Першы ў гісторыі Касцёла папскі дакумент на беларускай мове перададзены жыхарцы Вілейшчыны
23.12.2013
—
Разное
|
Папа Рымскі Францішак напісаў беларускай верніцы Ядвізе Пастэрнак з вёскі Муляры, даслаўшы таксама першы ў гісторыі Касцёла папскі дакумент на беларускай мове. “Спадарыні Ядвізе Пастэрнак з удзячнасцю за ўсё тое, што Вы зрабілі і робіце для Касцёла. Прашу Вас маліцца за мяне. Няхай Пан Бог Вас благаславіць, а Багародзіца Вас аберагае. Францішак", – піша Святы Айцец. Папскі дакумент уручыў беларускай верніцы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас візіту ў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы 22 снежня. “Думаю, што гэта гістарычны дзень для Беларусі”, – адзначыў прадстаўнік Святога Айца, кажучы, што ўпершыню хтосьці з беларусаў атрымлівае напісанае Папам ад рукі і першы раз у гісторыі з Ватыкана ў Беларусь прыйшоў афіцыйны дакумент на беларускай мове. Ядвіга Пастэрнак нарадзілася 6 красавіка 1927 года ў вёсцы Муляры ў 35 кіламетрах ад Вілейкі і жыве ў гэтай вёсцы да сённяшняга дня. Была 9-м дзіцём у сям’і. Яе бацькі былі простымі вясковымі людзьмі, бацька быў краўцом, ад яго Ядвіга вучылася кравецкай справе і працавала ўсё жыццё швачкай. Выхоўвалася ў глыбока рэлігійнай сям’і. Скончыла пачатковую школу, дзе навучылася чытаць і пісаць на польскай мове. У 7 гадоў пакалечыла нагу, разбіўшы рэпку на калене, і гэтая хвароба давала аб сабе знаць усё жыццё, стаўшы для яе сапраўдным крыжам. Замуж выйшла ў 58 гадоў за ўдаўца, глыбока веруючага і пабожнага чалавека, і пражыла з ім 9 гадоў. Нягледзячы на калецтва, Ядвіга з 7-гадовага ўзросту наведвала капліцу ў вёсцы Дубава, ішла пешшу, абапіраючыся на самаробныя мыліцы, часамі яе падвозілі вяскоўцы. Капліца праіснавала да 1963 года, пасля была разабрана і перавезена ў Іжу, з яе зрабілі бальнічную кухню. Капліцу разабралі, крыж скінулі з вежы, і ён, пагнуты, застаўся ляжаць на ўзгорку. Праз нейкі час Ядвіга падабрала яго, прыклала намаганні, каб адрамантаваць, і зберагла да сённяшніх дзён. Калі ў Куранцы ў 2011 годзе з’явілася капліца, яна перадала яго туды. Пасля вайны па святах Ядвіга хадзіла ў касцёл у Вішневе, які знаходзіўся на адлегласці 18 км. Хвароба нагі стварала вялікаю цяжкасць у рухах. Ідучы, яна вымярала адлегласці ад слупа да слупа і спынялася, каб адпачыць, пры гэтым мыліцамі мазоліла да крыві рукі. Найчасцей дабіралася ў Вішнева вечарам, начавала ў знаёмых і раніцай ішла ў касцёл. Для тых, хто не меў магчымасці быць у касцёле, прыносіла аплаткі, асвечаныя велікодныя стравы і ваду, хлеб святой Агаты. Дзяцей, якія жадалі прыняць святую Камунію, кс. Юзаф Кісель, пробашч Вішнева пасля вайны, накіроўваў да Ядвігі Пастэрнак, якая іх рыхтавала. Яна ад рукі перапісвала катэхізіс і раздавала дзецям. У 70-х гадах стаў хадзіць аўтобус па маршруце Маладзечна – Свір праз Муляры, і гэта дазволіла ёй ездзіць на Імшу ў Шэметава, дзе служыў кс. Станіслаў Кучынскі. Пачынаючы з 1949 года Ядвіга разам з іншымі парафіянамі хадзіла на пахаванні, спявала, малілася, перад пахаваннем акрапляла асвечанай вадой магілу. Гэта ў той час была адзіная магчымая хрысціянская форма пахавання. Яна маліліся за католікаў і праваслаўных, за ўсіх, куды яе запрашалі, і можна сказаць, што пахавала такім чынам цэлыя вёскі вакол Муляраў. Пасля адкрыцця касцёла ў Вілейцы Ядвіга пачала ездзіць туды і наведвае гэтую святыню да сённяшняга дня. ПаводлеЧтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Папа Рымскі Францішак напісаў беларускай верніцы Ядвізе Пастэрнак з вёскі Муляры, даслаўшы таксама першы ў гісторыі Касцёла папскі дакумент на беларускай мове. |
|