Заснаваў лялечны тэатр у Маладзечне: да 60-х угодкаў са дня народзін Сяргея Юркевіча (1954 – 2002)
03.02.2014
—
Разное
|
Сяргей Юркевіч 60 год таму, 21 студзеня 1954 года, у сям’і Фёдара Юркевіча і Марыі з сям’і Бабровічаў у вёсцы Ілава на Мядзельшчыне нарадзіўся хлопчык Сяргей. Ён стаў вядомым дзеячам, карыфеем беларускага тэатральнага мастацтва і беларускай культуры, рэжысёрам лялечных тэатраў, выдатным навукоўцам, кандыдатам мастацтвазнаўства, заснавальнікам двух лялечных тэатраў на Беларусі – у тым ліку і Маладзечанскага. З дзяцінства захапляўся лялькамі – Яшчэ ў дзяцінстве ён быў актыўным арганізатарам розных ініцыятыў. На хутары Слабада арганізаваў дзіцячую грамадскую бібліятэку. Падгаварыў вясковых дзяцей, каб папрыносілі з дому свае кніжачкі з казкамі да яго дзеда Івана Бабровіча, а потым па чарзе карысталіся ёю, – прыгадала яго сястра Ларыса. Яго цёця Фаіна Бабровіч успамінае: – З самага дзяцінства хлопчык вельмі захапляўся лялькамі, сам іх майстраваў і разыгрываў розныя ролі. Калі быў яшчэ дашкольнікам, Сяргей прыязджаў у госці да бабулі Ганны Лук’янаўны на хутар Слабада. Тады да яго прыходзілі дзеці з суседніх хутароў гуляць у лялькі. Прымала ўдзел у гэтых забавах і яго родная сястра Ларыса, музыкальнае суправаджэнне для многіх пастановак выконваў на баяне яго стрыечны брат Аляксандр Бабровіч. Майстэрствам хлопчыка цікавіліся і захапляліся дарослыя, прадказвалі яму лёс артыста. Школьныя гады прайшлі ў Маладзечне У 60-я гады мінулага стагоддзя сям’я Юркевічаў пераехала з Ілава ў Маладзечна, дзе бацька стаў працаваць будаўніком-аддзелачнікам. У школе хлопчык вучыўся вельмі старанна, пісаў вершы і працягваў займацца лялечнай справай. З пап’е-машэ вырабляў пальцавыя лялькі казачных герояў, размалёўваў іх і з сябрукамі ладзілі аматарскія паказы. Сюжэты ў асноўным чэрпалі з беларускіх народных казак. У Маладзечне прайшлі школьныя і юнацкія гады будучага рэжысёра. Сяргей Юркевіч у час праходжання вайсковай службы
Пасля дзесяцігодкі падаў дакументы ў прэстыжны Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі імя Н. Чаркасава (зараз Санкт-Пецярбургская акадэмія тэатральнага мастацтва) на факультэт рэжысуры. Але дакументы не прынялі, бо юнаку не споўнілася 18 гадоў. Адслужыўшы тэрміновую службу ў арміі, ад свайго намеру не адказаўся: у 1975 годзе зноў падаў заяву ў гэты ж інстытут і паспяхова здаў уступныя экзамены. Выпадак выключны для Беларусі, бо ў гэтай навучальнай установе конкурс для абітурыентаў складаў каля 300 чалавек на месца. Гэты факт сведчыць пра настойлівасць у дасягненні мэты і выдатныя здольнасці юнака. У час вучобы яго настаўнікамі былі знакамітыя майстры лялечнай сцэны Міхаіл Каралёў, Сяргей Абразцоў. На адным курсе з Сяргеем займаўся будучы знакаміты акцёр тэатра і кіно Ігар Скляр. Стаў рэжысёрам У 1980 годзе Сяргей закончыў інстытут па спецыяльнасці рэжысёра тэатра лялек. У гэтым жа годзе Міністэрства культуры БССР даручыла яму заснаваць тэатр лялек у Гродне. З пастаўленай задачай Сяргей Фёдаравіч паспяхова справіўся і на працягу сямі гадоў з’яўляўся дырэктарам і галоўным рэжысёрам заснаванага ім абласнога тэатра лялек. У рэпертуары тэатра мелася шмат пастановак для дзяцей, моладзі, дарослага гледача, якія задавальнялі самы вытанчаны густ. У спектаклях шырока выкарыстоўваўся ўвесь арсенал выразных сродкаў сучаснага тэатра лялек: розныя сістэмы лялек, маскі, рухомыя дэталі касцюмаў і дэкарацый, работа акцёраў у драматычным плане. Выдатны аркестравы ансамбль, цудоўная і зграбная сцэнаграфія, сучасная канцэптуальная рэжысура, глыбокія гуманістычныя і філасофскія спектаклі зрабілі Гродзенскі тэатр лялек адным з цікавейшых у Беларусі і замежжы. У 1987 годзе Сяргея Фёдаравіча прызначылі галоўным рэжысёрам Берасцейскага абласнога тэатра лялек, дзе ён таксама шырока раскрыў свой велізарны творчы патэнцыял. Цягнула ў Маладзечна Але Сяргея Фёдаравіча цягнула ў горад дзяцінства – Маладзечна. У 1990 годзе яго мара збылася: яму даручылі заснаваць другі ў сваім жыцці тэатр –Мінскі абласны тэатр лялек "Батлейка” ў Маладзечне. Тут ён працаваў мастацкім кіраўніком і рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Яго намеснікам і паплечнікам быў знакаміты драматург і літаратуразнавец Пятро Васючэнка, які атрымаў пасаду загадчыка літаратурнай часткі новага калектыву. У 1995 годзе на базе Беларускага таварыства інвалідаў заснаваў Сяргея Юркевіч і трэці, недзяржаўны, тэатр лялек ”Кураж”. У 1997 годзе яго прынялі ў шэрагі Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў. Ён пачаў выступаць з рэцэнзіямі ў прэсе, а таксама на беларускім радыё. Творчыя здабыткі За сваё творчае жыццё Сяргей Фёдаравіч здзейсніў каля 40 пастановак для дзяцей і дарослых у лялечных тэатрах Гродна, Брэста, Маладзечна, Мінска. Сяргей Юркевіч разам з Леанідам Быкавым напісалі кнігу-дапаможнік для аматарскіх тэатраў лялек “Чароўны свет тэатра лялек”, дзе цікава апісалі асаблівасці лялечнага тэатра. Напісаная імі кніга і зараз карыстаецца вялікім попытам. З 1996 года Сяргей Фёдаравіч з’яўляўся навуковым супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры. Cтварыў шмат публікацый па праблемах лялечнага тэатра, друкаваўся ў часопісе “Мастацтва”, штотыднёвіку “Культура”, прымаў удзел у навуковых канферэнцыях. Ён з’яўляўся актыўным ўдзельнікам грамадска-культурнага жыцця Беларусі, супрацоўнічаў з беларускімі драматургамі А.Туравай, С. Кавалёвым, І. Сідаруком, П. Васючэнкам, бардам В. Шалкевічам, беларускімі рэжысёрамі кампазітарамі і сцэнографамі, з’яўляўся лаўрэатам першага рэспубліканскага конкурсу творчай моладзі. Быў жанаты з Марынай Ягоравай, якая падарыла яму сына Дзяніса. Памёр Сяргей Юркевіч 19 жніўня 2002 года, пахаваны на Паўночных могілках каля сталіцы. Іван ДРАЎНІЦКІ, Фота з сямейнага альбома сястры Ларысы Капцовай (Юркевіч). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Юркевіч60 год таму, 21 студзеня 1954 года, у сям’і Фёдара Юркевіча і Марыі з сям’і Бабровічаў у вёсцы Ілава на Мядзельшчыне нарадзіўся хлопчык Сяргей. Ён стаў...
|
|