Мяняюцца часы, з’яўляюцца і знікаюць святы ў календары, але Дзень працы – гэта тое свята, якое прайшло выпрабаванне часам і праз дзесяцігоддзі пранесла ідэю радасці стварэння, павагі да «залатых рук» чалавека-працаўніка.
Першамай – штогадовая яркая падзея ў грамадскім жыцці краіны і нашага раёна ў прыватнасці, якая сімвалізуе вясенняе абнаўленне, стваральныя сілы прыроды і чалавека, перамены да лепшага, а таксама мір і згоду паміж людзьмі.
Для прафсаюзаў гэта не толькі прафесійнае свята, але і дзень, калі падводзяцца вынікі зробленага за працоўны год. І прыемна, што багаж у нас вялікі. Актывісты прафсаюзнага руху ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах раёна, выступаюць арганізатарамі розных акцый і конкурсаў. Прафсаюзныя лідары імкнуцца стварыць найлепшыя ўмовы працы ў сваіх калектывах. Коратка спынюся толькі на некаторых актуальных пытаннях.
Першае – калектыўны дагавор. Лічу, што калі ён добра распрацаваны, насычаны, і рэгулярна кантралюецца яго выкананне, – гэта 90 працэнтаў паспяховай працы прафсаюзнай арганізацыі. У прыклад прывяду калдагаворы лясгаса, запаведніка, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і раённай бальніцы.
Другі важны момант нашай работы – так званы народны маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі. Мы аналізуем рэальныя кошты ў магазінах «Родны кут» райспажыўтаварыства і «Еўраопце» і супастаўлем іх з даходамі, якія атрымліваюць людзі. Параўнальны аналіз паказвае, што ў сярэднім кошты не перавышаюць сярэднеабласныя.
Трэцяя тэма – пагадненне аб узаемадзеянні ФПБ з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. Асноўны напрамак работы сёння – гэта правядзенне сумесных прававых прыёмаў, якія арганізуюцца кожны апошні чацвер месяца. Сёлета раённым аб'яднаннем праведзена чатыры прыёмы, на якія звярнуліся 22 грамадзяніна. Хвалюючыя пытанні датычылі правамернасці прымянення норм працоўнага заканадаўства. Усім дадзены тлумачэнні і аказана юрыдычная дапамога.
Калі гаварыць на ўзроўні краіны, то ў бліжэйшы час Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і пракуратура правядуць маніторынг своечасовасці выплаты зарплаты ў Віцебскай вобласці.
Чацвёрты напрамак – ахова працы. Работа па кантролі за выкананнем патрабаванняў аховы працы праводзіцца пастаянна. Адзначу, што на прадпрыемствах раёна працуюць 182 грамадскія інспектары па ахове працы і 38 грамадскіх камісій. Не буду спыняцца на праблемных пытаннях, хаця іх хапае, а са станоўчага боку адзначу работу, якая праводзіцца на ПВУ ААТ «Мілкавіта», зноў жа ў лясгасе і запаведніку.
Канешне, калі гаварыць аб усіх адгалінаваннях дзейнасці аб'яднання прафсаюзаў, то пытанняў будуць дзесяткі. Зроблена шмат, але яшчэ больш варта зрабіць. Таму з новымі ідэямі рухаемся далей. Няхай праца кожнага будзе запатрабавана і ацэнена па вартасці, прыносіць радасць і дабрабыт. Няхай гэтыя веснавыя дні напоўняцца шчасцем, дадуць новы зарад бадзёрасці і аптымізму. І каб у сэрцы кожнага жыла вясна, у душы квітнеў май.
Н. МАЛАШ, старшыня Хойніцкага раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў.
Мяняюцца часы, з’яўляюцца і знікаюць святы ў календары, але Дзень працы – гэта тое свята, якое прайшло выпрабаванне часам і праз дзесяцігоддзі пранесла ідэю...