Рэпартаж з Івянца. Пабачыць пуп зямлі. 21.by

Рэпартаж з Івянца. Пабачыць пуп зямлі

17.04.2014 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Соф’я Апалінараўна, дачка мастака Апалінара Пупко з Івянца, не так даўно пераехала ў дом, дзе жыў бацька. У яе архіве ёсць здымак, дзе Апалінар Фларыянавіч стаіць гэтаксама ў дзвярах. Той здымак бацькі яе любімы. Фота Настассі РОЎДЫ.

Гэты дом адразу бачны з дарогі. Не заўважыць яго немагчыма. Бо дзе сёння пабачыш драўляныя балваны проста на жылым доме? А вось на доме Пупко яны ўжо не адзін дзясятак гадоў.

1 частка:Рэпартаж з Івянца. Мястэчка, дзе жывуць ганчары, адкрытыя людзі і сумленныя прадавачкі

Пад’язджаем да дома і бачым, што цяпер тут ідзе рамонт. У правай частцы ўжо стаяць шклопакеты. На дварэ – будаўнічыя матэрыялы і хлопец у рабочай форме.

Дзверы ў дом адчыненыя, клічам гаспадароў і праз колькі хвілін з’яўляецца Соф’я Апалінараўна.

Аляксандр Манцэвіч, рэдактар нашага выдання, ужо быў у гэтым доме. Праўда, яшчэ недзе ў 1978 годзе. Тады яго сустракаў бацька спадарыні Соф’і, Апалінар Фларыянавіч. Балваны – яго рук справа. Як і распісаныя сцены ў доме, карціны, самыя розныя драўляныя вырабы.

Тады спадар Аляксандр спытаўся ў творцы, адкуль жа ў яго прозвішча такое.

– Пуп зямлі тут! Вось і я Пупко, – сказаў Апалінар Фларыянавіч.

– Бацька быў жартаўнік, ён і сапраўды мог так сказаць, – ківае гаспадыня і праводзіць нас у пакой, сцены якога яшчэ ў юнацтве распісаў яе бацька.

Ад таго часу ніколі рамонту ў гэтай частцы дома не рабілі.  

– Дом будаваў мой дзед. Тут, у пакоі, захавалася першапачатковая тынкоўка, да якой ніхто ні пад якім выглядам ніколі не дакранаўся. Ужо ўсё па­чынае руйнавацца, а як гэта спыніць... Нам, простым смертным, вельмі складана. І я баюся, што ў адзін дзень гэта можа знікнуць,

– перажывае спадарыня Соф’я.

Прыгадаць, як гэта ўсё распісвалася, дачка мастака не змагла. І не таму, што забылася. Сведак папросту няма ў жывых, бо Апалінар распісваў пакой яшчэ юнаком.

Толькі ў калідоры праз колькі часу ён паверх ранейшага роспісу зрабіў новы. Летась было 120 гадоў з дня народзінаў творцы. А гэта значыць, роспісу на сценах як мінімум гадоў 90 ці нават 100.

У доме Апалінара Пупко

Дом абраў Фрунзе

Аднойчы Фрунзе ішоў па вуліцы і заўважыў гэты дом. Яму ж якраз патрэбна было жытло. Пагутарыў з бабуляй спадарыні Соф’і і хутка засяліўся ў вольны пакой.

– Фрунзе бацьку агітаваў, каб той вучыўся, – распавядае дачка творцы. – Але ў яго не было такой магчымасці. Ён адзін застаўся са старой маці, не да вучобы было. Хаця гэта і не вельмі нашко­дзіла яго творчасці. Не дадало вартасці і не зменшыла. Засталася самабытнасць.

Мая маці, яе звалі Леанарда Іпалітаўна, заўсёды крытыкавала бацьку: там сіметрыя не вытрыманая, там яшчэ што. Я таксама так лічыла ў дзяцінстве. А сёння…

Лічыў сябе беларусам

У пакоі шмат прац Апалінара Фларыянавіча звязана з рэлігіяй. Зроблены нават асобны куток для малітваў.

– Мама была веруючая, а ён – зацяты атэіст. Але бацька вельмі любіў маму і ўсё гэта рабіў для яе. Я цяпер ужо разумею, што біблію ён успрымаў як той жа міф, мастацкі твор. Не больш. Наконт рэлігіі яны вельмі шмат спрачаліся. Ён любіў пацяшацца над маці. Яму падабалася, што маці сярдуе.

Соф’я Апалінараўна паказвае нам на адну з карцін:

– Бачыце? Гэта ж анёл. Але крылы намаляваныя паверх карціны звычайнай крэйдай.

Некалі ў доме быў хтосьці з партыйных дзеячаў і зрабіў Апалінару заўвагу, што нешта зашмат рэлігійнай тэматыкі. І пасля гэтага мастак замаляваў анёлу крылы. Яго ж жонка не пагадзілася з гэтым і намалявала іх паверх фарбы звычайнай крэйдай.


Крылы анёлу жонка Апалінара Леанарда дамалявала звычайнай крэйдай. Фота Настассі РОЎДЫ.

Але тэма рэлігіі была не адзінай “вечнай” у сям’і. Спрачаліся і наконт нацыянальнасці.

– У таты бацькі абое палякі, – кажа дачка мастака. – А ён запісаў сябе ў беларусы. І вельмі катэгарычна да гэтага ставіўся. Маці яго ўвесь час папракала: “Як гэта можа быць? Бацькі палякі, а ты – беларус?”

Працы прадалі, а грошы прапалі

Музей у Івянцы адкрылі ў 1955 годзе, пэўны час Апалінар там працаваў.

Да сваіх работ ставіўся беражліва, прадаваць іх не хацеў.

– Калі бацька памёр, маці прадала яго працы аднаму музею, а грошы прапалі ўвогуле. Мы нават не паспелі імі скарыстацца, яны ў перабудову зніклі, і ўсё. Жахліва атрымліваецца.

Тата ўсё жыццё вельмі даражыў гэтымі працамі. Калі іх забіралі на выставы і, здаралася, штосьці не вярталі своечасова, то ў яго па­чыналася паніка. Ён быў настойлівы і цюкаў да таго часу, пакуль яму не знойдуць і не вернуць усё да апошняй рэчы.

Прадаваць ён нічога не хацеў.

Як гэта – жыць у музеі

Мы ўсё не маглі зразумець: Соф’я Апалінараўна нарадзілася і правяла дзяцінства не іначай, як у музеі. Але саму яе гэта зусім не здзіўляе.

– Я тут нарадзілася і ўсё гэта бачыла ад першых дзён. Таму і не здавалася яно асаблівым. Паўсюль у доме было шмат розных вырабаў. Бацька садзіўся на крэсла каля акна і рэзаў па дрэве цэлымі днямі.

Што гэта быў за чалавек

Апалінар Пупко на парозе майстэрні. Канец 70-х ці пачатак 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Фота забяспечана Івянецкім музеем.

– Ён быў сам у сабе. Каб з намі шмат размаўляў, то не. Толькі калі маленькая была. Памятаю, у будні ён падымаўся раней, а ў нядзелю любіў паляжаць. Маці ўжо ўставала, а мы прачыналіся і беглі да яго ў ложак. Тады ён пачынаў нам розныя гісторыі расказваць, – паглыбляецца ў дзяцінства спадарыня Соф’я. – Альбо зімой. У нас была вялізная печ, і бацька па вечарах нам на печы расказваў розныя смешныя гісторыі са свайго дзяцінства.

У сям’і было трое дачок: старэйшая, Элеанора, ад першага шлюбу, Вікторыя і Соф’я.

Калі нарадзілася апошняя дачка, Апалінару было ўжо 64 гады.

Памятае спадарыня Соф’я, што шмат усяго было ў іх на гарышчы:

– Але маці не вельмі гэтым даражыла.

Бацька ж заўсёды паўтараў: ніколі нічога нельга выкідаць.

Праз тыдзень, праз год, праз сто гадоў гэта будзе вельмі дорага каштаваць. Не ў сэнсе грошай, бо грошы яго не цікавілі, а ў тым сэнсе, што гэта будзе мець вартасць.

Там захоўвалася вельмі шмат газет, часопісаў. Бацька збіраў усе нашы сшыткі, дзённікі. Мне ў дзяцінстве вельмі падабалася лазіць на гарышча і рыцца ва ўсім гэтым.

Мама ж мела манеру “чысціць ціхенька”. Яна была вельмі акуратная. Бацька нікуды не хадзіў, акрамя як кожную нядзелю ў бібліятэку і за малаком. Так было прынята. Мама знаходзіла хвілінку і, як толькі бацька за дзверы, адразу ўжо што-небудзь ішла выкідаць, паліць.

Ён пра гэта так і не даведаўся. Гэта быў бы жах. Ён, калі трэба, мог быць жорсткім.

Увогуле мае старэйшыя сёстры выхоўваліся ў строгасці і тату вельмі баяліся. Гэта ўжо я сябе паводзіла, быццам мне ўсё дазволена. Мама часам казала: “Прыйдзеш позна, святло паўсюль паўключаеш, а я дрыжу, што бацька можа закаціць скандал, бо позна прыйшла ці занадта смела сябе паводзіш”. Сёстрам даставалася за такія выхадкі. Ён быў розны, як і ўсе людзі.

Даведка “РГ”. Апалінар Пупко (12.11.1893 – 18.6.1984). Нарадзіўся ў Івянцы на Валожыншчыне. Беларускі самадзейны майстар разьбы па дрэве. У сваёй творчасці працягваў лепшыя традыцыі беларускай народнай драўлянай скульптуры.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты дом адразу бачны з дарогі. Не заўважыць яго немагчыма. Бо дзе сёння пабачыш драўляныя балваны проста на жылым доме? А вось на доме Пупко яны ўжо не адзін...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика