На парозе самае светлае і асабліва любімае ў хрысціянскім свеце свята — Вялікдзень. Яно нясе ўсім нам веру і надзею, любоў і прымірэнне. Па традыцыі падрыхтаваўся да свята і філіял «Нясвіжскі хлебазавод» РУП «Барысаўхлебпрам». Напярэдадні Вялікадня асвячэнне святочнай прадукцыі хлебазавода правёў настаяцель храма Святога Велікамучаніка Георгія Перамоганосца г. Нясвіжа протаіерэй Яўген Лабынько.
— Такая традыцыя існуе ў нас ужо многа гадоў, — распавядае інжынер па якасці Таццяна Курчык. — Святар благаслаўляе супрацоўнікаў і акрапляе святой вадой тэхналагічнае абсталяванне. Мабыць, гэта адзін з важных сакрэтаў смачнай пасхальнай нясвіжскай выпечкі. Да таго ж у нас кулічы без кансервантаў, рыхтуюцца выключна з натуральнай сыравіны, без штучных дабавак, паляпшальніка густу і кансервантаў. Вырабляць кулічы мы пачынаем за 3-4 сутак да Вялікадня. Многія вытворцы пякуць іх значна раней і захоўваюць гатовую прадукцыю на складах. Але ў нас такое не практыкуецца. Таму і тэрмін захоўвання ў нашых хлебапечных вырабаў невялікі. Дарэчы, іх мы пячом роўна столькі, колькі трэба пакупнікам (арыентуемся на заяўкі ад рэалізатараў). На прылаўках наша прадукцыя не залёжваецца. Кожную партыю гатовай прадукцыі на заводзе абавязкова дэгустуюць і правяраюць на якасць.
Работнікі прадпрыемства заўсёды з душой падыходзяць да вытворчасці пасхальнай выпечкі. Менавіта таму з года ў год прадукцыя карыстаецца стабільным попытам. У гандлёвую сетку ўжо паступілі кулічы, пірагі, тарты і кексы хлебазавода разнастайных памераў і вагі, з разынкамі, павідлам, какосавай габлюшкай і інш. Кожны пакупнік, зазірнуўшы ў краму, знойдзе сабе пачастунак па душы.