Книги, собственноручно посаженные деревья, восстановленный церковный архив. Что еще связывает академика Николая Ламана с Кореличчиной?. 21.by

Книги, собственноручно посаженные деревья, восстановленный церковный архив. Что еще связывает академика Николая Ламана с Кореличчиной?

11.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Прафесар, доктар біялагічных навук, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Афанасьевіч Ламан часты госць на Карэліччыне. Вёска Загор’е Турэцкага сельскага Савета — месца, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады. Тут да гэтага часу стаіць бацькоўскі дом, на сельскіх могілках спачываюць яго продкі. Дзякуючы намаганням акадэміка Ламана ў мясцовай Турэцкай школы з’явілася свая кніга «Крыніцы разумнага, добрага, вечнага», у Святапакроўскага храма — царкоўны архіў, а па ўсёй акрузе растуць дрэвы, пасаджаныя яго ўласнымі рукамі.

— У нашых месцах Мікалая Ламана ведаюць добра, — расказвае былы старшыня Турэцкага сельскага Савета Вольга Ходар, якая нядаўна пайшла на заслужаны адпачынак, але па-ранейшаму падтрымлівае сяброўскія сувязі з акадэмікам. — Да гэтага часу ў вёсцы Загор’е стаіць яго бацькоўскі дом, куды Мікалай Афанасьевіч часцяком наведваецца.


Мікалай Ламан рана страціў бацьку-франтавіка. Маці Марыя Яфімаўна — краўчыха-самавучка, абшывала ўсю акругу, да яе ішлі вяскоўцы як да мудрай дарадчыцы. Ёй адной прыйшлося ставіць на ногі пецярых сыноў. На ўсё жыццё запомнілі Мікалай і чацвёра яго братоў бацькоўскую навуку. Ад бацькі навучыліся цяслярыць, будаваць, асвоілі кавальскую справу. Сваімі рукамі майстравы Афанасій Ламан і дом узвёў. Дом адмысловы, з гліны і галінак ядлоўцу. Стараннямі яго сына Мікалая Афанасьевіча дом і сёння глядзіць на вуліцу вясёлымі вачыма. Сын-акадэмік імкнецца падтрымліваць дом такім, якім ён быў пры бацьках. Мінулым летам выкапаў з зямлі глыбока аселыя камяні ля калодзежа, на якія ставіцца калодзезнае вядро. «Каб усё было, як пры бацьку», — патлумачыў ён суседзям.
Ёсць у акадэміка Ламана мара — добраўпарадкаваць бераг Ушы, зрабіць для мясцовых жыхароў пляж, каб можна было купацца і загараць. Надта ж тут месцы добрыя: прасторныя сенажаці, а рыбу хоць рукамі лаві!
Як даніну памяці бацькам і сваёй малой радзіме пасадзіў Мікалай Ламан пры ўездзе ў Загор’е рэдкі від дрэў — чырвоныя дубы. Па перыметры Загорскіх могілак высадзіў больш за сотню соснаў.


— Мікалай Афанасьевіч прывёз дрэўцы з гадавальніка ў рукзаку прама на аўтобусе, — успамінае тыя падзеі Вольга Ходар, — ён часцей за ўсё на аўтобусе з Мінска ў вёску прыязджае. Вадзіцельскіх правоў у яго няма, ды і цікавей яму з народам у аўтобусе праехацца. Ёсць у яго фінская лапатка, якой ён уласнымі рукамі саджанцы высаджвае. А потым не раз яшчэ за сезон прыязджае, рыхліць зямлю, выдаляе пустазелле, падкормлівае, сочыць за развіццём сваіх зялёных падапечных.
На ўездзе ў Загор’е стаіць драўляны крыж, які Мікалай Ламан з часам хоча замяніць на жалезны, больш даўгавечны.

Побач паставіць валун з гранітнай таблічкай і высечанымі на ёй словамі Янкі Брыля. Якія гэта будуць словы, акадэмік яшчэ не выбраў, але ясна адно: пра родны куток, дзе прайшло дзяцінства, пра ўдзячнасць бацькам… На гэтым месцы акадэмік ужо высадзіў туі і клапатліва пазначыў кожную з іх драўляным калком, каб сельгастэхніка не пашкодзіла.
Часты госць Мікалай Афанасьевіч і ў Турэцкай сярэдняй школе.


— Восенню 2017 года ён прывёз нам да пачатку новага навучальнага года некалькі дзясяткаў клёнаў, — расказвае дырэктар Турэцкай школы Ганна Уладзіміраўна Шугала, — мы іх, вядома, высадзілі. А потым аказалася, што няправільна паклалі грунт вакол саджанцаў. Дык Мікалай Афанасьевіч сам іх перасадзіў, паказаў, як правільна ўкладваць травяны пласт, каб дрэва прыжылося.
Першая кніга Мікалая Ламана «Крыніцы разумнага, добрага, вечнага» ўбачыла свет у 2007 годзе да 145-годдзя адкрыцця ў мястэчку Турэц свецкай агульнаадукацыйнай установы — пачатковага народнага вучылішча Міністэрства народнай асветы тагачаснай Расійскай імперыі. Гэтая кніга беражліва захоўваецца ў школьнай бібліятэцы і па гэты дзень. І з’яўляецца, бадай, самым папулярным выданнем у педагогаў і школьнікаў. Бо тут сабраны школьныя выпускі за апошнія 56 гадоў!
У планах Мікалая Ламана — выданне кнігі пра гісторыю маленькай радзімы, якая ўжо гатова да друку. Але аб’ём матэрыялу настолькі вялікі, што без фінансавай дапамогі ініцыятару і аўтару не абысціся.
Прыхаджанам і святару Турэцкай Святапакроўскай царквы таксама ёсць за што дзякаваць вядомаму земляку. Дзякуючы намаганням Мікалая Афанасьевіча ў храме з’явілася мармуровая дошка з выявай святара Юліяна Зялінскага, які пачынаў будаваць царкву ў 1888 годзе. Не без яго ўдзелу з’явілася ў храме і памятная дошка з выгравіраванымі на ёй прозвішчамі загорцаў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Настаяцель Святапакроўскай царквы іерэй Аляксандр Кавалько ўспамінае, як аднойчы Мікалай Афанасьевіч убачыў у старой царкоўнай шафе раскіданыя лісточкі паперы. Аказалася, што ім цаны няма: акадэмік знайшоў царкоўны архіў. З дазволу святара Мікалай Ламан павёз скарб у Мінск, дзе дзякуючы карпатлівай працы аднавіў яго, сістэматызаваў у храналагічным парадку, зрабіў пераплёт і перадаў у Турэц. Дзякуючы любові да архіўнай працы ён аднавіў радавод многіх сваіх землякоў аж да 13 калена!
Пісьменніцкі талент не дае Мікалаю Афанасьевічу сядзець склаўшы рукі. Зараз ён працуе над стварэннем новай кнігі пра Турэцкую Святапакроўскую царкву, якую ён называе жамчужынай сваёй малой радзімы. Рукапісная манаграфія пакуль складаецца з 75 старонак.
Як толькі мацней прыгрэе сонейка і вясна паўнапраўна ўступіць у свае правы, Мікалай Ламан з рукзаком за плячыма і фінскай лапаткай у руках зноў выйдзе з рэйсавага аўтобуса на прыпынку ў Турцы і павольна адправіцца спачатку ў сельсавет, потым у школу, абавязкова падыдзе да храма. Пагаварыўшы з мясцовымі, ён накіруецца ў роднае Загор’е, якое ў народзе называюць не інакш як калыска акадэмікаў.

Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара і з архіва
М. А. Ламана.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прафесар, доктар біялагічных навук, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Афанасьевіч Ламан часты госць на Карэліччыне. Вёска Загор’е Турэцкага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика