Еўразійскі эканамічны саюз павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў.
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Сочы. Кіраўнік дзяржавы ў якасці паспяховага этапу сумеснай работы краін у ЕАЭС адзначыў распрацаваны праект палажэння аб статусе дзяржавы-наглядальніка. «Але нельга рабіць неабдуманых крокаў, асабліва, калі краіны не гатовы да ўстанаўлення больш цесных кантактаў з нашай арганізацыяй. ЕАЭС павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь пад-трымлівае прыняты лічбавы парадак дня Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года. «Гатовы ўдзельнічаць у ініцыятывах у сферы лічбавага гандлю, электроннай лагістыкі і лічбавых транспартных калідораў. Неабходна стварыць сумесныя тэхнічныя і прававыя ўмовы, якія даюць магчымасць аб’ядноўваць нашы нацыянальныя сістэмы ў інтэграцыйныя лічбавыя платформы», — сказаў ён.
Дагаворна-прававая база ЕАЭС пастаянна ўдасканальваецца. Так, завершана ўзгадненне праекта пагаднення аб міжнародных дагаворах з трэцімі дзяржавамі, арганізацыямі і інтэграцыйнымі аб’яднаннямі. «Важна, каб гэты дакумент не стаў сухой інструкцыяй, а надаў новы імпульс перагаворным працэсам з нашымі партнёрамі — як падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана, патрэбнымі для нас партнёрамі. Я ў гэтым плане яго падтрымліваю», — звярнуў увагу беларускі лідар. «Наш інтэграцыйны праект будзе развівацца толькі пры выкананні чатырох асноўных свабод, якія замацаваны ў Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Вельмі важна цаніць і выконваць дасягнутыя дамоўленасці…» — заявіў Прэзідэнт.
blr.belta.by.