Сёння настаўніца з 45-гадовым стажам Любоў Гайсёнак святкуе 100 гадоў. 21.by

Сёння настаўніца з 45-гадовым стажам Любоў Гайсёнак святкуе 100 гадоў

25.03.2014 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Любоў Гайсёнак у маладосці. 45 гадоў яна вучыла дзяцей у Рымдзюнскай школе, а цяпер рыхтуецца адсвяткаваць свае 100 гадоў.

У яе доме цэлы чамадан паштовак, што дасылалі ўдзячныя вучні. Любоў Гайсёнак 45 год настаўнічала ў пачатковых класах у Рымдзюнах, а цяпер чакае 100-гадовы юбілей.

Яна нарадзілася яшчэ за царскім часам, за некалькі месяцаў да Першай сусветнай вайны, 25 сакавіка 1914 года па новым стылі. Бацькі жылі ў  вёсцы Кавалевічы былога Лепельскага павета на Віцебшчыне.

Сям’я была дастаткова заможная, мела некалькі гектараў зямлі. Гаспадар быў старастам. У сям’і гадавалі васьмёра дзяцей. Трое з іх памерлі ў дзяцінстве. А тыя, што выжылі, – усе доўгажыхары. Старэйшая сястра, Аляксандра, пражыла 96 гадоў, малодшая, Вольга – 95, брат Трафім – 90, другі брат, Кузьма, – 80.

– А яна ўсіх пераплюнула, – усміхаецца яе сын Валеры Маркелаў. – Вядома, тут у першую чаргу гены спрацавалі. Хаця і не цуралася фізічнай працы, але настаўніцы лягчэй, чым даярцы.


Пра братоў

– Дзядзька Кузьма адсядзеў 10 гадоў у ГУЛАГУ, – распавядае сын юбіляркі. – У той час НКВД цкавала трацкістаў. Ён вырашыў пацікавіцца, што ж там Троцкі піша. Сунуў у кішэню колькі брашурак. Сябар, з якім распіваў бутэльку, убачыў тыя брашуркі. І пад раніцу Кузьму забралі на 10 гадоў. Другі дзядзька, Трафім, быў у Чырвонай Арміі, працаваў у НКВД. Ён адмовіўся ад свайго брата, але кар’еру асабліва не зрабіў, дайшоў да палкоўніка генштаба.

Падарожжа па Усходзе

У маладосці Любоў паехала ў Маскву да брата Трафіма, каб вучыцца. Закончыла тэхнікум. А потым закахалася ў маладога афіцэра і з’ехала з ім на Далёкі Усход. Гэта былі 30-я гады.

Потым пераехалі ў Сібір, дзе нарадзілася яе старэйшая дачка Людміла. З-за клімату жанчына вырашыла вярнуцца на радзіму. Падчас вайны мужа адправілі на фронт, а яе завезлі ў Казахстан на эвакуацыю. Так яны згубілі адно аднаго. Пасля ўжо муж знайшоўся, але ў абаіх былі новыя сем’і.


На Астравеччыне

Пасля вайны вельмі не хапала настаўнікаў, і яна паехала ў Астравецкі раён. Там сустрэла свайго другога мужа, таксама з Лепельшчыны.  У 40 год нарадзіла сына Валерыя.

Некалі працавала настаўніцай пачатковых класаў, была аўтарытэтам для мясцовых, ладзіла ранішнікі і вечарыны. У яе вучыліся дзеці з Шульнікаў, Яцынаў, Навасадаў, Петраполля, Рымдзюнаў.

– Рымдзюны – проста чароўнае месца, – прыгадвае Валеры. – Там была старая панская сядзіба. Палову школа займала, а ў другой жылі мы. Бліжэйшы сусед – праз паўтары кіламетры. Затое сто метраў да рэчкі і пяцьсот метраў да лесу. Баравікоў, лісічак, падасінавікаў – мора.

Любоў Гайсёнак была і грыбніца, і ягадніца, даглядала кветкі. З дзвюма вёдрамі чарніц ездзіла на рынак у Вільню і прадавала ягады.

У доме размаўлялі на беларуска-польска-літоўскай трасянцы. Калі сын быў маленькі, жанчына абкладвала яго часопісамі і ішла на ўрокі. Так Валеры і навучыўся чытаць у чатыры гады.

З узростам жанчыне стала складана па гаспадарцы, таму сын узяў яе да сябе ў Маладзечна. Мае пяць унукаў і дзвюх праўнучак. А таксама цэлую валізку з віншавальнымі паштоўкамі ад вучняў.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У яе доме цэлы чамадан паштовак, што дасылалі ўдзячныя вучні. Любоў Гайсёнак 45 год настаўнічала ў пачатковых класах у Рымдзюнах, а цяпер чакае 100-гадовы юбілей.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика