Насвай – што гэта?
24.03.2018
—
Разное
|
Насвай належыць да таксічных сродкаў. Асноўны кампанент яго – простая махорка ці тытунь. У сумесь таксама дадаюць гашаную вапну, попел розных раслін, вярблюджы кізяк ці курыны памёт. Нагадвае знешне насвай зялёныя шарыкі ці шэравата-карычневы парашок. Насвай – не заменнік тытуню, а той самы тытунь, які наносіць шкоду арганізму. Ён не дапаможа адвыкнуць ад курэння. Розніца ў тым, што тытунёвы дым першы ўдар наносіць па лёгкіх, а насвай – па слізістай абалонцы рота і страўнікава-кішэчнага тракта. Насвай не жуюць, а проста закладваюць за шчаку ці губу і трымаюць у роце. Праз слізістую абалонку нікацін трапляе ў кроў. Пры гэтым чалавек 5-10 хвілін адчувае лёгкае паколванне ў руках і нагах, галавакружэнне.
Нават кароткачасовае ўжыванне насвая здольна аказаць адчувальнае ўздзеянне на арганізм. Бацькі падлеткаў, якія ўжываюць насвай, не адразу могуць вызначыць прыкметы гэтага. Пры змене стану цела з гарызантальнага ў вертыкальны могуць узнікаць галавакружэнні і нават страта свядомасці. Мышцы ў спажыўцоў насвая звычайна расслабленыя, ёсць патлівасць і пастаяннае пачуццё слабасці. Губляецца ўвага, пагаршаецца вучоба, з’яўляюцца змяненні ў паводзінах. У апошні час пачасціліся выпадкі ўжывання непаўналетнімі некурыльных тытунёвых вырабаў. Насцярожвае і той факт, што падлеткі далучаюцца да збыту насвая. Заканадаўства прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за незаконныя дзеянні з некурыльнымі тытунёвымі вырабамі. Артыкулам 16.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за набыццё, захоўванне некурыльных тытунёвых вырабаў, прызначаных для смактання ці жавання, у колькасці, што не перавышае пяцідзесяці грамаў, прадугледжана папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да дзвюх базавых велічынь. За перавозку, перасылку, набыццё, захоўванне такіх некурыльных тытунёвых вырабаў у колькасці, большай за пяцьдзясят грамаў, як і за рэалізацыю гэтых рэчываў, будзе накладзены штраф у памеры ад дзесяці да сарака базавых велічынь з канфіскацыяй грашовай выручкі, атрыманай ад рэалізацыі гэтых вырабаў, прылад і сродкаў здзяйснення правапарушэння ці без канфіскацыі, або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй ці без яе. За выраб некурыльных тытунёвых рэчываў у колькасці, што перавышае пяцьдзясят грамаў, пры адсутнасці прыкмет незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці вінаваты павінен будзе выплаціць штраф у памеры ад трыццаці пяці да сарака пяці базавых велічынь з канфіскацыяй прылад і сродкаў здзяйснення правапарушэння ці без канфіскацыі або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй ці без яе. Наталля ХОДЗЬКА, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Фота з інтэрнэту. Адрасы дапамогі
|
|