Сонца над могілкамі. 21.by

Сонца над могілкамі

12.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адзін з першых памочнікаў аб’яднання камунальных службаў у Дзераўной – мясцовая жыхарка Станіслава Дубатоўка. Ужо другі год, як у аграгарадку вядуцца работы па добраўпарадкаванні могілак, і людзі не стаяць убаку.

Станіслава Эдвінаўна з’яўляецца старшынёй касцёльнага камітэта, але адразу папярэджвае: «Не варта перабольшваць мае заслугі. Проста агітую людзей, каб дапамагалі ўбіраць зрэзанае галлё, выносілі лёгкае бярвенне. Мне хочацца, каб на могілках, дзе пахаваны блізкія мае і майго мужа, быў парадак…»

А пачалося ўсё з таго, што дзераўнянцы паехалі ў вёску Канстанцінава Мядзельскага раёна, дзе пахаваны іх ксёндз Люцыян побач з маці, і ўбачылі неверагодна прыгожыя могілкі. Чыстыя, свабодныя ад пасадак, сонечныя. «Вось бы і ў нас так!» – загарэліся яны.

На той час на могілках у Дзераўной была зусім іншая карціна. «Мы з мужам налічылі 464 сасны», – гаворыць Станіслава Дубатоўка пра старыя аварыйныя дрэвы, якія рабілі месца вечнага спачыну цёмным, засмечаным і нават небяспечным.

Некаторыя спрабавалі навесці парадак побач з магіламі сваіх родных, але неўзабаве зразумелі, што гэта не вырашыць праблему ў цэлым. З суседніх дрэў сыплецца ігліца, вецер прыносіць галіны… «Было няпроста пераканаць людзей, што пазбаўляцца трэба ад усіх дрэў, кустоў на могілках, – расказвае Станіслава Эдвінаўна. – Справа пайшла хутчэй, калі наш ксёндз Сяргей Лянга падтрымаў нас».

Работа па навядзенні парадку на могілках пачалася ў лістападзе 2016 года. Асабліва шмат было зроблена летась. Сродкі на спілоўванне ахвяруюць мясцовыя жыхары. Станіслава Дубатоўка кажа, што заходзяць ва ўсе дамы, не зважаючы на веравызнанне, ніхто не адмаўляе. Дапамога і ў тым, што людзі выходзяць прыбіраць галлё каля магіл сваіх блізкіх. «Спрабавалі арганізаваць суботнік, – адзначае мая суразмоўца. – Але ж у нас у асноўным людзі пажылога ўзросту. Дзеці, дачнікі прыязджаюць на выхадныя. Аднак у нашай мясцовасці ў нядзелю няма моды працаваць. У касцёл трэба ісці на малітву. Ён не закрываўся нават падчас ганенняў».

На дзераўнянскіх могілках стала значна святлей – з 464 соснаў засталося 150. Работы па добраўпарадкаванні працягваюцца. «Людзей ужо не спыніць – яны мяняюць помнікі, – заўважае Станіслава Дубатоўка і дадае: – А ў мяне душа радуецца…»

Радуюцца і работнікі АКС, на чыім балансе знаходзяцца могілкі. «З такімі грамадскімі памочнікамі, як Станіслава Дубатоўка, будзе парадак на нашай зямлі», – зазначае начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы Валерый Бохан.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін з першых памочнікаў аб’яднання камунальных службаў у Дзераўной – мясцовая жыхарка Станіслава Дубатоўка. Ужо другі год, як у аграгарадку вядуцца работы па...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика