асноўным ад 20 да 30 год.

Дарафей Бацяноўскі значыўся заліхвацкім гарманістам. Сам быў нізкага росту, і гармонік ягоны быў маленькі, нібы дзіцячы. Маладосць брала сваё. Хацелася весялосці. Тады ўпрошвалі Дарафея арганізаваць танцы. Усе збіраліся ў адной хаце, спявалі і танцавалі да ўпаду. Мяне на гэтыя зборышчы не пускалі. Бацькі сцвярджалі, што не дарасла. А вось калі ўсе сяльчане з атрадам “Баец” адзначалі 25-я ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі, мне дазволілі пасядзець побач з бацькамі за сталом.

Усё насельніцтва актывізавалася на барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Партызаны тлумачылі, якія мэты ставілі акупанты. Ды народ і сам бачыў. Працягвалася масавае знішчэнне людзей, сёл, гарадоў. Палілі вёскі разам з насельніцтвам. Па тэрыторыях, якія занялі партызаны, рухаліся страшэнныя ўзброеныя сілы карнікаў. Пры адным гуку якога-небудзь матора ўсе зрываліся са сваіх месцаў і ўцякалі ў лес. Лес абстрэльвалі з мінамётаў. Гэта называлася блакада.

“Душы дзіцё, бо з-за яго загіне ўся вёска”

У гэты раз некалькі сем’яў, каля дзесятка, аблюбавалі сховішча ў балотцы паміж дзвюма дарогамі: Лукавецкай і на Зачарную. Бураломам тут шмат накрыжавала дрэў. Каля кожнага дрэва сем’і аблюбавалі для сябе такое сховішча. Секлі лапкі, рабілі вышэйшы насціл, забівалі калкі, змацоўвалі жэрдкі і зноў жа рабілі з лапак насціл, дзе можна было пакласці дзяцей  і самім прылегчы.

Аднойчы надвячоркам, калі ўжо ўсе ўладкаваліся для сну, недзе каля адной з “палатак” пачуўся жаночы плач і крык. Усе дарослыя павыскоквалі. Аказалася, што гэта была сям’я з суседняй вёскі: старая бабуля і маладзіца з немаўлём. Малое вельмі крычала, маці ў слязах старалася супакоіць, а старая настойліва патрабавала: “Душы дзіцё, бо з-за яго загіне ўся вёска”.

Маці зняла з сябе пінжачок, загарнула малога, завязала яму на галоўку нейкі шматок і пайшла

пад вечаровы шум яловых галін. Натоўп, які ціха назіраў карціну,

паволі разыходзіўся, кожны са сваімі думкамі ўладкоўваўся

на свае нары, каля сваіх дзяцей...

Грукат пачаў аддаляцца. Карнікі накіроўваліся на ўсход. На гэты раз усе ўцалелі. Сем’і адчулі, што небяспека мінула і можна вяртацца ў вёску.

У гэты момант хтосьці заўважыў, што паміж невысокіх, але густа размешчаных ялінак з’явілася жаночая постаць, якая перад сабой несла нейкі скрутак. Кожны адарваўся ад сваёй справы і, як па камандзе, кінуўся насустрач. Гэта была Ніна са сваім Шуркам. Тут і бабуля праслязілася. Яны абняліся і расцалаваліся.

Муж Ніны быў партызанам, звалі яго Аляксандр. Вось і сынка яна назвала ў гонар бацькі. Толькі з вайны старэйшы Аляксандр не вярнуўся, загінуў. Ніна заўсёды запрашала нашых вяскоўцаў наведаць яе дом. Я таксама ўжо дарослай пабывала ў яе. Скардзілася яна на галаўны боль. Часта лячылася то ў мясцовай бальніцы, то Шурка забіраў яе ў Мінск. Дачакалася ўнукаў і памерла, прытуленая рукой сына.

А ці свяціла сонца ў тыя дні, месяцы, гады, пакуль цягнулася крывавая бойка?

Не, не свяціла! Неба было зацягнутае чорнымі хмарамі, паміж імі з грохатам і свістам праносіліся самалёты, пакідаючы за сабой белыя палосы.

Стагналі над невыносным грузам. Недзе нешта заўсёды ўзрывалася і грукала. Я не прыпомню зялёных лугоў і квітнеючых траў. Усё нібы вымерла.

Вогненная трагедыя Брыгідава

На зіму 1943 года партызаны перабраліся ў свае лясныя кватэры. Пабудавалі зямлянкі, размясцілі сваіх людзей. Шпіталь пакінулі на хутары ў Канстанціна Шахрая.
Гэта было на ўскрайку лесу. Небяспечнае месца. Як пазнаць самае небяспечнае месца? Чым яно абазначаецца? Ніяк не згладзіцца з памяці эпізод з жыцця цёткі Вікці. Цётка Вікця, маміна стрыечная сястра, жыла ў вёсцы Брыгідава. Вечарам сусед прынёс паведамленне з Навасёлак, што сваяк просіць дапамогі. Цётка Вікця павінна накіраваць аднаго са старэйшых хлапчукоў на адзін дзень пасвіць кароў. Пытанне абмеркавалі на сямейным савеце, будзе весялей, калі пойдуць двое. Адольфіку каля дзевяці, а Геніку восем. Самыя пастушкі. Толькі з умовай, што цётка Вікця павінна даставіць на месца прызначэння і асабіста перадаць з рук у рукі сваяка “рабочую сілу”. Так і зрабілі. На досвітку маці адвяла хлапчукоў па прызначэнні.

Але што гэта? На ўскрайку лесу, проста перад ёю, ляснуўшы затворам, прыбліжаецца ўзброены фашыст. Ён ўпіраецца дулам карабіна проста ў Вікціны грудзі. Ён нешта тлумачыць па-свойму. Не дае зрабіць ніводнага кроку наперад. Не аслабляючы сваіх намаганняў, немец прыціскае змярцвелае цела спіною да дрэва. Цётка Вікця нічога не можа зразумець.

Яна, плачучы, паказвае ў бок вёскі за лесам, што там яе чакаюць чацвёра малых.

Але салдат спакойна вымаўляе два словы: “Кіндэр капут”.

Так здзекліва, то прыпадымаючы крыху ўверх, то зноў прыкладаючы да грудзей ствол.

А як затрашчаў паблізу матор грузавога аўтамабіля, немец штурхануў ствалом жанчыну далей ад дарогі ў глыб лесу, вінтоўку закінуў на плячо і выйшаў насустрач машыне, на якой было многа ўзброеных, да каторых далучыўся апошні.

Калі цётка Вікця выйшла на другі бок лесу, то на месцы яе вёскі дагаралі галавешкі, а ў адным будынку дагаралі костачкі яе дзетак з дзясяткамі аднавяскоўцаў. Гэта было 4 мая 1943 года. Цётка Вікця, Адольфік і Генік засталіся жыць.

Пералетавалі, перазімавалі і зноў блакада. Зноў мы ў лесе. Трымаемся сем’ямі. Зноў стогне зямля пад коламі цяжкай тэхнікі. Партызаны арганізавана зняліся са сваіх месцаў, забралі хворых і падаліся да берагоў возера Палік.

Немцы, прадбачачы небяспеку, выгналі з хаты ў Батурыне сям’ю Арцішэўскіх з пяці чалавек: маці, бацьку і трое непаўналетніх дзяцей і загадалі ісці ім наперадзе, узяўшыся за рукі. Не паспела сям’я зрабіць некалькі крокаў, як раздаўся выбух.

Старэйшыя Арцішэўскія загінулі на месцы, а дзецям – Броніку з Аняй – пасекла асколкамі ногі. Адзін хлопчык не пацярпеў, звалі яго Вітэк. Ён замяніў малым бацькоў.
Доўгачаканае вызваленне

На Паліку загінула шмат партызанскіх байцоў. Вярталіся па аднаму, знямоглыя, схуднелыя. З двух нашых радыстаў вярнуўся адзін Коля Ваданосаў, а Сашку Несцяровіча ён пахаваў на беразе возера Палік.

Хутка прыблізіўся фронт, і мы з кветкамі сустракалі вызваліцеляў. Уцалелыя партызаны ўступілі ў рады  Савецкай арміі. Дабравольна пайшла ваяваць і мая старэйшая сястра Ніна. Яе прызначылі зенітчыцай.

Вайна працягвалася. Стала аднаўляцца мірнае жыццё на вызваленай тэрыторыі. Пачалі дзейнічаць сельскія Саветы, адкрываліся клубы, шукалі будынкі для школы. Першага верасня 1944 года ахвотныя селі за парты.

Бацьку запрасілі ў Ільянскі раён узначальваць страхавы аддзел. Ён забраў з сабою мяне і Ваню. Я павінна пайсці ў шосты клас, а Ваня – у пяты. Валодзя з мамай засталіся ў вёсцы Дварэц Хаценчыцкага сельсавета. Ішоў набор у Мардасоўскую пачатковую школу. Ніна Еўдакімаўна размяркоўвала вучняў па іх дасведчанасці. Валодзю праз тыдзень вучобы перавялі ў другі клас. Здавалася, што ўсе беды скончыліся. Засталося дачакацца поўнай перамогі над лютым ворагам. Мы закватаравалі ў Гаўрылікаў.

Толькі хутка Ваня вярнуўся дамоў, бо захварэла мама і не было каму даглядаць гаспадарку. У гаспадарцы быў конь і карова, іх трэба было шанаваць. Ваня дачакаўся, пакуль у Хаценчыцах не стала расці школа, дзе ён закончыў сем класаў. Далей Ваня пайшоў па механізацыі. Спачатку быў кінамеханікам, а потым скончыў Жлобінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Я хадзіла ў шосты клас Ільянскай школы. У класе нас было не вельмі многа. Усе мы былі пераросткі, але гэта не мела ніякага значэння. Поспехі залежалі ад розных абставін. Большасць з нас не хацелі быць у ліку горшых. У асноўным вучні былі мясцовыя, толькі некалькі чалавек з далейшых вёсак.

Пятнаццатага снежня ў маім жыццёвым календары застаўся чорнай плямай. У гэты дзень я не дачакалася бацькі з работы. Гаспадыня параіла схадзіць да Анюты Буркевіч (у яе хаце размяшчалася кантора) і даведацца, дзе затрымаўся бацька. Я пастукала ў дзверы, і цётка Анюта з нейкім заклапочаным тварам паведаміла, што яшчэ днём прыходзіў міліцыянер, надзеў бацьку на рукі жалезныя штукі і забраў з сабою. З таго часу пра бацьку ніхто ніякіх звестак нам не паведаміў. Пабачыць не дазволілі, адвезлі невядома калі і куды...

У самаробных “бурках”

Гаўрылічыха была мачахай для Валодзі і Шуркі, але і мяне яна не адкінула ад сваёй сям’і. Я пражыла ў іх да канца навучальнага года.

З Валяй Крэнь я сядзела за адной партай, і яна іншы раз цікавілася, ці частуе мяне гаспадыня салодкім чаем. Я маўчала або прызнавалася, што ў нас ніколі няма цукру. Цётка Ганна вельмі шкадавала сваіх пасынкаў, а за адно і мяне лічыла сіратой. Калі наступілі вялікія маразы, а я не мела цёплага абутку, то яна адрэзала ад старой ватоўкі рукавы, неяк закругліла ў насах, зашыла і назвала гэты абутак буркамі, праўда, без галёшаў.

Аднойчы я зайшла ў магазін лясгаса. За прылаўкам працаваў мужчына.

Ён глянуў на мае ногі і, калі меней стала  пакупнікоў, паклікаў да сябе.

Раптам знік за дзвярыма з левага боку ад прылаўка. Я стаяла ў чаканні невядомасці.

Мужчына вярнуўся з пакункам і сказаў: “Вазьмі свае галёшы, а заўтра прынясеш грошы”. Я падзякавала.

Праўда, разлічылася толькі праз некалькі дзён. З гэтым мне дапамагла мая гаспадыня Ганна Гаўрылік. А ў торбачцы, у якой я насіла свае падручнікі і сшыткі, іншы раз знаходзіла драбок цукру. Гэта быў клопат Валі Крэнь. Яе маці працавала ў магазіне. Цукар тады размяркоўвалі па спісах для службоўцаў.

Як многа вакол спагадлівых людзей. Бліжэй да восені вярнуўся з фронту паранены гаспадар Іван Гаўрылік. Цётка Ганна прапанавала пашукаць іншае месца для жылля.
Мама даручыла гэту справу вырашыць самастойна. Я ішла ў нікуды. Неяк побач аказалася дзяўчынка з меншага класа. Загаварыла, пацікавілася: “Ну, ці добра адпачывалася на канікулах?” “Добра”, – адказала я. – Але вось зараз мне няма куды ісці. “Чаму? – здзівілася яна. – Хадзем да нас! Мама не прагоніць!” І мы прыйшлі. Я засталася на цэлы год у сям’і Андрэя Чарапка і яго жонкі Надзеі. Спала я на адным ложку з Лідай, яна працавала настаўніцай ў Залессі. А Галя вучылася ў школе. Мы пасябравалі.

Я кожную суботу хадзіла дамоў за прадуктамі, а ў нядзелю вярталася назад. Да Шчокаўшчыны ішла разам з Мішам Гарбацэвічам, а далей нашы дарогі разыходзіліся. У нядзелю зноў  у назначаны час мы сустракаліся каля Шчокаўшчыны і далей ішлі разам. Міша быў гаваркі, і гісторый у яго хапала на ўвесь дарожны час.

Тым часам сястра Ніна вярнулася з фронту. Яна стала працаваць ваенруком у Латыгальскай школе, зарабляла грошы. Да вясны паабяцала купіць мне ровар. І купіла.
Пачыналіся экзамены за сёмы клас. Трэба было з’явіцца да дзявятай гадзіны на экзамен па рускай мове. Мама сказала: “На ровары даехаць не так доўга. Зранку трэба растрэсці два вазы гною. Даўно пара заканчваць сяўбу, а ў нас яна зацягнулася”.  Я выканала мамін загад. Выехала па вядомай сотні разоў пройдзенай сваімі нагамі дарозе. Праехала некалькі кіламетраў, як наехала на нешта вострае, і з аднаго кола выйшла паветра.

Дацягнула свой транспарт да Шчокаўшчыны, пакінула яго ў людзей, а сама, колькі было сілы, бягом у Ілью. На вуліцы, недалёка ад касцёла, стаялі дзяўчынкі з майго класа Марыя Кузьмінова і Валя Крэнь. Заўважылі мяне і расказалі, што яны напісалі па рускай мове дыктант. Я мала слухала, бегла да школы. Калі я ўскочыла на калідор, да мяне выйшлі Ілья Савіч і Зінаіда Сцяпанаўна. Крыху выслухалі тлумачэнне і адправілі ў клас. Затым Зінаіда Сцяпанаўна прадыктавала для мяне адной дыктант. На наступныя экзамены я хадзіла пешшу.

Лёгка і добра пасля здачы экзамену. Нібы з плячэй зваліўся цяжкі груз. Размахваючы рукамі, праз якую гадзіну-другую і дома.

Жыццё з прыгаршчаў ячменнай мукі

За мае поспехі вельмі хвалявалася сям’я Клапоцкіх. Вера Аляксееўна пасля кожнага экзамену цікавілася вынікам. Яны прыхільна адносіліся да мяне з прычыны таго, што вельмі блізка сутыкнуліся з маім гаротным становішчам.

Клапоцкія некалькі месяцаў кватаравалі ў Чарапкоў побач са мной. Яны незнарок былі сведкамі, як я прыходзіла з дому і распакоўвала свае пажыткі, даставала з торбы некалькі прыгаршчаў ячменнай мукі, змолатай у жорнах для заціркі, палову бохана хлеба сваёй выпечкі, два літры малака, шклянку масла і некалькі бульбін. Усяго гэтага хапала да наступнага выхаднога дня.

Выпала так, што мы адначасова сышлі з кватэры. Клапоцкія атрымалі палову дома ў асабістае карыстанне, а я вярнулася дадому. Вера Аляксееўна і Сямён Пятровіч параілі мне пайсці па іх шляху і стаць настаўніцай. Сямён Пятровіч быў загадчыкам РАНА і даў мне накіраванне ў маю дамашнюю Хаценчыцкую школу настаўніцай пачатковых класаў.

Шлях у настаўнікі

З сямікласнай адукацыяй мне прыйшлося ўскласці на свае плечы непасільную ношу. Нічога не атрымоўвалася Дырэктар школы Пётр Міхайлавіч Тамковіч меў сярэднюю педагагічную адукацыю і быў незадаволены маёй працай. У калектыве ўсе былі без досведу, дапамогі чакаць ад калег было марным спадзяваннем. Са слязамі на вачах я звярнулася да сваіх выратавальнікаў. Сямён Пятровіч прыняў рашэнне перавесці мяне бліжэй да сябе, у Ілью, на пасаду піянерважатай і адначасова падрыхтавацца да паступлення ў педвучылішча, што і зрабіла.

Напярэдадні новага навучальнага 1947-1948 года быў падрыхтаваны загад аб маім пераводзе, як раптоўна памёр Сямён Пятровіч. Вера Аляксееўна стала ўдавой, і маленькая Вілора, якая з’явілася на свет некалькі месяцаў таму назад, засталася без бацькі. Вера Аляксееўна пры ўсёй сваёй неўладкаванасці пакідае прынятае мужам рашэнне ў сіле. Я пасяляюся ў яе і дапамагаю даглядаць за Вілорай.

З абавязкамі піянерважатай мяне знаёміць Іван Канстанцінавіч Зайцаў, паколькі да мяне ён займаўся гэтай справай.

Я ўжо завочніца і маю працу. Самымі блізкімі сябрамі сталі работнікі райкама камсамола – Валя Дзянішчык, Ларыса Савіч, былая мая аднакласніца, Толя Дзятліковіч, наш фізрук Пеця Галецкі і Тася Мілашэвіч.

Яны часта збіраліся вечарам усе разам і мяне не пакідалі. Першы раз у жыцці я прысутнічала на святочнай вячэры ў гонар 1 Мая. Да пералічаных вышэй асоб былі запрошаныя яшчэ два “кавалеры”: Федзя Пінчук і Саша Уладыка.

Ад таго вечара наша кампанія неяк больш зблізілася, вельмі цёплымі сталі адносіны, але, як і ўсё ў жыцці недаўгавечнае, так і наша сяброўства аказалася кароткім.

Федзя і Саша як нечакана з’явіліся ў нашым коле, так нечакана і зніклі. Ларыса Савіч, Толя Дзятліковіч, я і Пеця Галецкі пасля работы збіраліся разам, выходзілі за ваколіцу Ільі, хлопцы купаліся, а мы сядзелі на беразе рэчкі і абмяркоўвалі свае дзявочыя ўражанні. Для мяне гэта азначала пераходам ад дзяцінства ў юнацтва. Хаця па гадах усё пераблыталася. Страчанае ў час вайны дзяцінства кампенсавалася юнацтвам, а цяпер надышоў час расставіць жыццёвыя перыяды на свае месцы.

Незадоўга планы  мяняюцца. Пеця прапануе спатканні тут, па месцы пражывання, каля нашых варот. Назначаецца час, я выходжу, а Пеця з роварам сустракае. Мне прыемна ўвага чалавека больш сталага ўзросту. Я ўладкоўвалася на раме, і мы насустрач ветру ехалі да мосціка па малявіцкай дарозе. Так рабілі некалькі рэйсаў, потым аблюбоўвалі месца на беразе рэчкі, крыху сядзелі, услухоўваліся ў шэпат прыбярэжнага наваколля.

Час ішоў хутка, я не дазваляла сабе затрымлівацца позна, каб не прынесці турбот сваёй гаспадыні. Блізіўся час ад’езду на завочную сесію, гэта тычылася нас абаіх. Пеця таксама быў студэнт-завочнік.

На гэты раз мы амаль не каталіся. З’ехалі да рэчкі, знайшлі месца, дзе вада падступала бліжэй да берага, уладкаваліся нібы на травяной лавачцы, апусціўшы босыя ногі ў ваду.

Раптам ці то наўмысна, ці то знарок Пеця паваліў мяне на сырую зямлю.

Я ўсхапілася і кінулася наўцёкі па лузе, потым па ўзараным полі напрасткі да сваёй кватэры.

Мой выгляд усхваляваў маю гаспадыню.

Больш за ўсё мяне непакоіла тое, што адзіны абутак застаўся на беразе рэчкі.

– Нічога, сказала Вера Аляксееўна, – заўтра раніцай знойдзем.

Раніцай мой абутак стаяў каля парога нашай хаты.

На сесіі ўсё ішло нармальна, паспяхова адолелі экзамены. Да Ільі яшчэ быў вольны час, які я правяла дома ў мамы.

Закончыўся водпуск. Трэба прысутнічаць на настаўніцкай канферэнцыі і пачынаць навучальны год. З радасцю сустракае мяне гаспадыня Вера Аляксееўна, цікавіцца поспехамі ў вучобе, задаволеная. Гэта мой другі дом, іншага я не ўяўляю.

Прайшоў тыдзень ці крыху больш. У суботу, як па графіку, абавязковае наведванне мамы: пешшу туды, а ў нядзелю назад. Вярнуўшыся ў кватэру, я заўважыла невялікую перастаноўку. Над ложкам гаспадыні са сцяны знік партрэт Сямёна Пятровіча. Нешта перасунутае, лішняе прыбранае з пакоя.

За вячэрай Вера Аляксееўна паведаміла, што яна мне знайшла іншае жыллё ў сваіх сяброў. Недалёка, праз адзін дом, з нагоды таго, што да яе прыходзіць жыць Пеця Галецкі.
Павячэраўшы, мы адразу пайшлі да Ханякоў. Гэта была цудоўная сям’я, гаспадыню звалі Ніна, гаспадара ўжо не памятаю. У іх жыла сястра гаспадара Лена майго ўзросту. Лена працавала настаўніцай ў Капусцінскай пачатковай школе першы год пасля Лепельскага педвучылішча. Яна прывезла з сабой шмат метадычнай літаратуры. Для мяне гэта было каштоўнай знаходкай. Разам мы чыталі і абмяркоўвалі прачытанае.

Бывай, мая Ілья

У школе мне даручылі адказнае заданне  – падрыхтаваць прывітальныя словы ад піянерскай дружыны для раённай партканферэнцыі. Гэты матэрыял трэба было выбраць з розных твораў, куплеты ў перамежку з песнямі ў выглядзе літмантажу. Куплеты, як і песні, павінны былі быць патрыятычна насычанымі. Пачынаць трэба было з выканання “Інтэрнацыянала”. У школе спецыяліста па музыцы і спевах у той час не было. “Інтэрнацыянал” піянеры выканалі цудоўна дзякуючы вялікаму намаганню Ільі Савіча, ён не шкадаваў ні сіл, ні часу, дапамагаў мне і школе не ўпасці тварам у гразь. Складаючы прывітанне, я ўспомніла свайго бацьку, які пакутуе невядома дзе і за што і ўставіла між іншых наступны куплет:

Во глубине сибирских руд
Храните гордое терпенье.
Не пропадет ваш скорбный труд
И дум высокое стремленье.

Гэты куплет быў выкраслены работнікам райкама партыі пры праверцы перад тым, як раздаць піянерам для вывучэння. Выканаўцаў пахвалілі. Дырэктар школы Ляцягін быў задаволены. Ён сабраў школьны сход і вынес падзяку піянерскай дружыне і піянерважатай у тым ліку.

1949 год. Пераднавагодні вечар. Ёлка. Пераважна актыўнічаюць вучні пачатковых класаў з Ларысай Дзмітрыеўнай. Наперадзе зімовая сесія. Зноў Мінск, зноў лекцыі, экзамены. Вяртаюся задаволеная. Вучоба ідзе паспяхова. Стары Новы год адзначаюць нават партыйныя работнікі, праўда, у коле блізкіх сяброў ціха і сціпла. У гаспадароў у гасцях сям’я цяперашняга загадчыка РАНА Канстанцінава са сваёй жонкай Ядвігай.

Канстанцінаў цікавіцца маімі жыццёвымі планамі і прапануе памяняць піянерскую працу на настаўніцкую. Калектыўна прымаецца рашэнне. Ханякі, Канстанцінавы і Лена Ханяк вырашаюць мой лёс.

Я даю згоду пакінуць Ілью і атрымаць працу ў пачатковых класах. Канстанцінаў дае магчымасць выбару, ён называе некалькі школ раёна. Я выбіраю пачатковую школу ў Старынках.

Бывай, любая майму сэрцу Ілья! Ты як стартавая пляцоўка, адкуль пачынаецца шлях у самастойнае жыццё. А дарагія маёй памяці сем’і: Гаўрылікі, Чарапкі, Клапоцкія, Ханякі, Канстанцінавы нібы факел асвятлялі мне чыстую і доўгую дарогу.

Леаніла МІЦЬКО (ПАПКОВІЧ), вёска Дварэц, Хаценчыцкі сельскі савет Вілейскага раёна.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыццё пражыць – не поле перайсці. Гэта прымаўка тычыцца кожнага. Каля васьмідзесяці  – як гэта многа і як гэта коратка. Нібы сон. Мільганула нешта і знікла ў нябыт.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика