Наталля Машэрава – з успамінамі пра бацьку
02.04.2018
—
Разное
|
У Беларусі прайшлі дні памяці Машэрава Пятра Міронавіча ў сувязі са 100-годдзем з дня яго нараджэння. Яго жыццё абарвалася трагічна ў аўтамабільнай катастрофе ва ўзросце 62 гады. Для народа Пётр Машэраў застаўся верным сынам беларускай зямлі, якой ён аддаў спаўна свае таленты, сілы, уменні, быў узорам прыстойнага, сціплага кіраўніка, усё жыццё якога было пранікнута шчырым клопатам аб роднай зямлі і яе людзях. 15 гадоў (з 1965-га па 1980-ы) Пётр Машэраў узначальваў Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі. За гэты час пасляваенная Беларусь зрабіла небывалы скачок у індустрыяльнай, сельскагаспадарчай, сацыяльнай сферах, развіцці навукі. Пётр Машэраў застаўся ў народнай памяці эталонам эрудзіраванага, культурнага чалавека, які ніколі не дазволіў сабе ў зносінах з людзьмі іх прыніжаць, зневажаць. Стыль яго кіраўніцтва быў адметны тым, што ён пастаянна выязджаў у працоўныя калектывы, меў сустрэчы з простымі людзьмі, гэта вярнулася яму сардэчнай любоўю ўсяго народа. За заслугі перад Айчынай Пётр Машэраў атрымаў званні Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы, сем ордэнаў Леніна і іншыя ўзнагароды сваёй і замежных краін. Да яго вобраза важна дадаць, што званне Героя Савецкага Саюза Пётр Машэраў атрымаў у час Вялікай Айчыннай вайны як партызанскі камандзір. Яго бацька быў рэпрэсіраваны ў 1937 годзе і загінуў у ссылцы, а маці замучана і расстраляна фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пётр Машэраў нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і, дзе было васьмёра дзяцей, з якіх выжылі пяцёра. Зразумела, што пры такім аўтарытэце Пятра Машэрава ў суайчыннікаў і пры прызнанні яго неацэннага ўкладу ў гістарычную спадчыну Беларусі вялікі інтарэс быў і да яго дачкі Наталлі Пятроўны, сустрэча з якой адбылася ў раённым Цэнтры культуры. Мерапрыемства было ініцыявана і арганізавана Стаўбцоўскім раённым камітэтам Кампартыі Беларусі. На сустрэчы прысутнічалі ветэраны і ідэалагічны актыў раёна. Усе з цікавасцю паглядзелі дакументальны фільм пра Пятра Машэрава. Наталля Машэрава пакарыла ўсіх уменнем зносін з публікай, прыгожай вобразнай мовай, чалавечай абаяльнасцю. Сфера яе дзейнасці паспрыяла набыць такія ўменні. 22 гады Наталля Машэрава выкладала савецкую літаратуру ў Белдзяржуніверсітэце, была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Вяла і працягвае ажыццяўляць актыўную грамадскую дзейнасць. Яна стварыла і ўзначаліла Беларускі саюз Пятра Міронавіча Машэрава для дапамогі ахвярам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Другая дачка Пятра Машэрава – Алена – кандыдат тэхнічных навук. Як працяг роду – сем праўнукаў Пятра Машэрава. Наталля Пятроўна падзялілася сваімі ўспамінамі пра бацьку. Яны былі напоўнены любоўю да яго, удзячнасцю за тую цёплую атмасферу, якая панавала ў іх сям’і. Дзеці купаліся ў любові бацькі, нягледзячы на тое, што з-за пасады ён быў моцна заняты і не мог удзяліць ім увагі столькі, колькі б хацеў, і колькі б яны змаглі атрымаць. Дзеці бачылі прыгожыя адносіны бацькі і маці, што сфарміравала іх асобы. Пётр і Паліна Машэравы разам мужна змагаліся ў партызанскім атрадзе. Прамоўца расказвала, што калі ўзводзіліся мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Курган Славы», іх сям’я ў выхадныя ездзіла туды. Для Пятра Міронавіча гэта былі службовыя паездкі, а для дзяцей – паездкі выхаднога дня, якія выхоўвалі ў іх патрыятычныя пачуцці ў захаванні памяці аб вайне, павагі да мінулага сваёй краіны, без ушанавання якога не можа быць і будучага. Успаміны дачкі яшчэ раз пацвердзілі, што той вобраз, які застаўся ў памяці народнай, адпавядаў высокім маральным прынцыпам гэтага чалавека, які паказваў усім прыклад сваім асабістым жыццём. Дачка-філолаг пры магчымасці суправаджала яго на важныя выступленні, для яго была дарагая яе ацэнка. І падтрымка таксама. Наталля Пятроўна з усмешкай успамінае, як яна звяртала ўвагу на правільнае вымаўленне, а каб беларусізмы не праскоквалі, абводзіла гэтыя словы чырвоным алоўкам. Памятае яна і пра малочную зацірку – любімую вясковую яду бацькі, і пра гамак з рэдкага валакна, падораны яму Фідэлем Кастра. У яе сэрцы захаваўся светлы вобраз бацькі. Наталля Пятроўна пажадала ўсім удзельнікам сустрэчы любіць сваю краіну так, як любіў яе Пётр Машэраў. Вельмі дарэчы быў выхад на сцэну былога старшыні калгаса «Чырвоны сцяг» (цяперашняга ААТ «Жацерава”) Мар’яна Іосіфавіча Карніцкага. Яго прафесіянальнае жыццё было звязана з кіраўніцкай дзейнасцю. Мар’ян Іосіфавіч некалькі разоў у жыцці меў асабістыя зносіны з Пятром Машэравым. Ён падзяліўся з прысутнымі сваімі ўражаннямі. Меў магчымасць яго слухаць на рэспубліканскіх курсах у вышэйшай партыйнай школе. Мар’ян Іосіфавіч з захапленнем адзначаў уменне Пятра Машэрава выступаць з трыбуны – ён гаварыў нетаропка, уразліва, пераканаўча. Адна з сустрэч з кіраўніком дзяржавы адбылася на палетках калгаса «Нёман». Пётр Машэраў прыляцеў на верталёце пацікавіцца, як ідзе падрыхтоўка да пасяўной кампаніі. З усімі прыветна павітаўся за руку, яго абступілі вузкім колам, далажылі пра абстаноўку. Даверлівыя, паважлівыя адносіны да кадраў, далікатнасць і ўважлівасць у зносінах, уменне выслухаць чалавека – гэта кранала ўсіх. Наталля Пятроўна падзякавала ўсім за тое, што захоўваецца светлая памяць пра яе бацьку, які назаўсёды застаўся легендарным героем у памяці ўсяго беларускага народа. Святлана ЖЫБУЛЬ Фота Васіля ЗЯНЬКО Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі прайшлі дні памяці Машэрава Пятра Міронавіча ў сувязі са 100-годдзем з дня яго нараджэння. Яго жыццё абарвалася трагічна ў аўтамабільнай катастрофе ва... |
|