Раённая вялікая дыктоўка па беларускай мове, ініцыятарам якой выступае Кобрынскі райвыканкам, адбылася 3 мая. Дырэктары вучэбных устаноў, кіраўнікі аддзелаў і падраздзяленняў райвыканкама забыліся пра клопаты і свае пасады і засяродзіліся на тэксце дыктоўкі, якую чытала загадчык ДзВМУ “Кобрынскі раённы вучэбна-метадычны кабінет” Таццяна Петруковіч.
Тэму дыктоўкі абумовіла юбілейная дата вядомага беларускага паэта-песенніка Уладзіміра Карызны. Сёлета яму спаўняецца 80 гадоў. Заслужаны дзеяч Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, адзін з аўтараў Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь – гэта далёка не ўвесь спіс заслуг гэтага таленавітага чалавека.
Усе работы былі зашыфраваны, таму настаўнікі беларускай мовы, якіх запрасілі з розных школ горада правяраць, нават не здагадваліся, каму ставілі той ці іншы бал.
Удзельнікі прызналіся, што адчулі сябе нібы ў школе. Іван Даўжук, які ў 2017 годзе быў у ліку лепшых, прызнаўся, што хваляваўся не менш, чым у мінулы раз.
Пакуль работы правяраліся, гасцей запрасілі на мерапрыемства ў актавую залу, дзе вучні школ горада і раёна ў розных формах: праз песні, вершы, тэатральныя замалёўкі пацвярджалі адну галоўную думку: беларуская мова – багатая, прыгожая, мілагучная.
І вось настаў самы доўгачаканы момант. Намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык разам з Таццянай Петруковіч аб’явілі лепшых у дыктоўцы. Імі сталі галоўны рэдактар газеты “Кобрынскі веснік” Раман Мельнік, начальнік аддзела ЗАГС Марына Ляўчук, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Кобрынскага райвыканкама Алена Блюднік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Жук і старшыня РК ГА “БРСМ” Марына Палявода. Ім былі ўручаны дыпломы, а жадаючыя змаглі забраць свае работы на памяць.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.