В Миорах праздник работников бытового обслуживания и ЖКХ. 21.by

В Миорах праздник работников бытового обслуживания и ЖКХ

25.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

 25 сакавіка — Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Які толькі абутак не трымае ў руках майстар па рамонце Валянціна ПАЎЛАВА. Ад балетак да батфортаў, ад хатніх тапачак да элегантных туфель на шпільках.

У майстэрні па рамонце абутку Міёрскага КБА дзве спецыяльныя швачныя машынкі, на паліцах выстраіліся ў рад летнія туфлі, асеннія чаравікі, зімовыя боты. Тут шмат вялікіх вазонаў з сакавіта-зялёнымі кветкамі і пахне клеем. Майстру Валянціне Паўлавай галава не баліць. Гаворыць, што не звяртае ўвагі на спецыфічнае працоўнае паветра. Адчувае сябе камфортна, добра ведае і любіць сваю справу.

У руках майстра бот на абцасе. Садзіцца з ім за швачную машынку.
— Тут з маланкай праблема. Спачатку прыклеіла, цяпер трэба ніткамі замацаваць. Гэтая машынка спецыяльна для ўшыву маланак. Такія заказы нярэдкія,—расказвае Валянціна Леанідаўна. — Набойкі мяняю, прафілактыку раблю, лапіны стаўлю. Звужаю і падкарочваю абутак. Для гэтага другая машынка ёсць. На прыстасаванні, якое называецца тэрмастат, прыклейваю падэшвы.


З АБУТКАМ Валянціна Паўлава мае справу амаль трыццаць пяць год. У ліпені 1983-га скончыла вучылішча ў Полацку і прыехала на працу ў Міёрскае КБА.


— Родам я з Браслаўскага раёна. Хацела працаўладкавацца бліжэй да сваіх мясцін. Дабірацца з Міёр да бацькоўскага дома было зручна. Тут і засталася,—расказвае субяседніца. — Раней у майстэрні ўчацвярых працавалі, апошнія сем год я адна.


Здаюць на рамонт абутак міярчане. У вёсках прымаюць заказы на комплексных прыёмных пунктах і перадаюць у майстэрню. "Дыягназы" розныя: набойка знасілася ці згубілася, падэшва адклеілася, абцас хістаецца, скура падрапалася, сабачка на замку адламалася. Здаецца, няма такой абутковай хваробы, якую б не вылечыла майстар.


— Бывае, прыносіць раніцай матуля дзіцячыя боцікі: замок паламаўся. Пакуль малое з садка забіраць — усё ў парадку, — гаворыць Валянціна Леанідаўна.


 Для майстра выкананы заказ — нагода парадавацца.
УВОГУЛЕ Валянціна Паўлава лічыць сябе шчаслівым чалавекам. У яе любімая работа і дружная сям'я. З мужам Мікалаем Фёдаравічам пазнаёмілася яшчэ ў студэнцтве. Паехаў за ёй у Міёры, тут стварылі сям'ю. Выхавалі траіх дачок, ужо двое ўнукаў. Старэйшая Вольга — медсястра, жыве ў Полацку. Там і малодшая Надзя, працуе на мытні. Святлана — урач-кардыёлаг, загадвае паліклінікай у Міёрах.
Сямейнае хобі Паўлавых — ціхае паляванне. Збіраюць ягады і грыбы ў ваколічных лясах і ў суседніх раёнах.


—Старэйшая дачка знайшла на Верхнядзвіншчыне месца, дзе суніцы растуць. Гэта за сорак кіламетраў ад Міёр. Штогод выпраўляемся туды ўсёй сям'ёй і кожны набірае па пяць літраў. Варэнне з ягад горкае, таму проста замарожваем,—расказвае Валянціна Леанідаўна.—Увогуле лес—мая тэрапія. Калі дрэнны настрой ці няважнае самаадчуванне, еду па грыбы-ягады. Захапляе працэс збору. Грыбы пасля знаёмым раздаю.


Яшчэ адна крыніца пазітыву — кветкі. Іх багата і дома, і на працы. Расліны дадаюць утульнасці. Суседнічаюць з металічным абсталяваннем жывыя сансевіерыі, больш вядомыя як шчупакоў хвост, раскінуў шырокія лісты фікус, камфортна адчувае сябе лімоннае дрэва. Узрост аднаго з кактусаў амаль такі, як і працоўны стаж гаспадыні майстэрні.


ПАКУЛЬ размаўлялі з Валянцінай Леанідаўнай, завітала некалькі чалавек. Каму лапіну паставіць, каму сабачку на замок. За дзень ратуе да дзесяці, а то і больш пар абутку. Работы хапае круглы год. Бліжэй да верасня да туфель і чаравікоў дадаюцца школьныя ранцы — прышывае ручкі.


Праз рукі майстра праходзіць абутак рознай якасці. І з дарагога магазіна, і з рыначнага прылаўка. Сама яна найлепшым лічыць скураны. Натуральная скура — здаровыя ногі. Раіць "начыняць" боты газетамі і зашпільваць замкі, каб не страчвалі форму, часцей прасушваць і чысціць абутак.


Калі ўвечары зачыняюцца дзверы майстэрні, думкі пра работу застаюцца за імі. Аднак, гуляючы па горадзе, Валянціна Леанідаўна штораз звяртае ўвагу на абутак прахожых. Што зробіш — прафесійная звычка. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына Рынкевіч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 25 сакавіка — Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Які толькі абутак не трымае ў руках майстар па рамонце...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика