У Тэатральнай зале Нясвіжскага палацавага ансамбля прайшла інтэлектуальная гульня “Кубак Старога замка-2018”. Тэмай для інтэлектуальных спаборніцтваў сталі “Вядомыя беларусы”. Гульня была праведзена выхаванцамі клуба ЮНЕСКА “Кліо” з ліку навучэнцаў Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, якія ўжо не першы год дапамагаюць музею-запаведніку ў правядзенні падобных мерапрыемстваў. Будучыя спецыялісты ў галіне турыстычнай дзейнасці на працягу трох тыдняў працавалі над сцэнарыем гульні і мультымедыйнай прэзентацыяй, падбіралі цікавыя пытанні.
Удзельнікамі інтэлектуальных баталій сталі вучні восьмых і дзявятых класаў дзяржаўных устаноў адукацыі з Нясвіжскага, Слуцкага і Капыльскага раёнаў.
У выніку ва ўпартай барацьбе перамагла каманда “Легас” Нясвіжскай гімназіі (фота 1). Другое месца заняла каманда “Кадэты” Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча (фота 2), трэцяй стала каманда “Пілігрымы” СШ № 3 г. Нясвіжа.
Усе ўдзельнікі інтэлектуальнай гульні “Кубак Старога замка-2018” былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі, атрымалі шмат цікавых уражанняў ад экскурсіі па замку.
Вячаслаў МАЗАЛЕЎСКІ,
старшы навуковы супрацоўнік НГКМЗ “Нясвіж”.
Фота Іны ВАСІЛЕВІЧ.