Тэнар з Вялікага
10.04.2018
—
Разное
|
… Прафесіяналы цэняць тэнаравы голас за “верхняе до”, да другой актавы, – так званыя “каралеўскія” ноты, за якія спеваку плацяць вялікія ганарары. “Тэнар – гэта вяршыня, а бас – гэта нізы”, – кажуць італьянскія майстры спеваў. Тэнар Янаш Нялепа – саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь ужо 20 гадоў. За гэты працяглы час майстар выканаў галоўныя ролі у амаль што самых значных пастаноўках, за сольныя і харавыя партыі яму апладзіравалі гледачы знакамітых тэатраў у Германіі, Іспаніі, Швейцарыі, Тайландзе і іншых краінах. Выканаўца атрымаў базавую адукацыю ў Мышанскай школе на Петрыкаўшчыне, тут жа скончыў і музычную школу па класе фартэпіяна. З выпускніком Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі за кубкам кавы мы вялі гутарку пра вакальнае станаўленне, тэатр, падарожжы і Радзіму. – Нарадзіўся я на Данбасе, – пачаў свой аповед Янаш. – Тата ваенны, па абавязку службы яго з сям’ёй адправілі ў Мышанскі гарнізон у 1979 годзе. Так мы і пераехалі. Мама атрымала адукацыю юрыста, часта бывала ў Петрыкаве ў камандзіроўках, мяне брала з сабой, але сам горад не вельмі добра памятаю. У класе нас было, здаецца, 12 чалавек. Будзь упэўнены – кожны дзень па ўсіх прадметах цябе абавязкова выклічуць. І я нават ведаў, пасля каго. Дзённік – дыван ацэнак. Не падрыхтаваць ўрок – пра гэта гаворкі не ішло. Выкладчыкі строгія, патрабавальныя – жонкі вайскоўцаў. Скажу вам больш: я, калі пятнаццацігадовым прыехаў да бабулі ў літоўскі Каўнас (бацькі перехалі туды да бабулі па мамінай лініі, там і засталіся), рашаў задачы па фізіцы і геаметрыі, з якімі іх выдатнікі не маглі справіцца. Спыталіся неяк у мяне: “Ты што, выдатнік?” У нас “выдатна” практычна ў класе было немагчыма. Пяцёрку – толькі за кантрольную работу. У Каўнасе я прабыў толькі 4 месяцы, але вярнуўся назад у Мышанку – скончыць школу. Бацькі думалі вызначаць мой лёс у Літве, але ў краіне не было на той момант рускамоўных груп, навучанне нават у музычных вучылішчах ішло толькі на літоўскай. І перавага аддавалася карэнным жыхарам. Настроі былі адпаведныя. Савецкі Саюз распадаўся, Літва першая выйшла з яго... Бацькі не стала ў жніўні, а мама так і жыве ў Каўнасе. Некаторыя аднакласнікі мне пішуць, тэлефануюць, нават у госці прыязджаюць у Мінск. Запрашалі некалькі разоў на сустрэчу выпускнікоў, але графік у тэатры не дазваляе выбрацца. У мяне захавалася шмат фатаграфій з Мышанкі. Фота з помнікам невядомаму салдату – мы заўсёды 9 мая да яго ўскладалі кветкі. А гэта на здымку мой педагог па фартэпіяна – Людміла Іванаўна Бучко (паказвае — заўв. аўтара), а гэта мой клас, кіраўнік Віталь Адамавіч Тарасевіч. А гэта Дом афіцэраў, дзе я наведваў танцавальны гурток. Ніна Адамаўна Яновіч – наш кіраўнік хору. Заўсёды ставіла мяне запяваць.
НАВАТ ДУМКІ НЕ БЫЛО, ШТО ЁСЦЬ ГОЛАС Я паступіў у Мазырскае музычнае вучылішча па класе фартэпіяна, але нават думкі не было пра тое, што ёсць нейкі голас. Нічога пра гэта не ведаў. Колькі сябе памятаю, заўсёды быў апантаны операй. Купляў пласцінкі са спектаклямі, але каб спяваць ... У вучылішчы быў такі прадмет – канцэртмайстарскі клас. У ілюстратара не заўсёды атрымлівалася прыйсці на заняткі, таму займаешся часам у адзіноце. І вось аднойчы ён пачуў маё выкананне. Запрасіў папрацаваць у хоры, праца добра аплачвалася. У Мазыры не было вакальнага аддзялення, сваімі сіламі вырашылі стварыць оперу “Яўген Анегін”, падышлі да мяне з прапановай узяць на сябе ролю Ленскага. З таго часу я стаў браць урокі па пастаноўцы голасу. За гэты спектакль нам далі прэмію 30 рублёў. Неверагодныя грошы на той час. У юнацтве грошы для паездкі да бабулі ў Літву збіраліся на працягу года. Зразумела, што на бабуліну пенсію не высядзіш, ды і не “салідна”. Пазней я настаяў на тым, каб падрыхтаваць праграму на вакальны конкурс сярод вучылішчаў у Віцебску. Зразумела, нікуды не прайшоў, але, тым не менш адзін, з членаў журы прапанаваў прыехаць на падрыхтоўчае аддзяленне ў Мінск. Да курсаў кожную суботу ездзіў у Кіеў, займаўся з педагогам. З Мазыра выязджаў а 6-й раніцы і да 12 дня быў у сталіцы Украіны.
БЫЎ ЗАЛІЧАНЫ АЎТАМАТАМ На падрыхтоўчым аддзяленні па ўсіх дысцыплінах я меў пяцёркі і быў залічаны ў акадэмію музыкі аўтаматам. Ускладніліся праграмы, экзаменаў стала больш, патрабаванні ўзраслі. Калі распаўся Саюз, узніклі сур’ёзныя праблемы з рэгістрацыяй. Першым разам мне адмовілі ў атрыманні грамадзянства. І нават была пагроза пераводу на платнае навучанне. Выратавала тое, што паехаў назад у гарнізон, дзе служыў бацька, узяў у ЖКГ дакументы пра тое, што пражываў як сын вайскоўца. Па законе выйшла 7 гадоў. Грамадзянства атрымаў у 1993 годзе. Магістратуру скончыў у 1999 годзе, дэбютаваў у 1998 годзе ў спектаклі “Чароўная музыка” М. Мінкова. У тэатры працую 20 гадоў, у наступным – такі ж юбілей будзе ў маёй жонкі, якая працуе канцэртмайстрам. Дачка ўжо вырасла, ёй 22 гады, сыну – 10. Увесь гэты час быў напоўнены цікавымі сустрэчамі, падзеямі і, вядома ж, гастролямі. У Барселоне выступаў як саліст з прома-канцэртам. Цікавыя гастролі былі ў Англіі. Амаль два месяцы. Ставілі оперы “Багема” і “Мадам Батэрфляй” Пучыні. Як нас запрашаюць за мяжу? Праглядваюць салістаў і запрашаюць да сябе. Часам гэта праходзіць праз інтэрнэт. Гастролі на Канарскіх выспах – гэта было казачна і незабыўна.
ТЭАТР – СКЛАДАНЫ АРГАНІЗМ Збіраецца мастацкая рэжысёрска-дырыжорская калегія і абмяркоўваецца склад салістаў на кожны спектакль. Менавіта так размяркоўваюць ролі. Заўтра ставім оперу “Лятучы галандзец”. Галоўны герой кінуў выклік нябёсам і ўжо 200 гадоў бадзяецца па акіяне. Адзін з галоўных герояў – паляўнічы Эрык, чыю партыю выконваю я. Паслязаўтра еду на гастролі ў Германію. На наступны тэатральны сезон будзем ставіць адну з самых складаных оперных работ – “Саламея”. Мяне запрасілі на партыю Ірада. Нагрузка вялікая, неверагодна вымотвае. Вельмі лёгка страціць сябе ў тэатры. Аднаму падабаецца артыст, другому – не. Стараюся максімальна схавацца ад гэтага. Не ўдзельнічаць у канфліктах наогул. ... У маўчанні і адзіноце я наладжваюся на спектакль. Дзеці ведаюць, што тата збіраецца на працу, таму заўсёды з разуменнем спыняюць усе гульні. Да Бога звяртаюся за дапамогай. Артысту цяжка без яе. Гутарыла Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота з архіва Янаша НЯЛЕПЫ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
… Прафесіяналы цэняць тэнаравы голас за “верхняе до”, да другой актавы, – так званыя “каралеўскія” ноты, за якія спеваку плацяць вялікія ганарары. “Тэнар – гэта...
|
|