25 САКАВІКА — ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ БЫТАВОГА АБСЛУГОЎВАННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА І ЖЫЛЛЁВА-КАМУНАЛЬНАЙ ГАСПАДАРКІ. 21.by

25 САКАВІКА — ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ БЫТАВОГА АБСЛУГОЎВАННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА І ЖЫЛЛЁВА-КАМУНАЛЬНАЙ ГАСПАДАРКІ

23.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Работнікі ўчастка добраўпарадкавання і азелянення ўнітарнага прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна»: Марына Кароль, Таццяна Багушэвіч, Вольга Пецюлевіч, Іна Скурко з інспектарам па кантролі за зялёнымі насаджэннямі Вольгай Гайдукевіч (у цэнтры) у цяпліцы прадпрыемства.

Каб у кветках патаналі вуліцы і скверы

Для таго, каб вясной горад апрануўся ў рознакаляровую квецень, ужо ў студзені работнікі ўчастка добраўпарадкавання і азелянення УП ЖКГ шчыруюць у цяп­ліцах. У гэтыя дні там сапраўдны аазіс: цвітуць бальзамінкі, бегонія, ка­лы… Марына Кароль, Іна Скурко, Таццяна Багушэвіч, Вольга Пецюлевіч пікіруюць і чаранкуюць кветкі, якія будуць высаджаны на клумбах горада, уздоўж цэнтральных вуліц, у скверах.

Кожны від раслін мае свае асаблівасці. За тэмпературным рэжымам, тэхналогіяй вырошчвання сочыць інспектар па кантролі за зялёнымі насаджэннямі Вольга Гайдукевіч.

Клопатна даглядаць кветкі і на клумбах. Засмучае жанчын, што нярэдка высаджаныя раслінкі выкопваюць, знішчаюць нядобрасумленныя грама­дзяне. А зрабіць горад прыгожым і ўтульным магчыма толькі агульнымі намаганнямі работнікаў жыл­лёва-камунальнай гаспадаркі і жыхароў райцэнтра.

І вяскоўцам камфорт забяспечваюць

Начальніка службы па аказанні жыллёва-камунальных паслуг сельскай мясцовасці ўнітарнага прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка» Генадзія Станіслававіча Гінько ў кабінеце можна застаць толькі зранку, калі на планёрку  збіраюцца майстры, вызначаюць план работы на дзень, разглядаюць сігналы, якія часам паступаюць ад насельніцтва, дэталёва абмяркоўваюць узніклыя праблемы. Затым раз’язджаюцца па ўчастках.



Пётр Пятровіч Германовіч, Віктар Уладзіміравіч Атрашкевіч і Генадзій Ста­ніслававіч Гінько.

У калектыве — 106 чалавек. Гэта аператары кацельняў, вадзіцелі, слесары-рамонтнікі, рабочыя па рамонце і абслугоўванні жыллёвага фонду. Яны забяспечваюць бесперабойную падачу цеплавой энергіі ў дамы вяскоўцаў, школы, бальніцы, адміністрацыйныя будынкі, трымаюць на кантролі спажыванне электраэнергіі, своечасовы вываз смецця, яго ўтылізацыю, нарыхтоўваюць дровы — робяць усё для забеспячэння камфортнага жыцця вяскоўцаў.

— З большасцю членаў калектыву працую даўно, — расказваў Г. С. Гінько. — Добра ведаю кожнага, таму і пастаўленыя задачы ўдаецца вырашаць аператыўна. Па ўсіх пытаннях знаходзім узаемаразуменне. Калі здараюцца аварыйныя сітуацыі, тэрмінова ліквідуем.

Аказваецца шырокі спектр платных паслуг насельніцтву: рамонт жылля, элетраправодкі, распілоўка і шчапанне дроў, спілоўванне аварыйных дрэў. Падчас пасяўной і жніва некалькі чалавек задзейнічаны на сельгасработах. Не застаюцца ў баку ад удзелу ў спартыўных мерапрыемствах.

— Нагрузка на кожнага члена калектыву вялікая, — гаварыў Генадзій Станіслававіч. — Мы абслугоўваем шматкватэрныя жылыя дамы ў Варапаеве, Гуце, Дунілавічах, Навасёлках, Парыжы. На нашым балансе інжынерныя сеткі.

Хачу падзякаваць усім за старанне. Умела арганізуюць работу начальнікі структурных падраздзяленняў Іван Яфімавіч Хаткевіч (аг. Навасёлкі), Валерый Іванавіч Вештарт (аг. Парыж). Аператыўна вырашаюць усе пытанні Вольга Іванаўна Мяжво, якая адказвае за работу кацельні і абслугоўванне жылога фонду завода жалезабетонных вырабаў, майстар аўтатранспартнага ўчастка Пётр Пятровіч Германовіч, майстар шматгалі­новых паслуг Віктар Уладзіміравіч Атрашкевіч. Многія праблемы часам немагчыма вырашыць без дапамогі дырэкцыі прадпрыемства. Таму мая шчырая ўдзячнасць за разуменне і падтрымку дырэктару Ільі Генадзьевічу Глушонку і галоўнаму інжынеру Фёдару Вікенцьевічу Танане.

Дэбет крэдыт «перамог

Менавіта так можна сказаць пра вынікі работы за мінулы год УП «Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна». Выручка ад рэалізацыі паслуг склала 13798 тысяч рублёў, прыбытак — 320,6 тысячы, рэнтабельнасць — 2,5 працэнта.

Складальнікаў гэтага шмат. Немалая заслуга і работнікаў бухгалтэрыі.  Галоўны бухгалтар Галіна Генадзьеўна Чалей (на здымку ў цэнтры) — спецыяліст высакакласны. Яна валодае сучаснымі прафесійнымі навыкамі, пастаянна ў курсе змен у нарматыўных актах і заканадаўстве, умее працаваць у розных фінансавых праграмах, знаходзіць шляхі мадыфікацыі бюджэта, якія павялічваюць даходы прадпрыемства.



У яе падпарадкаванні 10 бухгалтараў — сплаў вопыту і маладосці. Яны вядуць улік матэрыяльных каштоўнасцей, разлік і аплату падатковых плацяжоў, пералічваюць даходы і расходы, налічваюць заработную плату, рыхтуюць розныя справаздачы. А яшчэ любяць лічбы і дакладнасць у сваёй рабоце.

Вялікая колькасць банкаўскіх выпісак, плацежных даручэнняў, даведак, квітанцый, іншых справаздачных дакументаў павінны быць апрацаваны і аформлены ва ўстаноўленым парадку і  ў тэрмін.

У яго руках – цяпло мікрараёна

Дамы мікрараёна вуліцы Юбілейнай, а таксама некаторыя па Піянерскай, Чырвонаармейскай, будынкі СШ № 1, дзіцячага садка, завода «Беліт» забяспечваюць цяплом работнікі кацельні «Паставы-1». У калектыве 16 чалавек. Кіруе імі майстар Вадзім Сяргеевіч Балобан.



— Усе работнікі — надзейныя, — расказваў. — Працуюць пазменна. Сёння чарга Мікалая Аляксандравіча Скрыпко і Сцяпана Іванавіча Дзешука (на здымку). Сцяпан Іванавіч і з абавязкамі аператара ўдала спраўляецца, і слясарныя работы прафесійна выконвае.

Для ацяплення і падагрэву вады ў кацельні ўстаноўлены тры катлы, якія працуюць на прыродным газе, і два — на мясцовых відах паліва. Газ падключаецца толькі пры пятнаццаціградусным марозе. Астатні час, з мэтай эканоміі, кацельня працуе на шчапе.

Зварачных і слясарных спраў майстры

Сяргей Ковач — электрагазазваршчык 5 разраду, Віталій Галазубец — слесар-сантэхнік 4 разраду (на здымку). Яны ў першую чаргу стараюцца не дапусціць паломак у сістэмах ацяплення, водазабеспячэння, кана­лізацыі. Абслугоўваюць жыллёвы фонд вуліцы Юбі­лейнай і мікрараёна будаўнікоў. Многія дамы там далёка не новыя, таму і паломкі здараюцца. Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі імк­нуцца ліквідаваць іх у сціслыя тэрміны.



«Латаюць» дарогі

Асфальт «растаў» разам са снегам, — сцвярджаюць гара­джане. Сапраўды, пасля зімы стан вуліц выклікае шмат нараканняў.  Таму работнікі УП ЖКГ прыступілі да добраўпарадкавання. Адным з яго спосабаў з’яўляецца ямачны рамонт дарог.

— Прадпрыемства набыло рэцыклер — прыстасаванне для разагрэву асфальтабетоннай сумесі, — расказваў майстар Мікалай Кісялёў. — Для яго работы выкарыстоўваецца дызельная гарэлка. Сучасная мабільная ўстаноўка дазваляе павышаць якасць рамонту.



Гэты здымак зроблены па вуліцы Савецкай, каля цэнтральнай раённай бальніцы. Рабочыя Дзміт­рый Галазубец, Пётр Каралёнак і Андрэй Адамовіч зачышчалі выбоіны, апрацоўвалі іх, засыпалі гарачым асфальтам, разраўноўвалі яго — рабілі ўсё для таго, каб дарогі сталі бяспечнымі.

Фасон падбяруць па фігуры

У атэлье «Сілуэт» Пастаўскага райбыткамбіната працуюць усяго пяць чалавек: начальнік швейнай вытворчасці Кацярына Анатольеўна Казлова, касір-прыёмшчык Алена Антонаўна Несцярэнка, закройшчык Алена Аронаўна Камчатная і швачкі Алена Пятроўна Кузняцова і Антаніна Адольфаўна Міланцьева. Стаж работы ва ўсіх салідны, вопыт — багаты, прафесіяналізму не займаць. Ім дастаткова глянуць на кліента, каб вызначыць, якую мадэль прапанаваць, каб, апрануўшы сукенку, блузку або спадніцу, жанчына адчувала сябе памаладзелай.



— Пры дапамозе розных дэталяў можна схаваць недахопы фігуры (а яны з’яўляюцца не толькі з узростам, маладыя таксама ад гэтага камплексуюць), — расказвала Кацярына Анатольеўна. — Нават спецадзенне часам шыем індывідуальна. Нядаўна апраналі афіцыянтаў з санаторыя «Белая Русь»: папярэдне здымалі размеры, а затым вазілі прымяраць. Цяпер распрацавалі мадэль спецадзення для медыкаў.

А яшчэ ў «Сілуэце» шыюць камплекты пасцельнай бялізны, шторы, гар­дзіны, ламбрэкены, чахлы на аўтамабільныя крэслы, рамантуюць адзенне. Ёсць камвольная тканіна, вырабленая па сучасных тэхналогіях. Закупляюць яе мернымі адрэзкамі, таму цана невысокая. Напрыклад, пашыць спадніцу з яе абыдзецца значна танней, чым купіць.

— Індывідуальных заказаў на пашыў адзення няшмат, — працягвала К. А. Казлова. — А вось адрамантаваць, пашырыць, укараціць звяртаюцца многія. У тым ліку і тыя, хто набывае ­адзенне ў інтэрнэт-магазінах. Часта бывае так, што на мадэлі тая або іншая рэч выглядае прыгожа, бездакорна. А прымярае заказчык — зусім іншая карціна. Нашы дзяўчаты зробяць як трэба.

Канкурэнтаў у бытавікоў цяпер нямала. Але хто з індывідуальных прадпрымальнікаў будзе абслугоўваць вяскоўцаў, аказваць ім сацыяльна значныя паслугі? Затое машына райбыткамбіната штодня адпраўляецца ў сельскую мясцоваць. Бытавікі прапануюць свой тавар, прымаюць заказы на пашыў, рамонт рэчаў, абутку. Паслугі запатрабаваныя.

Перспектыўны віртуоз

Так характарызуе цырульніка Аляксандру Ласкутову дырэктар райбыткамбіната Ларыса Віктараўна Федарэнка.



Саша ў калектыве цырульні, што размешчана па вуліцы Савецкай, працуе першы год. Да гэтага паспяхова закончыла Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж. Не баіцца эксперыментаваць, укараняе розныя сучасныя навінкі. Поспех не прымусіў доўга чакаць. Дзяўчына ўдзельнічала ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу «Беларускі майстар-2018» і заняла першае месца, паехала на абласны этап і таксама трапіла ў лік найлепшых. Журы ацаніла яе майстэрства прыдумваць і ствараць самыя крэатыўныя вобразы.

— Работа патрабуе цярпення, уважлівасці, — гаварыла Саша. — Не баюся фантазіраваць, імкнуся да таго, каб прычоска гарманіравала са знешнасцю кліента. Неабходна пачуццё густу і прапорцыі. Нашу работу трэба адчуваць не толькі рукамі, але і душой. Важна зразумець, што хоча кліент. Я стараюся.

Першымі кліентамі маладога цырульніка былі сяброўкі, якія не баяліся эксперыментаў. З часам яе сучасны падыход да выбару стрыжак і прычосак ацанілі і іншыя пастаўчанкі. 

Матэрыялы падрыхтавала Анна Анішкевіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Работнікі ўчастка добраўпарадкавання і азелянення ўнітарнага прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна»: Марына Кароль, Таццяна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика