Нявыдуманая гісторыя, што здарылася пад Новы год
02.01.2014
—
Разное
|
Рознае бывае ў жыцці, і гора, і шчасце заўсёды ідуць побач. Даўно гэты было, але якраз перад Новым годам. Сяргей, яго жонка Каця і іх дачушка паехалі ў вёску да маці.Насцячка вельмі любіла бабулю, ды і тая, як кажуць, душы не чула ад сваёй адзінай унучачкі. Канікулы пачыналіся, а дзе дзець дзіця, калі бацькам на працу трэба. Сядзяць яны ўсе ў бабулі, вядуць няхітрую гаворку, як раптам сусед-сябрук з бутэлькай заходзіць. Ім трэба ўжо і ехаць, зімой жа рана цямнее, а той прапаноўвае выпіць – то за сяброўства тост падымае, то за Новы год. Ніяк ад яго адкараскацца не могуць. Нарэшце развіталіся. Хуценька пакідалі манаткі ў машыну і паехалі. За рулём, вядома, была Каця. Яна чамусьці так не хацела садзіцца за руль, але хто ж будзе кіраваць, калі так выйшла. Вынік сумны быў ад той паездкі. Сяргей ачнуўся ў рэанімацыі, а Каця загінула. Ён праклінаў сябе, сябра, не мог уявіць, як далей жыць будзе. Сяргей панура хадзіў па вуліцы, з тупым позіркам разглядаў людзей, якія, бы тыя мурашкі, бегалі, мітусіліся, смяяліся, віншавалі адзін аднаго. І чаму яны так радуюцца, калі ў мяне на душы так горка, так прыкра. Увогуле пасля ненавідзеў кожны Новы год, бо нагадваў яму пра самае страшнае ў яго жыцці. Хацеў, каб ніколі не надыходзіў. Праз колькі год, таксама перад Новым годам, вывеў яго з гэтага тупіка ягоны сябар, з якім разам і працавалі ў міліцыі. Прыбег ён аднойчы да яго і кажа: “Дружа, табе ўсё роўна, а ў мяне наклёўваецца вялікі сабантуй. Выручай!” Сяргей з неахвотай, але пагадзіўся. Сеў ён у свой старэнькі міліцэйскі козлік і паехаў. Спачатку – па галоўных дарогах, а затым і на малыя ўчасткі-дарогі завярнуў. Едзе Сяргей, машына шуміць, ажно на сон хіліць. Але што гэта? Раптам фары высвецілі пасярод дарогі нейкую постаць. Сон як рукой зняло. Суцішыў ход, спыніўся, выйшаў з машыны. Аказалася, маладзіца вяла, правільней будзе сказаць, валакла малога хлопчыка, а той упіраўся, не хацеў ісці. – Што здарылася, куды вы ідзяце ў такую цемень? Жанчына сумелася, адпусціла малога і адказала: – Ды вось прывезла дзяцей на канікулы да бабулі. Дачка з радасцю засталася, а яго ніяк не ўгаварылі, не далі рады. Як жа ён на Новы год застанецца без свайго сябрука Дзімкі. Пакуль валакіціліся з ім, на апошні рэйс спазніліся, а цяпер да бабулі ісці не хоча. А мне ж заўтра на працу. – Ну, тады садзіцеся да мяне, я давязу вас да горада. Ехалі моўчкі. Малы супакоіўся на руках у маці і заснуў. Жанчына заплюшчыла вочы, відаць, драмала. Так амаль і даехалі да горада. І раптам Сяргей спытаўся: – А чаму ж вам гаспадар не дапамог, усё ж лягчэй было б? – Ды няма яго ў нас, адны жывём. Як такі гаспадар, то лепш ніякі, адна падыму дзяцей. Сяргей яшчэ папытаўся, дзе яна працуе, дзе жывуць. А калі тая назвала адрас, то адразу захваляваўся: – Ой, дык вы ж недалёка ад нас жывяце. А ў які клас ходзіць ваша дачушка? У трэці! Дык і мая ж у трэці. Можа, яны і знаёмыя між сабой. Сяргей з цікавасцю зірнуў на сваю спадарожніцу яшчэ раз і адзначыў пра сябе, што яна прыгожая. Доўгія русыя валасы рассыпаліся па каўняры футра, вейкі пушыстыя, а на шчацэ – маленькая цёмная радзімка. Сяргею стала неяк лёгка, лёгка. На хвіліну ён забыўся пра сваю даўнюю бяду. – Ну вось і прыехалі. Не будзіце малога, хай спіць. Я яго занясу ў кватэру. Хлопчыку было ўсё роўна, хто яго нясе і куды. Але калі расплюшчыў вочы, то моцна закрычаў. Жанчына тут жа пачала супакойваць яго і расказваць смешную гісторыю. – Гэта ж я сама вінаватая, што ён баіцца міліцыянераў. Бо аднаго разу да нас завітаў сваяк, быў ён на вялікім падпітку і яшчэ прасіў гарэлкі. Я не дала, сказала, што няма. А малы пайшоў на кухню, дастаў з шафкі бутэльку, прынёс і кажа: “Мама, гарэлка ж ёсць”. Я так раззлавалася, не ведала, што і рабіць. А потым кажу яму: “Калі ты скажаш каму, што ў нас ёсць гарэлка, я аддам цябе міліцыянеру”. З таго часу, як убачыць чалавека ў форме міліцыянера, нясецца дамоў без аглядкі. Сяргей стаў з дазволу гаспадыні часта заходзіць у госці і адзін, і з дачушкай. Дзяўчынкі пасябравалі між сабой, узялі шэфства над малым. А праз нейкі час ён папрасіў рукі ў сваёй спадарожніцы. Галіна БУРКЕВІЧ, вёска Ілья. Фота status4ka.am. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даўно гэты было, але якраз перад Новым годам. Сяргей, яго жонка Каця і іх дачушка паехалі ў вёску да маці.
|
|