Залаты ключ года. 21.by

Залаты ключ года

02.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Які ж цудоўны гэты месяц май!

Кажуць, што ў маі нават вецер спявае. Здаецца, сама радасць жыцця разлілася ў паветры, напоўніла яго рознагалоссем і непаўторнымі водарамі.

Дыхнеш на поўныя грудзі пах узаранай зямлі, духмянасць квецені, што запаланіла наваколле, і адчуеш, як быццам сіла самой маці-зямлі магутным патокам напаўняе тваё цела.

Гараджанам недаступная раскоша бачыць, як праходзіць па зямлі змена сезонаў, як нараджаюцца, уваходзяць у поўную сілу сезонныя з’явы, потым ідуць на спад, а на іх месца пакрысе ўступае ў свае правы наступны этап развіцця і адмірання. Кожны з іх мае свой колер, свой пах, настрой, хуткасць і жыццёвую энергію.

Назва месяца “май” у розных культурах амаль не адрозніваецца гучаннем, бо апякае гэты месяц славянская багіня пладавітасці, урадлівасці і прыгажосці Майя Златаўласка, жонка вялікага Даждзьбога. Ды толькі нашы продкі-славяне ў гэтую светлую назву месяца ўнеслі свой даволі каларытны жыццёвы і практычны сэнс: май  значыць маяцца, мучыцца. У шматдзетных малазямельных продкаў хлеб скончваўся месяц, а то і болей таму, і назва гэтая менавіта пра іх гаротную долю.

Усё ж багіня Майя ступае па зямлі лёгкім крокам, напаўняючы наваколле новай жыццёвай сілай і надзеяй, новымі гукамі і колерамі: набіраюць сілу травы, разгортваюцца першыя ліпкія лісточкі на бярозе ці вольсе, якія заўсёды змагаюцца за першынство, а за імі спяшаюцца іншыя дрэвы і кусты. У пачатку месяца распускаюцца белыя гронкі чаромхі, і пах яе, напоўніўшы паветра ап’яняльным дурманам, разбудзіў цвіценне пладовых дрэў.

Ці можа што ў свеце параўнацца з белай кіпенню грушавых, бела-ружовай – яблыневых, вішнёвых садоў, напоўненых днём зумканнем працавітых пчолак, у якое не-не ды ўвальецца басок дабрадушнага чмяля, а ўначы – пераліўнай песняй салаў’я.

IMG_2855_1

Хараством напаўняецца ўсё пасля першай майскай навальніцы. Хораша ўздымаецца над зямлёй аблачынка белай пары, і здаецца, што гэта з палёгкай уздыхае зямля, вызваленая з доўгага зімовага палону.

Май з’яўляецца не толькі вяршыняй вясны, але і вяршыняй усяго гадавога цыкла з яго маляўнічай прыгажосцю, са спрадвечнай напружанай працай на зямлі, з надзеяй на спраўджванне чаканняў, на тое, што цяжкая праца сейбіта не будзе марнай, а прынясе свой плён.

Вялікай дапамогай у гэтай працы заўсёды была навука продкаў, якую нашчадкі ўчэпіста запаміналі, дакладна выконвалі і ўвесь час дапаўнялі сваімі назіраннямі, новымі прыкметамі і парадамі.

Пакуль была жывая і займалася агародам мая маці, заўсёды прасіла мяне прыйсці 1 мая і дапамагчы ёй пасеяць буракі і моркву. Я ўвесь час лічыла, што так яна скарыстоўвала мой выхадны. Аказалася, што ў народным календары ў дзень святого Кузьмы, 1 мая, ёсць парада сеяць гэтыя культуры. І існаваў звычай перад пасевам папярэднія тры ранішнія зары насенне змочваць рачной ці крынічнай вадой.

2 мая, у дзень Івана Ветхапячорніка, вясковыя ткачыхі выносілі натканыя палотны на веснавое сонейка, кланяліся, клалі на палатно пірог і вярталіся ў хату з надзеяй, што вясна прыме падарунак і паспрыяе добраму ўраджаю льну і канопляў.

У дзень Фёдара, 3 мая, у нашых продкаў прынята было наведваць могілкі. Лічылася, што на Фёдара нябожчыкі нудзяцца, сумуюць па зямным жыцці. На могілках галасілі, клікалі продкаў.

На наступны дзень Прокла клікалі нечысць. Праклёны выкрыквалі старыя, ідучы за вёску і павярнуўшыся на захад. Гэтым вясковы люд засцерагаў сябе і вёску ад нечысці.

У дзень Лукі, 5 мая, імкнуліся пасадзіць цыбулю, якая “на дабро і ў батве, і ў капусце”, а “хто есць лук, той будзе пазбаўлены вечных мук”.

Ці ведала маці пра дзень святога Лукі, але казала, што цыбулю трэба пасадзіць да веснавога Юр’я, да 6 мая. Святы Юр’я, лічыцца, захоўвае “залатыя ключы”, што “адмыкаюць зямлю і выпускаюць воды”.

7 мая – Аўсей. Казалі: “Аўсей – аўсы адсей”. Аўсы раілі сеяць за два дні да поўні ці праз два дні пасля яе.

На Марка, 8 мая, “неба ярка, а бабам у хаце жарка”. Чакалі ў гэты дзень прылёту птушак вялікімі чародамі.

10 мая – дзень Сямёна Ранапашца. Трэба араць, калі гром грыміць, лес у лісты ўбіраецца, жаваранак спявае. Цёплы дзень Сямёнаў нёс хворым здароўе. На наступны дзень – Максімаў – адпойвалі хворых бярозавікам. Лічылася, што ў гэты дзень ён мае вялікую сілу.

12 мая маліліся дзевяці пакутнікам ад 9 напасцяў: каб не ламала, не таміла, не пякло, не трэсла, не вязала, не сляпіла, з ног не валіла, у сырую зямлю не зводзіла. Гэты дзень лічыўся дзём знахароў.

З дня Якава, 13 мая, спынялася ўсякае сватанне – па старым стылі пачынаўся май, а ў маі жаніцца – “усё жыццё мучыцца”.

14 мая – Ерамей Запрагальнік. На Ерамея нават самая гультайская саха ў поле выязджае. Пачынаецца апошняя сустрэча пралецця – апошні тыдзень пасеву і пасадак: Ерамей – пра пасевы разумей.

Барыс і Глеб 15 мая сеюць хлеб. Барысаў дзень – салаўіны дзень: пачынаюць спяваць салаў’і. Існавала і прыкмета: калі заспявае салавей на Барыса – будзеш з хлебам.

16 мая – дзень Марфы Малочніцы. Каровы з пашы прыходзяць сытымі, значна прыбаўляюць малака. Пачыналі варыць зеляніну на змену квашанай капусце, бо вырасла крапіва, лебяда, шчаўе, снітка.

На Ірыну Расадніцу, 18 мая, высаджвалі на градку расаду ранняй капусты, сеялі першыя гуркі. Казалі: “Для чаго агарод гарадзіць, калі капусты не садзіць”.

19 мая – Іоў Агурочнік, ці Гарошнік. Вялікая раса ў гэты дзень на ўраджай агуркоў. Сеялі гарох у сырую зямлю на заходзе сонца (каб вераб’і не бачылі), добра, каб былі сходнія дні.

20 мая – Купальніца. З ранку набіралі ў вёдры ваду і ставілі на сонца, а апоўдні абліваліся ад хвароб. У гэты дзень коней праганялі па рацэ.

На Івана Багаслова, 21 мая, аралі пад пшаніцу і сеялі яе. Пяклі абетныя пірагі. Іх раздавалі бедным, сіротам і жабракам. Бяда, калі такі пірог застанецца.

22 мая – дзень Вясновага Міколы Угодніка. Казалі: “Да Міколы крапіся, хоць разапніся, а з Міколы жыві і не тужы”. У гэты дзень заказвалі малебны з асвячэннем вады, крапілі коней, каб святы збярог іх ад ваўкоў і мядзведзяў, дараваў ім здароўе. Да гэтага дня забаранялася купацца. З Міколы садзілі бульбу.

На Сымона Зілоту, 23 мая, забаранялася араць. У гэты дзень капалі карані, збіралі зёлкі на лекі. Па гатовай пашні можна было сеяць пшаніцу. “Сей пшаніцу на Зілота – уродзіць, акі злота”.

24 мая належыць Мокію Мокраму. Дождж у гэты дзень абяцаў мокрае лета, а барвовы ўзыход сонца – грознае і пажарнае. У гэты дзень не працавалі, баючыся, каб град не пабіў палі.

Калі ранак Епіфана, 25 мая, у чырвоным каптане, таксама да гарачага пажарнага лета. Пачынала цвісці рабіна.

Лічыцца, што масава з’яўляюцца камары з Лукер’і Камарніцы – 26 мая. А як прыляцелі камары, настала пара сеяць яравое жыта.

27 мая – Сідар Агурочнік. Прылятаюць стрыжы і ластаўкі, якія прыносяць летняе цяпло. Калі ж на Сідара сіверка падзьме – лета будзе халоднае.

28 мая – дзень Пахома. Казалі: “Прыйшоў Пахом – запахла цяплом”, “Цёпла на Пахома – усё лета будзе цёплае”. Позні пасеў аўса, пшаніцы, ячменю. Садзілі познія агуркі: “Сей гуркі на Пахом – будзеш насіць мяхом”.

На Фёдара Жытніка, 29 мая, сеялі жыта. Прыгаворвалі: “Радзі, Божа, жыта гожа, а без гароху пражывём патроху”. У гэты дзень нельга пазычаць грошы – будзе неўраджай і ў таго, хто дае, і хто бярэ.

30 мая ў дзень Аўдоцці Свістунні назіралі за надвор’ем. Якая Еўдакія – такое і лета: народзіцца ў дажджлівую Аўдоццю месяц – мокрае, падзьме паўночны вецер – халоднае.

На Фёдара, 31 мая, казалі: “Прыйшоў Фядот – бярэцца зямля за свой род”. Усякая расліна ўбіраецца ў сілу, дуб ліст разварочвае і калі хутчэй, чым ясень, то будзе сухое лета.

І яшчэ некалькі майскіх прыкмет. Ранняя навальніца абяцае дажджлівае лета. Першы гром на голы лес – да недароду. Зацвіла чаромха – пахаладае. Вялікая раса – на агуркі ўраджай будзе. Казалі: “Адна майская раса – каню лепей аўса”.

Лічылі продкі і так: колькі ў маі дажджоў, столькі гадоў быць ураджаю.

Людміла ДУДАРЭНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Які ж цудоўны гэты месяц май! Кажуць, што ў маі нават вецер спявае. Здаецца, сама радасць жыцця разлілася ў паветры, напоўніла яго рознагалоссем і непаўторнымі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика