Добраму госцю гаспадар рады. 21.by

Добраму госцю гаспадар рады

10.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Апошні раз гутарыла з Сяргеем Ходзькам у жніўні 2014 года, пасля чаго быў надрукаваны матэрыял пра чарговы аб’ект адпачынку ў Петрыкаве – сядзібу “Чырвоны Капялюшык”. Ведаю, што Сяргей Леанідавіч на гэтым не спыняецца. У яго безліч ідэй, якія планамерна ператвараюцца ў жыццё і радуюць жыхароў і гасцей Петрыкаўшчыны.

Для таго, што Сяргей Ходзька заслугоўвае, каб чарговы раз было ўзгадана яго імя, не трэба прыводзіць шмат довадаў. А Год малой радзімы, аб’яўлены сёлета Прэзідэнтам нашай краіны, насамрэч для такіх і пра такіх людзей.

Гутарка адбылася на гэты раз, лічу, больш шчырая. Хацелася даведацца не столькі пра агратурыстычны бізнес, колькі пра самога гаспадара. За кубкам кавы ў цёплым гасцявым доміку на затоцы Бычок мы і пачалі размову.

IMG_1145

– Сяргей Леанідавіч, раскажыце пра сваё дзяцінства.  Чым забаўляліся, пра што марылі?

– Звычайнае вясковае дзяцінства, як і ў іншых. Жылі ў  Дземенцы. Маці, Вера Паўлаўна, загадвала жывёлагадоўчай фермай. Бацька, Леанід Уладзіміравіч, таксама працаваў у сельгаспрадпрыемстве.

Нас, дзяцей, чацвёра. Я – старэйшы. Дапамагаў бацькам у вядзенні гаспадаркі. Школу наведваў у Кашэвічах. Там стаў праяўляць свае першыя поспехі ў спорце. Заўважылі і стымулявалі да перамог настаўнікі фізічнай культуры – Караба і Маркасян. На жаль, не памятаю ўжо імён.

Заўсёды прымаў удзел у  спаборніцтвах па мнагаборстве ў вобласці і прыносіў добрыя вынікі. Менавіта таму з далейшай спецыяльнасцю вызначыўся загадзя. Мара паступіць у акадэмію фізвыхавання стала рэальнасцю. Першапачаткова паступіў на аздараўленчы факультэт, пазней перайшоў на лёгкую атлетыку.

У нас была моцная група. Гэта людзі з вялікім патэнцыялам, якія і надалей звязалі сваё жыццё са спортам. Я і да сёння падтрымліваю з былымі аднагрупнікамі сувязь. Магчыма, некаму вядомы прозвішчы нашых чэмпіёнаў Еўропы: Царкоў, Канавалаў, гімнасткі Скрыпкінай, кікбаксёра Крываручкі?

Я таксама стаў неаднаразовым чэмпіёнам Рэспублікі, абараніў званне майстра спорту. Заўсёды ставіў перад сабой задачы звышзапланаваныя: напрыклад, калі трэба было прабегчы пяць кіламетраў, бег сем. Затрэніравалі, так сказаць мяне, перагрузілі. І мне гэта амаль не каштавала здароўя. Запаленне надкосніцы ў назе цягнула за сабой гангрэну і ампутацыю нагі. Менавіта таму пакінуў спорт. Але  акадэмію скончыў.

З той пары стаў ацэньваць свае магчымасці. Працягваю жыць у спартыўным рэжыме: збалансаванае харчаванне, адпачынак, 2-3 разы на тыдзень – лазня. Гэта з першага погляду падаецца, што я працую па 12 гадзін у суткі. Выпадае і так, але пра адпачынак не забываюся.

– Сваіх дзяцей таксама выхоўваеце ў спартыўным рэжыме?

– Сын Даніл – студэнт  універсітэта транспарту. Ён са спортам сябруе. Дачка Юля яшчэ ў пачатковых класах. Скажу, што сям’я для меня, як і для кожнага, спадзяюся, важная. Але дзяцей ніколі не прымушаю рабіць тое, што падабаецца мне. Няхай самі робяць свой выбар.

– Не сакрэт, што ў  агратурыстычным бізнесе Вы – першапраходзец. Ведаеце ўсе тонкасці. Падзяліцеся, ці цяжкі гэта накірунак дзейнасці?

– Сапраўды, у раёне я першым распачаў гэты від аказання паслуг. На Гомельшчыне – другі пасля Рэчыцы – Мілаградскія аграсядзібы добра вядомыя.

Некалі натхніў на гэту ідэю былы начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Віталь Шаўчэнка.  Першым аб’ектам стала сядзіба па вуліцы Дзеда Талаша ў горадзе. Спачатку меркаваў там адкрыць магазін. Купіў старую сядзібу, упарадкаваў яе і тэрыторыю. Атрымалася няблага.


IMG_1142

Затым знакаміты цяпер паўсюль “Хутарок”, што ў Дземенцы. Дарэчы, ёсць у мяне кліенты, які палюбілі тыя мясціны ўсім сэрцам і едуць штогод, нягледзячы на крызісы і іншыя нязручнасці. Тым больш, што пражыванне там амаль бясплатнае. Лічыце самі: за суткі з чалавека 10 рублёў. Гэта амаль дарэмна.

Адзначу, што на будаўніцтва сваіх аб’ектаў пазык і крэдытаў не браў. Раскажу чаму. Напрыклад, сабекошт будаўніцтва аднаго гасцявога доміка ў межах 15 тысяч умоўных адзінак. Праз 5 гадоў, як ні круці, трэба будзе наноў укладваць у яго сродкі на рамонт, нейкія абнаўленні ў інтэр’еры. Гэта будзе біць па кішэні, бо за гэты час яшчэ не разлічышся па крэдыце. Памылка тых, хто вырашае займацца агратурызмам – спадзяванні на хуткі прыбытак. Гэта не тая галіна бізнесу, якая прыносіць стабільны даход.


IMG_1150

Прыбытку не будзе, калі гаспадар не будзе любіць гэту справу ўсім сэрцам. Самыя лепшыя дывідэнды – паток жадаючых адпачыць. Пражываючых у мяне дастаткова. Пра гэта сведчаць добрыя адлічэнні, якія раблю ў бюджэт – кожны квартал каля 4 тысяч рублёў.

– Сяргей Леанідавіч, якія вуліцы ў горадзе папрыгажэлі, дзякуючы Вашым аб’ектам?

– Дзеда Талаша, Бумажкова, Муляраўская, Ленінская, Камсамольская, Нагіна. У Майсеевічах таксама пабудаваў турыстычны аб’ект – “Фальварак”.

На кожным аб’екце ў мяне ўтрымліваецца нейкая жыўнасць: свінні, куры, індыкі. Пасадзіў летась 100 саджанцаў пладовых дрэў і 500 кустоў маліны, вырошчваю таксама суніцы. Усё гэта патрабуе догяду і клопату.

Адзначу, што ніколі нікому не зайздрошчу, бо гэта дрэнная рыса, якой, на жаль, “хварэюць” многія. Наадварот, мае дзверы заўсёды расчынены для тых, каму патрэбна парада.

Тое ж стаўленне і да адпачываючых. Калі людзі культурныя, дастойна паводзяць сябе, то я рады вітаць іх зноў і зноў. Але, на жаль, ёсць і тыя, хто трапляе ў “чорны спіс” за свае паводзіны і адносіны да маёй маёмасці.

– У Вашых аграсядзібах прысутнічае арыгінальны вясковы каларыт з сучаснымі дапаўненнямі. Вы і будаўнік, і дызайнер, і стыліст…

– Трэба бачыць малюнак на фінішы. Калі не хапае  кругагляду, то памылка непазбежна. Усё, што бачыце ў маіх агрясядзібах – гэта мая ідэя.

Шмат гадоў да мяне ездзіць каваль з Украіны. Менавіта ў яго атрымліваюцца такія цудоўныя рэчы: парэнчы на лесвіцах, вароты і форткі, падсвечнікі і іншыя дэкаратыўныя ўпрыгожанні.

Некалі фіны арандавалі ў мяне домікі. Вось ужо каторы час з’яўляюся іх кліентам на закуп фарбы і лакаў на натуральнай аснове. Яны дарагія, але вартыя таго.

– Сапраўды, у Вашым вясковым стылі не самыя танныя будаўнічыя матэрыялы – дрэва, гліна, прыроднае каменне, мармур. З элементаў – мудрагелістыя кафлі, арыгінальныя завіткі з металу. Здаецца, проста, але не кожнаму даступна…

– Так, я не выкарыстоўваю пластык, усялякую імітацыю. Да таго захоўваю ўсе правілы пажарнай бяспекі і санітарна-гігіенічныя патрабаванні.

Што датычыць вясковага, этнаграфічнага стылю, то гэта ўжо мінулае. Цяпер будую і афармляю домікі ў сучасным стылі. Больш таго, планую займацца грамадскім харчаваннем. Ёсць ідэя адкрыць аб’ект на 120-150 пасадачных месцаў. І стыль там ужо больш усходні. Але пра гэта пакуль рана распавядаць.

– Добра, Сяргей Леанідавіч! Дзякуй Вам за гутарку і найлепшых пажаданняў у рэалізацыі ідэй і пачынанняў!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошні раз гутарыла з Сяргеем Ходзькам у жніўні 2014 года, пасля чаго быў надрукаваны матэрыял пра чарговы аб’ект адпачынку ў Петрыкаве – сядзібу “Чырвоны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика