Пастаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў налічвае ў сваіх радах больш за 10 тысяч чалавек. Пра яго работу карэспандэнт “Пастаўскага краю” гутарыць са старшынёй Інай Аляксееўнай Далецкай.
— Іна Аляксееўна, сваім прафесійным святам прафсаюзы лічаць Першамай. Як яго адзначылі сёлета? — Ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзіліся ў раёне, члены прафсаюза прынялі самы актыўны ўдзел. Найбольш масава і арганізавана прайшла маёўка, прымеркаваная да адкрыцця летняга сезона на спартыўна-турыстычным комплексе “Азёркі”, і конкурсная праграма “Наша прафесія — наша жыццё” ў Варапаеўскім гарпасялковым Доме культуры. У гэтых мерапрыемствах былі задзейнічаны як члены прафсаюза, так і самі старшыні прафсаюзных арганізацый.
— У свой час маёўкі сыгралі значную ролю ў стварэнні аб’яднанняў работнікаў, якія абаранялі іх правы. Цяпер гэту функцыю ўзялі на сябе прафсаюзы? — Сапраўды. Наша дзейнасць і спецыфіка шматгранныя. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў сочыць за строгім выкананнем пагаднення паміж раённым выканаўчым камітэтам і саветам наймальнікаў, садзейнічае развіццю і ўмацаванню сацыяльнага партнёрства, робіць усё для таго, каб як найбольш работнікаў з’яўляліся членамі прафсаюза (асабліва ў арганізацыях недзяржаўных форм уласнасці), праводзіць маніторынг праблемных пытанняў: па выплаце заработнай платы, сацыяльных гарантыях, ахове працы і інш. Мы імкнёмся забяспечыць членам прафсаюза ўсебаковую прававую і інфармацыйную падтрымку.
— З гэтай мэтай і праводзяцца прававыя прыёмы? — Прававая абарона — адзін з асноўных кірункаў нашай дзейнасці. Як правіла, такія прыёмы праходзяць кожны апошні чацвер месяца. Яны запатрабаваныя. Галоўныя прававыя інспектары розных галіновых прафсаюзаў даюць кампетэнтныя адказы на ўсе пытанні, якія хвалююць людзей. А яны датычаць як працоўнага, так і жыллёвага, сямейнага, грамадзянскага, зямельнага заканадаўстваў.
— Апошнім часам фармат прыёмаў крыху памяняўся? — Так. Калі раней яны праводзіліся толькі ў раённым аб’яднанні, то цяпер прававыя інспектары выязджаюць на прадпрыемствы, у арганізацыі, што больш зручна для работнікаў. У верасні мінулага года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падпісала пагадненне аб узаемадзеянні з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. Цяпер на прыёмах прысутнічаюць і прадстаўнікі пракуратуры. Гэта павялічвае эфектыўнасць юрыдычных кансультацый. Інфармацыя, якая паступае ад грамадзян, прымаецца да ведама, аналізуецца, становіцца асновай для прыняцця адпаведных рашэнняў не толькі грамадскай арганізацыяй, але і дзяржаўнымі кантралюючымі органамі.
— Не менш важнае пытанне — ахова працы. — Тэхнічныя інспектары працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі рэгулярна праводзяць праверкі, падчас якіх выяўляюць парушэнні заканадаўства аб працы, прымаюць удзел у расследаванні няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У красавіку ў нашым раёне працавала рэйдавая група прававых тэхінспектараў. Яны пабывалі на многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна і канстатавалі той факт, што на некаторых з іх удзяляецца недастаткова ўвагі правілам і нормам аховы працы. Сярод асноўных парушэнняў назвалі адсутнасць у работнікаў сродкаў індывідуальнай аховы і спецадзення, парушэнне тэхнікі бяспекі пры абслугоўванні і рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. Па выніках праверак праведзены семінар-вучоба для спецыялістаў па ахове працы і грамадскіх інспектараў.
— Іна Аляксееўна, а яшчэ прафсаюзы вялікую ўвагу надаюць аздараўленню працоўных. — У Беларусі дзейнічаюць 13 прафсаюзных здраўніц, якія прадастаўляюць членам прафсаюза 25-працэнтныя скідкі на аздараўленне. Многія пастаўчане скарысталіся такой магчымасцю і паправілі ў іх сваё здароўе. Жадаючыя палячыцца і адпачыць могуць звяртацца ў раённае аб’яднанне прафсаюзаў па кансультацыі і пуцёўкі.
> Пастаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў налічвае ў сваіх радах больш за 10 тысяч чалавек. Пра яго работу карэспандэнт “Пастаўскага краю” гутарыць са...